23 красавіка
Адзначылі “Мой Гальштук” другім месцам у конкурсе “Піянера Беларусі”. Мне сапраўды вельмі важна ўсё, што звязана з маёй піянерыяй!
“Таварыш старшая важатая! Дружына імя Героя Савецкага Саюза Алега Кашавога да правядзення справаздачна-выбарнага збора гатова.
Задзіра-вецер паспешліва гартаў залатую лістоту дрэў. Над галавою - казка з воблакаў.
Помніш гэты дзень, мой Гальштук? Вядома! Ты ж быў побач з сэрцам. І твае крыльцы ўстрапянуліся, калі яно забілася барабанным пошчакам.
Помніш, мой Гальштук, якімі былі два гады да гэтага дня? Віхурыста-радасныя, клопатныя...Ты ж ведаеш - пачэсна быць наперадзе, але цяжка і адказна.
Жылі мы весела. Што значыць адно падарожжа ў краіну ЭРА - краіну Энтузіястаў, Рамантыкаў, Актывістаў! З сабою ў далёкі шлях захапілі аптымізм, піянерскі задор, песню.
У канцы падарожжа, калі нашу дружыну прызналі лепшай у раёне, “на сёмым небе” ад шчасця разам са мною быў і ты, мой Гальштук!
Дзесьці блізка, накінуўшы на плечы белы шаль, заціхлі пяшчотныя вішні. Вялізнаю рыбінай плюскатала Пціч. А на паляне раптоўна ўзнялася вогненная кветка - піянерскі касцёр.
Мой Гальштук! Цяпер, калі падрасла, я зразумела - жыццё робяць чыстымі і прыгожымі такія кастры ў душах людзей. Хто запальвае іх? Пэўна, іскрынкі жывой кветкі на паляне.
Яшчэ, мой Гальштук, у полымі на паляне я бачу трапяткога жураўля, які рвецца ў неба. Да зорак! А ў кожнага свая зорачка - мара, якая напаўняе сэнсам жыццё. Ты чуеш мяне, мой Гальштук? Мы разам прыйдзем да мары!”
14 мая
Хіба сэнс жыцця ў тым, каб задаволіць свае амбіцыі і застацца на старонках гісторыі? Якая недарэчнасць! Трэба проста жыць, быць чалавекам. Колькі людзей прайшло да мяне па жыццёвай дарозе, цяпер іду я, а колькі пройдзе пасля мяне... Што такое вядомасць? Мэта кар’ерыста, які, каб аздобіць сваю шэрасць, гатовы ісці па галовах? Сапраўды вялікія людзі проста выконваюць з любоўю сваю працу: пішуць карціны, кнігі, музыку, не думаючы пра славу. Але яна сама іх знаходзіць. А хіба ўсім суджана пакінуць автографы на вякі? Няўжо любоў, павага родных, сяброў, знаёмых не вартыя павагі?
Не ведаю, ці дасягну сваёй мэты - журналістыкі. Ну, а калі што, пайду працаваць у школу. Лепш добры настаўнік, чым кепскі журналіст. Галоўнае - быць на сваім месцы.
17 мая
Сяджу над урокамі, а за вакном - насычаная гукамі ноч. Салавей. Мілая птаха кліча ва ўтульныя пакоі цемнаты. Працуе дзесь трактар, б’юцца аб шыбы жукі. І салавей заліваецца, трэба ж, недзе зусім блізка, хіба ў вішнях напрыканцы саду...
Экзамены! Мае нервы не вытрымаюць. Гэтай вясной неяк асабліва ўспрымаецца прыгажосць, а прасякацца ёю нельга! Няма часу. Салавей - маленькая шэрая пташка, а колькі радасці ад яго людзям! Сапраўды выводзіць на нейкі момант з вузкай, ухабістай каляіны... Да канца школьнага жыцця - дзевяць дзён! Мне страшна, баюся такой блізкай ужо перамены абставін. Вынасілася старая вопратка, а новая яшчэ не гатовая. Матэрыял ёсць, а вось кравец з мяне няважны. Вырасла з аднаго, а не дарасла да наступнага...
23 мая
Працаваць над сабой, сабраць у адну кропку ўсе сілы. Вырашаецца пытанне аб тым, ці не надарма пражыты мае сямнаццаць гадоў. Сямнаццаць - гэта ў сярэднім чвэрць жыцця. А магу я смела адстойваць свае прынцыпы? І ці ёсць увогуле яны ў мяне?! Ці сыходзіць ад мяне цяпло? Патрэбная я каму? Ці гатовая да выпрабаванняў, ці не зламаюся? Мне трэба жыць правільна. Галоўнае - праўда, сумленнасць перад сабой, каб не хапацца за туман. Унутраная чыстата і знешняя - адна прамая. Паляпшаць сябе можна толькі праз дапамогу іншым. Смялей у змаганні за праўду - яна ж аснова ўсяго.
25 мая
Сёння свята апошняга званка!!! Плачце і трыумфуйце народы! Ну, я ж-то буду румзаць. Даводжу сябе да ладу. Прыкрае пачуццё пустаты - насоўваецца няўхільна. У апошні раз на ўрокі ў школу...
Ён празвінеў у апошні раз. На лінейцы трымалася. Толькі віншавальная тэлеграма ад Анны Дзянісаўны расхвалявала: “Слаўныя мае...”. Заўсёды нас так называе дарагая першая настаўніца. Трымалася і тады, калі дзяўчынка-першакласніца падбегла з букецікам канвалій. Ну, а пасля расплакалася. Соладка так. Палягчэла. Слёзы аб мінулым, учарашнім. Дзіўна, але цяпер знікла адчуванне пустаты. Добра ведаю, што мне рабіць заўтра і пасля два месяцы. Вось жа ўчора і сёння да званка хандрыла. Вучыць, вучыць, вучыць... Закончаны дзесяты клас - дайшла і да канца гэтага сшытка, да вокладкі. Колькі ведае мой дзённік - і добрага, і кепскага. З табой, мой дарагі Дзённік, заўсёды шчырая. Мае сумненні і трывогі найперш патрабуюць цябе. Радасць радзей просіцца на старонкі. Радасць, поспехі трэба несці людзям. А вось горыч, няўпэненасць, песімізм трымаць пад панцырам. Пасталела аднак, што даносяць і два сшыткі дзённіка. Шкада распачынаць новы. Трэба ляпіць, ствараць сябе. Жыць толькі для сябе - эгаізм.