Выбрать главу

Галіна ТВАРАНОВІЧ

ПАЙСЦІ, КАБ ВЯРНУЦЦА

З ЗАПІСАЎ ВУЧАНІЦЫ

1969

12 ліпеня

Хачу распачаць нарэшце сапраўдны дзённік. Шмат такога ўва мне ёсць і з мяне просіцца, пра што нельга сказаць, каму б там ні было. Як часта незразумелая, зацяжкая для іншых! Але ж часта і для сябе! Спадзяюся, што гаворка з гэтым сшыткам дапаможа пазбыцца чужога і адкрыць сябе ў сабе ...

14 ліпеня

Галоўнае ў выхаванні характару умацаванне сілы волі, што магчыма толькі ва ўпартай барацьбе з цяжкасцямі. І няхай яны, на першы погляд, нават нязначныя, непрыкметныя, але ж усё роўна, каб іх пераадолець, патрэбны высілак. Нельга - ніколі! - тое, што можаш зрабіць сёння, адкладаць на заўтрашні дзень. І рабіць мусіш не толькі тое, што хочацца, але найперш тое, што трэба. Імкнуцца ніколі не адыходзіць ад дадзенага слова або не абяцаць увогуле. Ці здолею так?! Разумець адно, а вось адпавядаць...

20 ліпеня

Сёння радасць: у раёнцы надрукавалі “Маю Пціч”! “Глядзіш на Пціч і здаецца, што нейкае дзяў- чо згубіла сярод пчалінага гуду, мурожных лугоў сіненькую стужку, а тая ад ветрыку захвалявалася, загойдалася.

...Люблю Пціч. Яна заўсёды ў маім сэрцы. Застылі, пільна ахоўваючы яе спакой, моцныя, каржакаватыя дубы - дрэвы гордыя, непакорныя вятрам, спякоце, імкліваму руху часу. Дзесьці ў галіністых, зялёных кронах іх жылі раней добрыя феі, даверлівыя русалкі. Летнімі вечарамі спускаліся яны на зямлю і вадзілі па шаўкавістым лузе за ракой вясёлыя карагоды. Ролю музыкаў выконвалі тут цвыркуны ды ціха перашэптваліся абуджаныя са сну кветкі. А каб ніхто не падгледзеў забаў летуценніц, клапатлівая ноч старанна ахінала луг цёмна-сіняй смугой...

Гэта казка майго маленства, у якую верыла ра­ней. У якую хочацца верыць і зараз, бо разам з ёй нарадзілася любоў да родных даляглядаў.

Кожны год Пціч перажывае дзве маладосці. Вясною, калі будзяць яе цёплыя вятры, напружваецца, трашчыць ледзяны панцыр. І пачалося - алешыны, дубы ужо не сухапутныя, а дрэвы ў - “моры”. Лёд ззяе на сонцы каштоўнымі дыяментамі. Пціч пеніцца, незадаволена бурчыць, лагодна плюскоча. У такія дні яна імянінніца. Але адцвітаюць чаромха, далікатныя канваліі па берагах, і куды падзеліся неспакойны характар, моц... Калі жаўцее лісце, адміраюць кветкі, Пціч зноў збірае сілы. Але, мабыць, зашмат растраціла вясной, і таму другая маладосць яе непрыкметная, нават панурая...

Раздолле на Пцічы ўлетку. Плёскайся, колькі душа пажадае, а пасля - у гарачы залацісты пясок. Захацелася ў цяньку з кніжкай пасядзець - калі ласка. Рыбку палавіць таксама нішто не замінае. Але чуецца ў плюскаце Пцічы скарга, бо дно тоіць шкло, бляшанкі: “Глядзіце, людзі, любуйцеся сваёй абыякавасцю”.

А хочацца, каб Пціч заўсёды ўпрыгожвала родныя мясціны, прыносіла ўсім радасць, здароўе. Кожнаму з нас трэба праяўляць больш адказнасці ў адносінах да воднай прыгажуні.

Якая ж я шчаслівая, што ад нараджэння жыву амаль на беразе цудоўнай ракі. Немагчыма мне было нарадзіцца ў іншым месцы...

12 жніўня

Дакладна ўчора выказаўся за сталом Анатоль Гаўрылавіч: “Можна выкінуць за вакно гнілы памідор ці агурок, але ж нельга тое зрабіць з чалавечым жыццём, нават самым папсаваным”.

25 жніўня

Ужо прачытаны ўсе праграмныя кнігі па беларускай і рускай літаратурах. Не адарвацца было ад “Героя нашего времени” Міхаіла Лермантава. Які складаны характар у Пячорына!.. Боязна было б спаткацца з такім чалавекам вочы ў вочы, але ж ён і не заўважыў бы мяне... Уразіў “Сірочы хлеб” Янкі Брыля. Галоўны герой з такім прыгожым імем - Данік! Данік Малец жыве ў заходнебеларускай вёсцы, як некалі сам пісьменнік. У чымсьці ўнутраным ён незвычайна мне адпавядае.

1 верасня

“Званок - жаўрук вясёлы\ За парты кліча нас, \ Дзень добры, наша школа!\ Дзень добры, светлы клас!” Першы дзень у школе пасля нібы самых доўгіх канікул... Як заўсёды, святочна, мітусліва. Побач з першакласнікамі разумееш: мы ўжо такія дарослыя!

30 верасня

Заўтра Дзень настаўніка. Шкада, што з Аннай Дзянісаўнай ужо не павітаешся на школьным калідоры. У Мінску вучыць мове, арыфметыцы другакласнікаў нейкай сталічнай школы. Як жа нам пашанцавала быць чатыры гады яе вучнямі! Першая мая настаўніца, прыгожая, добрая. Паслала паштоўку.

11 кастрычніка

У космасе зноў савецкі чалавек - ура, ура, ура!!! Камандзір карабля Шонін, бортінжынер Кубасаў. “Саюз-6” выйшаў на арбіту ў 14.15 маскоўскага часу. Памятаецца, якое здзіўленне і незразумелая радасць поўнілі, калі свежым красавіцкім днём на халькоўскай вуліцы ля мамінай радзіннай хаты я, яшчэ дашкольнае дзіця, слухала голас Левітана. Упершыню ў космасе чалавек! Савецкі чалавек! Тады назаўсёды стала дарагім імя - Юрый Гагарын.