О, каб я магла зрабіць людзей шчаслівымі, каб ведала, што жыццё маё прынясе карысць ім, дык не думала б пра асабістае шчасцейка... Супярэчнасці раздзіраюць.
10 сакавіка
Адзінота памагае засяродзіцца. У юнацтве яна, мабыць, неабходная кожнаму, як дождж, выклікае рост думак. Чытаю Вікенція Верасаева. У яго вельмі псіхалагічныя рэчы. Падабаюцца. Леанід Андрэеў таксама зацікавіў. Увогуле ж у Верасаева знайшла сугучча сваім адчуванням, нібы штосьці праясняецца, але не магу знайсці словы, каб акрэсліць дакладна, што ж менавіта... Воля. Рабіць тое, што трэба. Не губляць дарэмна часу, які сапраўды золатам. Сабраць сябе ў кулак. Больш патрабавальнасці да сябе - менш да іншых. Больш назіральнасці. Самастойнасць.
15 сакавіка
У клубе была сустрэча з пісьменнікамі з Мінску. Рашылася і падыйшла да Станіслава Пятровіча Шушкевіча са сваім альбомам, ужо ў школе-інтэрнат. Прагледзеў мае выразкі з газет і так упэўнена сказаў, што я магу стаць “творчым працаўніком”. Далучыўся да яго Алесь Махнач. Шушкевіч увогуле бачыць ува мне будучага беларускага празаіка!
А мне сорамна! Страшэнна сорамна! Няма ж ніякіх здольнасцей - ёсць толькі праца. Падманваю людзей. Жах! І нейкая нотка-муха пры тым нас- тойліва гудзе: “Усё ж, маўляў, пахвалілі, ах, якая ты разумная, здольная”. І ад гэтага яшчэ агідней. Ненавіжу сябе. Вучы ўрокі! Прыхварэла, ну і што, а Мікалая Астроўскага памятаеш?!.
17 сакавіка
Увесь час здаецца, што я ў даўгу перад некім чыстым, светлым... Цяпер найпершая праблема ў матэрыяльным жыцці - выбар факультэту. Філасофія? Журналістыка? Філалогія?
Як цяжка выпрацаваць у сабе ўменне тактоўна абыходзіцца з людзьмі. Не толькі элементарна ветліва, а ў самых тонкіх нюансах. Навучыцца стрымліваць парывы, міміку твару. Навучыцца бачыць людзей і тады, калі ў цябе гора і калі вялікая радасць. Каб дасягнуць гэтага, трэба сачыць за кожным жэстам, словам. Менавіта так: узяць сябе ў рукі. Патрабавальнасць да сябе. Не сыходзіць да дробязей, а падымаць іх на ўзровень значнага. Чалавек складаецца з клетак. Так і дробязі ўтвараюць цэласнасць. Значыць - увага і яшчэ раз увага.
Вясна. Мілая, сціплая дзяўчынка. Пакуль яшчэ падлетак, а хутка вырасце ў дзяўчыну, накіне на галаву, на плечы калярова-зялёныя вянок і фату, адурманіць, захмяліць сваімі незвычайнымі водарамі... Усё ж як гэта здорава - жыць!!!
24 сакавіка
Трэцяя чвэрць фінішыравала! Яшчэ ледзь-ледзь
і адсунецца ўбок школьнае жыццё, хоць я і сама ад яго адсоўваюся... Неяк няўтульна жыць. Адусюль вострыя вуглы. Праз два дні выбіраюся разам з І. у Мінск. Трэба ўрэшце вызначыцца з факультэтам! Зайсці ў “Піянер Беларусі”. Добра было б купіць пласцінкі з музыкай Грыга і Вагнера. І яшчэ ж выезд у Магілёў на 5-ты з’езд (?) пачынаючых паэтаў і празаікаў.
2 красавіка
Ужо дома. Закончылася маё “турнэ”. Як добра вярнуцца дадому... Ці задаволеная выездамі? Парушыліся мае планы, але не мары. Што ж, філасофія застанецца захапленнем. Урэшце, яе ж вывучаюць на кожным факультэце. Матэматыкай на шляху да паглыблення ў філасофію мне займацца не выпадае. Значыць - філалагічны. Ці паступлю... Злётам задаволеная. Хочацца пісаць, каб і радкі прозы гучалі музыкай, былі ў сабе паэзіяй. Аляксей Пысін - добразычлівы, светлы чалавек. Памятаю яго са святкавання 50-годдзя Івана Данілавіча, калі і ён быў у Дараганаве, выступаў у клубе. Яны ж сябравалі. І з ліпеня 1969 няма ўжо Івана Данілавіча! У Мінкавічах сваіх Старадарожскіх пад дубамі спачывае Янка Непачаловіч... Удзячная лёсу, што яшчэ да пераезду ў Мінск далося тры гады ў яго літаратурным гуртку пазаймацца, “Золак” выпускаць.
8 красавіка
Што ж мне, беднай, рабіць?! Румзаю. Ісці на здзелку з сумленнем? Анекдатычна на першы погляд. Кума. Папракаюць у тым, што адмаўляюся ад сваякоў, лічу сябе лепшай за ўсіх. Але ж я камсамолка. Ліда і Віця пакрыўдзяцца. Ды аб якой унутранай чыстаце можа ісці гаворка пасля царквы?! Калі быць верным нечаму, дык без хістанняў. Не, не паеду хрысціць Ігарка, хоць і пакрыўдзяцца. Хай само жыццё маю рацыю давядзе.
17 красавіка
Паштоўка ад Станіслава Пятровіча! Была фізкультура, я якраз разбягалася, каб праз каня скочыць, а паштальёнка паклікала - сказала, што з Мінску мне напісалі. Падтрымлівае мяне на духу Станіслаў Пятровіч. Запрашае званіць і заязджаць у Мінску. Дзякуй!!! О, якая радасць!
10 красавіка
Вось і пачалося ўзаемадзеянне маіх прынцыпаў з рэчаіснасцю. Дакладней, працягнулася. Адказны таварыш з ЦК ЛКСМБ, уласна інструктар, у райкоме асудзіў маю “апалітычнасць”. Ён не змог даказаць сваю слушнасць. Гаворыць як па пісанаму, але не пераконвае, не ўваходзіць у сітуацыю - слізгае па паверхні. Ён ведае, як мусіць быць. Ёсць план, згодна якога ўсе мусяць уступіць у камсамол. Незалежна ад таго, вартыя ці не. Сорам! Ладна, галоўнае заставацца вернай сваім прынцыпам, не крывіць душой.