Выбрать главу

19 ліпеня

Ёсць людзі, адносіны з якімі, нібы ўзыходжанне на горную вяршыню... Знайшла сівы волас! Рыхтуюся да экзаменаў. Як жа несправядліва, што ўсходнія славяне раздзяліліся на беларусаў, рускіх, украінцаў. Разам былі б мацнейшымі. Адна магутная плынь, а так - тры ракі. Вось пачуццё віны перад беларускай мовай, што іду на рускае аддзяленне. Нібы здраджваю нацыянальнаму, а люблю ж сваю родную мову. Ды на яе глядзяць цяпер як на нейкі архаізм. Вакол гавораць у асноўным па-руску. Непрыемна, крыўдна. І сябе апраўдваю тым яшчэ, што беларускую ведаю лепш за рускую...

28 ліпеня

Учора былі з мамай у кіно. Калі вярталіся, яна сказала, што са мной найлепш хадзіць у клуб. Як выразна адчулася, што няма чалавека, якому б даражэй быў кожны мой уздых, мая слязінка, мой поспех. Яна дала жыццё дзіцяці-крыкуну, выкарміла сваім малаком. А цяпер як адрывае ад сэрца сямнаццацігадовага чалавека. Мілая мая ма­ма, як цяжка табе ўсе гэтыя 25 гадоў. Твая чулая душа пакутавала, стагнала. Жыццё толькі дзеля нас з братам. І як можна крыўдаваць, што ў нечым не разумела мяне, якая глытала кнігу за кнігай. Да тваіх грудзей можна прытуліцца моцна-моцна, выплакацца, скінуць цяжар перажыванняў.

У мамы глыбокі, цэласны характар, як з аднаго кавалку скроены. Яна шчасліва пазбаўлена супярэчнасцей, любіць людзей, дзейсная ў спачуванні.

Стараецца кожнаму памагчы. Пяшчота, пяшчота. Мама, люблю цябе...

1 жніўня

Як сон - няўжо за плячыма ўжо першы экза­мен... Пісала сачыненне на тэму “Я радуюсь мар­шу, которым идём...”, У. Маякоўскі. Перапрацавала школьнае экзаменацыйнае. Правяла паралелі. Школьным патрабаванням адпавядае, а ўніверсітэцкім? Вялікі запытальны знак. Можа, і памылак нарабіла. Спадзяюся, што не на “двойку” і варта рыхтавацца да вусных мовы і літаратуры.

2 жніўня

Вучыцца ва ўніверсітэце хочацца! У студэнцкую б аўдыторыю! Люблю Мінск сам па сабе і яго магчымасці для развіцця. Заўтра - экзамен. Надзей мала, але трэба ведаць, што ў барацьбе дзеля перамогі зроблена ўсё.

“Чацвёрка” па сачыненні. Не паступлю!

3 жніўня

І сёння атрымала чарговую “чацвёрку”. Здаецца, адказвала правільна, а нейкім чынам пераўтварылі ў няправільнае. Не далі адказваць, сабрацца з думкамі - не чакала такога павароту. Як пацямнела адразу ўсё навокал!

Трымаюся дзякуючы наведванню Станіслава Пятровіча. Ён вельмі добры чалавек. Сыходзіць ад яго нейкая дзіцячасць, нават нібы наіўнасць. Люблю людзей, якія захавалі на ўсё жыццё зарад бадзёрасці, непасрэднасці юных гадоў. Надзя, яго дачка, вельмі мілы чалавек. Галоўнае, што ёсць ідэалы, дабрыня і, мабыць, воля. Мы яшчэ абавязкова сустрэнемся і, мабыць, пасябруем.

6 жніўня

Па гісторыі літаральна з-за “мамы і таты” атрымала “чацвёрку”. Ну, не выракаюся я сваіх “простых” бацькоў. Няўжо няма справядлівасці ва ўніверсітэце? Адказала ж бездакорна на ўсе пытанні, а апошняе было пра бацькоў. Па гісторыі ж у школе ад пятага па дзесяты клас ніводной нават бягучай “чацвёркі” не мела. Перад дзвярыма яшчэ кансультавала дзяўчат, і чула, як іншыя адказвалі. Што ж, з’язджаць?! Вось так, з кепскімі думкамі пра людзей? Шансаў стаць студэнткай ужо няма. Але ж трэба перажыць усю сітуацыю...

7 жніўня

Мушу вучыць deutsch. Дзесяць тэм сёння - як хочаш! Не распускацца, падцягнуцца. Пойдзеш працаваць. Няўжо нельга жыць без універсітэта? Галоўнае заставацца чалавекам.

Сёння ў Шушкевічаў пазнаёмілася з сябрам Станіслава Пятровіча паэтам Сцяпанам Ліхадзіеўскім, які жыве, працуе ва ўніверсітэце ў Ташкенце. Год таму чытала ў “Полымі” аб іх сяброўстве і вось убачыла побач абодвух.

Як кепска - нікому не зразумець. Вядома, засмучае тое, што не паступіла. І - справядлівасць! Ведала, што бруду шмат, але каб у такой ступені сабрана было ў найлепшым ВНУ рэспублікі - сюрпрыз. Разгубленасць, адсцябалі па душы. Аднак па-ранейшаму належыць ісці прамым шляхам. Буду змагацца за праўду і верыць у жыццё. У 20-я гады было цяжка, жорстка, а выстаялі. І ў імя Валерыя Банівура я мушу быць чалавекам.

8 жніўня

Гэтак можна звар’яцець. Як кепска! Страшэнна кепска! Агіда. Хочацца з’ехаць дадому, ісці працаваць і не прыніжацца. Хіба зразумеюць мяне? Мушу папытацца аб справядлівасці. Нервы нібы матляюцца з боку ў бок. Балюча! Як жорстка! Калі б бачыла, што іншыя лепш за мяне ведаюць, не крыўдзілася б. А так... Ледзь не патрапіла пад машыну. Гэты марш-кідок перад экзаменамі даў, вядома, шмат. Літаратуру ў аб’ёме сярэдняй школы лепш вывучыць я ўжо не магу. Трэба было б прайсці курс ВНУ. А гісторыя? Такое адчуванне, што ў любы момант грудзі разарвуцца ад болю. Толькі б вытрымаць, выстаяць. Што ж, бывай, мара! На дзённае лепш хіба і не рабіць болей спроб паступаць. Бацькоў мяняць я не збіраюся. Паступаць у наступным годзе - значыць яшчэ раз прыніжацца. Так увогуле можна ўзненавідзець жыццё.