Выбрать главу

7 чэрвеня

Каб адчуць радасць, трэба згубіць рэч, перахвалявацца, а потым знайсці яе. Людзі не ўсведамляюць свайго шчасця, а толькі страціўшы яго, становяцца відушчымі. І шукаюць, шукаюць... Па сачыненню - 5/5, па гісторыі і грамадствазнаўству 5. Пакуль, здаецца, лёгка ідзе. Засталося самае страшнае. І на экзаменах, і ў жыцці.

Чалавек мае патрэбу ў дачыненнях з рознымі людзьмі, з рознымі характарамі, бо так найглыбей праяўляецца індывідуальнасць. Абуджаецца тое невядомае, што прыхавана за звыклым. Чым багацей унутрана чалавек, тым шырэйшае ў яго кола сяброў. І тут узаемная сувязь: ты людзям - людзі табе.

Няма ідэальных людзей. І ідэал паняцце адноснае, але без ідэалаў жыць нельга. Ідэал - чалавек, у якім больш, гусцей, чым у некім іншым, канцэнтруюцца рысы, якія неабходна напрацоўваць кожнаму.

Добра, мушу старанна, прадуктыўна вучыць фізіку. Універсітэт... ці вартая я ўніверсітэта?.. Ну, зубрыць. І воля, воля, кантраляваць кожны жэст, рух.

12 чэрвеня

Па фізіцы пяцёрка! 32-градусная гарачыня, якая адурманьвае, а трэба вучыць хімію.

Надвячорак. Што за новыя адчуванні? Мне раптам захацелася сына. Каб ён увайшоў у жыццё праз гадоў сем. І каб ён ганарыўся мамай. І мама ім. Сын... Маленькі мужчына. Накатвае хваляю мара аб утульным шчасці дома. Аб хлопчыку з бясконцымі пытаннямі. Дзіўна. І што гэта сёння... Будзе шчасце, будзе. Павінна быць, а калі не... Але ж лепш марыць і быць пэўнаю ў добрым.

24 чэрвеня

Экзамены здадзены. Геаметрыя - 5. Але чамусьці няма радасці, ад якой лёгка, крылата. Вучыла, як магла, наколькі ў маіх сілах. Усё адно пачуццё незадаволенасці.

Як здорава, што выйшла пастанова аб п’янстве. Даўно пара пачаць рашучы наступ на гэтае зло. Ледзь не скакала. Алкаголь жа псуе жыццё не толькі асобнаму чалавеку, яго сям’і, але і ўсім навокал. Цяпер бы пашырыць кола зацікаўлення людзей. Ва ўніверсітэты культуры варта было б змушаць ісці нават сілай. Калі чалавек вучыцца хадзіць, робіць першыя крокі, падае, б’ецца. Але ж гэта непазбежна. Так і з эстэтычным выхаваннем. Нічога, дойдуць у хуткім часе і да гэтага.

28 чэрвеня

Была ў Асіповічах, у рэдакцыі раёнкі. І набралася сумневаў адносна філфаку. А можа журналістыка сапраўды маё “прызванне”, як рэдактар пераконваў? І не трэба акольных шляхоў?! Заўтра выпускны вечар, а ніякай радасці і хвалявання.

30 чэрвеня

Хаджу, бурчу, ныю... Вечар прайшоў лепш, чым чакала. Заўтра сабантуй - не хачу! І сорамна: ад калектыву адрываюся. Не хочацца пісаць. Дзіўны стан, як напаўняюся чымсьці незразумелым - пакуль ці ўвогуле... Атрымала рэкамендацыю для паступлення на філфак ад старшыні Магілёскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР Васіля Матэвушава.

5 ліпеня

Дакументы ў прыёмную камісію філфака здадзены. Сёння вярнулася з Мінску. Зноў адчуваю сябе чалавекам. Вось жа непаразуменне - заўсёды “забываю” сябе дома, куды б ні паехала. У Асіповічах нават “шарыкі” ў іншы бок пачынаюць вярцецца, а пра Мінск і гаварыць няма чаго. І дакуль гэта будзе працягвацца? Праўда, цяпер трымалася лепш, але... Была ў “Піянеры Беларусі”. Літаратурны супрацоўнік Міхась Зарэмба напісаў характарыстыку на “юнага карэспандэнта Галіну С -к”. Колькі гадоў таму я за яго подпісам першы ліст атрымала? З сёмага класа ў “П/Б” пачала пісаць і ўдзячная М. Зарэмбу, бо ён жа найчасцей мне адказваў і займаўся маімі матэрыяламі.

8 ліпеня

Ненавіжу сябе! Ну, зусім не ўмею быць адпаведнай з людзьмі, пераконваць іх. Не вытравіць з сябе рабскае знізу ўверх глядзенне. Але ж адно - пакланенне перад Пушкіным, а іншае - перад тым, хто проста прымае дакументы.

У гэтым годзе не паступлю. Ведаю дакладна. Такі агромны аб’ём матэрыялу не ўлезе ў маю дубовую галовачку. Пайду працаваць важатай. Хоць, зразумела, хочацца вучыцца. І каб не дрыжэла перад прыёмнай камісіяй!..

Зноў сёння да цябе, мой Дзённік - беспрасветная хандра. Хоць бы не звар’яцець. Здаецца, што чую, як пульсіруюць нервы. І яшчэ гэтая ўпэўненасць навокал у тым, што я паступлю. Супрацьлеглая маім прадчуванням. Ёсць, пэўна ж, думкі аб тым, што атэстат нічогісты, а да яго і характарыстыкі-рэкамендацыі яшчэ. Але ж гэта толькі шансы-нюансы. Так, як звычайна, думкі пра тое, як будзе, калі стану студэнткай, і што, як не ўдасца... Розумам цвяроза ўсведамляю, што куды мне ва ўніверсітэт! Прыйшоў выклік на экзамены. 30-га ліпеня трэба быць у прыёмнай камісіі. Так, буду. А 25 жніўня паеду з Дараганава ў Асіповічы, у райком, прасіцца на працу важатай... Бо не вартая таго, каб вучыцца ва ўніверсітэце!