Выбрать главу

27 мая

Cognosce te ipsum! Так, пазнай сябе. Першы запіс у новым сшытку.

Білеты зусім не паддаюцца. У галаве пустата. Здаецца ж цалкам гатова да ўспрыняцця новага і да паўтарэння, а штосьці пры тым замінае. Бегаю ад стала да стала. Можа месца не арганізуе ўвагу? Ладна, змушу сябе. Ведаю, што калі мозг працуе нібы ўхаластую, дадаецца штосьці важнае да душы.

Сёння ўвогуле радасны дзень. Тры гады ў камсамоле! Помню, як хадзіла за Валянцінай Іванаўнай, каб даражэнькая важатая дазволіла сямікласнікам уступіць у ЛКСМ. Яна ж дала мне і рэкамендацыю. Спадзяюся, што ніколі не пашкадуе аб гэтым. Я кожны раз з хваляваннем бяру свой білет. І веру, што ніколі не стану абыякавай да яго, што заўсёды ў сэрцы будзе ўзнікаць хваля пяшчоты да чырвонай кніжачкі. Цвёрда ведаю, што галоўнае быць сумленнай. Праўда, справядлівасць, а ў засені іх дабрыня, якая не мае межаў. Як хочацца крыкнуць: “Людзі! Будзьце добрымі адзін да другога”. Калі б можна было як горкаўскі Данка да святла - пракласці шлях да паразумення ўсіх. Я хачу шчасця людзям больш, чым сабе. Цяпер адчуваю, што ў гэтым найвялікшае маё шчасце. У гэтым сэнс жыцця. Калі б кожны прыняў, як закон, імкненне да шчасця іншых, не было б хандры, суму, паныласці. Няма патрэбы гаварыць высокія словы на кожным кроку. Іх бляск можа сляпіць так, што не ўбачыш таго, што вакол і побач. Не летуценіць, а быць удзельнікам жыцця. Не пасіўным назіральнікам, а актыўным змагаром: “Лишь тот достоин жизни и свободы, кто каждый день на бой идёт за них”.

І яшчэ сёння адна вялікая падзея - Масква! Яна стала бліжэй да нас, як скарацілася адлегласць да сталіцы. Праз Дараганава ад сёння ідзе цягнік “Масква - Баранавічы”. Масква! Святое імя. Хачу ў Маскву. І баюся. Баюся, што не вытрымаю ра- дасці сустрэчы. Смешна ніба, але ж шчыра.

31 мая

Заўтра - першы экзамен. Сачыненне. Упэўненая, што напішу кепска, не ў належнай форме. Нават няма настрою чытаць крытыку. Увогуле хутчэй бы праляцелі гэтыя дваццаць чатыры дні!

Хочацца з’ехаць з дому. Трэба разабрацца ў сабе, а звыклыя абставіны трымаюць у ранейшым. Каханне, маё горкае каханне... Як добра, што ты ёсць. Няхай боль, пакута, але ж гэта шчасце, шча­сце - кахаць. Момантамі нясцерпна цяжка. Калі раней супакойваў Грыг, дык цяпер ратуе Бетхо­вен...

1 чэрвеня

Сачыненне напісана. Пачуццё, нібы урок адбыла. Прыйшла звычайна ў школу, пра кветкі клапацілася... Трымала сябе. Толькі, калі адкрывалі канверт з тэмамі, унутры закалацілася. “Я - грамадзянін Савецкага Саюза”. Тэма цяжкая сваёй неабсяжнасцю. Незадаволеная напісаным. Але ж ёсць сілы рыхтавацца да гісторыі і грамадствазнаўства. Быць стрыманей!

Проста любіць людзей высакародных і моцных, добрых і разумных. А вось паспрабуй палюбіць іх подленькіх і труслівых, жорсткіх і хітрых. Палюбіць за тое, што людзі яны. І гэтай любоўю выпалі кепскае, а на попеле вырасці вартае чалавека. Вось гэта любоў. А сюсюканне і доўгія размовы ні аб чым - проста здрадаю. Не абыходзіць бруд, а ачышчаць ад яго душы. Пакуль няма сіл жыць так. Але мушу зрабіць усё, каб людзі побач са мной рабіліся лепшымі. Маральны абавязак - любоў да жыцця. Няхай хандра часам захліствае, але гэта на карысць. Каб сябе самаё спазнаць, трэба мець самы розны вопыт. Увогуле ж прага жыцця ў самых розных выявах. Я радуюся ёй, вітаю і болей таго - раздзьмухваю яшчэ болей любоў да ўсяго: музыкі, дажджу, пчол, кветак, травы... У якой прафесіі ні сцверджуся, а буду найперш Чалавекам. Не ведаю, чаго змагу дасягнуць. Праца і сіла волі. Галоўнае быць сумленнай з людзьмі і сабой. І стражэй, стражэй ацэньваць свае ўчынкі. Дакладна ведаю: дабрыня і сіла волі непадзельныя. Толькі моцны можа быць добрым, а не добранькім.

2 чэрвеня

Сёння з Моцартам. А учора - Бетховен. Нічога не магла слухаць апрача 40-ой сімфоніі - свежасць раніцы, іскрыстыя колеры. У Бетховена - глыбокія, вагомасныя тоны. У Моцарта - празрыстыя, лёгкія.

Пахвала патрэбная. Шчырая - ацэнка руху наперад, вынік працы. Але пахвала найчасцей падобная на імгліста-падманлівае святло месяца. Калі холадна, дык не сагрэе. Толькі настойліваю працай дасягаюцца сапраўдныя сонечнасць і цяпло. Цвяроза і аб’ектыўна падыходзіць да сваіх магчымасцей і вынікаў!

І што за беспрасветная хандра, туга находзяць на мяне?! Быццам марскія прылівы. Праз вызначаны час першыя сімптомы, а пасля і ўлада болю. Люблю жыццё, а ў такія моманты здольная кінуцца ў бездань. І чым большай была радасць, тым глы­бей, усеахопней боль. Ува мне два кантрастных чалавекі. Адна частка мяне высакародная, чыстая, а другая - пошленькая, часам дробязная, страшэн- на нягеглая. І змагаюцца між сабой, а найчасцей перамагае якраз другая. Слабачка я!