— Антон!..
— Ну што? Ідзі сюды…
З завалочанага хмарамі неба сыпаў дробны сняжок.
18
Антон чакаў Зоську — а што яму яшчэ заставалася, не бегчы ж наўздагон за гэтым баламутам-сяржантам. Вядома, і сяржант, і Зоська цяпер былі яму непатрэбны. Здаецца, ён выкруціўся з найбольшае бяды, адкараскаўся ад самасуду, уцалеў ад паліцэйскай кулі і нават займеў вінтоўку забітага на рэйках Салея. З Зоськай, напэўна, усё ўжо скончана — нашто яму Зоська? Хаця… Хто ведае, што будзе далей, але вось яна выбегла з-за хвоек з залітай крывёю шчакой, і нешта ў Антона хваравіта сцялася ад аднаго толькі выгляду яе прывабнага, а цяпер перакошанага балючай грымасай твару.
— Бінт ёсць?
Бінта, аднак, у яе не аказалася, у яго таксама не знайшлося ў кішэнях нічога здатнага для перавязкі. Трэба было разадраць што-небудзь з бялізны, але не распранацца ж тут, пад носам у паліцаяў. Перш за ўсё належала зашыцца ў лесе, калі пашчасціла ўжо адарвацца ад даганятых: кожная хвіліна была дадзена Богам для паратунку.
— Во чорт! — вылаяўся Антон, услухоўваючыся ў недалёкія, на ўзлеску, галасы паліцаяў, — яшчэ, чаго добрага, кінуцца па слядах. Зоська ўсё заціскала далонню рану, трудна дыхала, і ён схапіў яе за руку.
— Як? Трываць можаш?
Яна нешта сказала, але ён не пачуў і павалок яе праз хвойны гушчар далей ад узлеску, у глыб гэтага маладога хвойніку, пакуль той не абклалі паліцаі. Абкладуць, тады зноў прабівайся з боем, што можа скончыцца новай крывёй, калі не пагібеллю абаіх.
Але неяк нечакана хутка хвойнічак скончыўся, яны выбеглі на рэдкаваты ўзлесак, і Антон дазволіў сабе спыніцца, каб перавесці дыханне. Зоська адразу ўпала на прысыпаны снегам мох, а ён спярша агледзеўся. Наперадзе ляжала нешырокае снежнае поле, зводдаль цямнелася паласа новага ўзлеску. Разглядзець яго здалёк было цяжка — густа сыпаў снег. Але снег цяпер, можа быць, дарэчы, падумаў Антон, ён схавае сляды, замгліць, дасць уцячы ад пагоні. Трохі аддыхаўшыся, Антон павярнуўся да Зоські, якая, схіліўшы галаву, бокам ляжала між хвоек.
— Ну, ты як?
Яна не адказвала, толькі, сціскаючы зубы, ціха стагнала. Плячо яе плюшавага сачка было ў крыві, хустка з правага боку таксама прамокла загусцелай плямай крыві, на якую наліпалі сняжынкі. Антон прысланіў да сухога сучка вінтоўку і рашуча расхінуў свой кажушок. Выцягнуўшы з-пад світэра падол сподняй кашулі, ададраў ад яе нешырокі шкумат і прысеў перад Зоськай.
— Ану дай!
Здаецца, усё ж дзяўчыне пашэнціла — куля трохі зачапіла галаву, а калі б узяла глыбей, дык перавязка ўжо не спатрэбілася б. Моршчачыся ад крыві, якая ўсё сачылася з раны, Антон абматаў свой шкумат па залепленых снегам і крывёй валасах, як-колечы завязаў канцы, Зоська, дужа збялеўшы, ціхенька стагнала, яе правае вока, брыво і нават шчака заплывалі мяккай сінюшнай пухлінай. Перавязваючы яе, Антон увесь час адчуваў нейкае дзіўнае, непадуладнае яму пачуццё, перамешанае са спагадай і амаль неадольнай фізічнай гідлівасцю.
— Нічога! — слаба суцешыў ён, скончыўшы перавязку. — Галоўнае — ногі цэлыя! Куды-небудзь дойдзем.
Яна сама асцярожна завязала на ягоны ласкут сваю хустку, ад чаго яе галава стала нязграбна-вялікай. З Антонам яна не размаўляла, відаць, ледзьве адольваючы боль, і ён не даймаў яе роспытамі. Ён болей услухоўваўся ў невыразныя гукі лесу і аднастайны шум хвой, з трывогай ловячы галасы паліцаяў. Але тыя, мабыць, адсталі, лес быў спакойны, роўна шархацеў снег па кажушку на плячах.
— Як, ісці можаш?
Замест адказу Зоська зрабіла нямоглую спробу падняцца, і ён падаў ёй руку, памог стаць на ногі.
З кароткімі супынкамі яны перайшлі поле і ўперліся ў новую сцяну хвойніку, якая рабіла тут плаўны выгінасты паварот, як Зоська раптам спынілася, пераламалася ўся на сярэдзіне, і Антон, азірнуўшыся, зразумеў: яе бралі ваніты. Пакуль яна скаланалася ў сутаргах, ён разгублена стаяў насупраць, думаючы, што як бы не давялося несці яе на плячах. Але не давялося, Зоська пакрысе абціхла, выпрасталася, і яны пайшлі далей. Праўда, яна ўвесь час адставала, змушаючы Антона прытрымліваць свой крок, і ішла нібы п’яная, спатыкаючыся, гатовая на кожным кроку ўпасці. Руку не апускала ад галавы, глядзела адно сабе пад ногі, адставала, і Антон цярпліва чакаў яе ў часе супынак, калі яна дагоніць яго. Напэўна, ёй трэба было б адпачыць, але ён імкнуўся адысці як мага далей ад чыгункі, а пасля… Але ён і сам мала разумеў, што будзе пасля.