10 жніўня
Па deutsch - пяцёрка. Вось цуд! Найгорш хіба была падрыхтаваная, а выдатна. Пыталася шаноўная экзаменатарка шмат, але па справе. Мне нават спадабалася адказваць. Вось бы ўсе так! Выйшла змучаная, гатовая ўпасці, але шчаслівая.
12 жніўня
Цяпер каля трох гадзін ночы. Сяджу на асіповіцкім вакзале. Мільгаюць, праплываюць, перавальваюцца людзі. Сем гадзін чакала субяседаванне. Конкурс - шэсць кандыдатаў на адно месца. У адпаведнасці з баламі і заходзілі ў пакой. Што мяне ўтрымала ля тых дзвярэй? На намесніка дэкана зрабіў уражанне мой альбом з газетнымі выразкамі: “О, сколько написала...” Пакінуў у сябе з тым, каб прайшла яшчэ раз паўторна субяседаванне. Ці будзе штосьці з таго? Як хочацца паступіць!
18 жніўня
Зноў ноч на вакзале. Пакуты працягваюцца. Як нядобра на душы з-за гэтых “варыяцый” з паступленнем! Такое адчуванне, нібы абкрадаю некага. Не прымуць жа! Проста не абарвалі адным разам нітачку-надзею, а цягнуць, цягнуць, пакуль яна не лопне. І так пакутна, балюча гэта! Хіба і дарма, бо, каб пэўна ведала, што праца наперадзе, рыхтавалася б адпаведна, а зараз імгла пакуль...
Вельмі мілыя Надзя, Ружа Шушкевічы. У іх, з імі сапраўды добра. Лёгка дыхаецца, свабодна. Прапануюць, калі паступлю, жыць у іх. У прынцыпе цудоўна, але ж гэта - Шушкевічы!!! Сорамна мне... Дваццаць пятага зноў у Мінск за дакументамі і альбомам. Калі б прынялі, усё надта ж добра склалася б, а ў маім жыцці такое не прадугледжана...
19 жніўня
Я шчыра люблю, абураюся, спрачаюся, спачуваю людзям, хачу дапамагчы ім. Але ў глыбіні душы жыве чалавек, незалежны ад мяне ж. Ён глядзіць на свет як крытык. Сартуе ўражанні: варта помніць, не варта... Я буду пісаць. Калі застануся самой сабой, не змагу не пісаць. Не забыць усяго таго, што адбываецца штодня. Хачу, каб пра простых людзей, якія мне дарагія, ведалі ўсе. Таму што яны сапраўдныя людзі. Сумленныя, чыстыя, вельмі зямныя. У адказны момант і Л.У., і М.К., і Н. П., і Т.С., і І.Б., і Л.Д., і Г.М. ... стануць на сцежку Банівура, Улляны Громавай, Зоі Касмадзем’янскай. Я не магу не расказаць усім і кожнаму аб маёй Пцічы, аб маёй бярозе, аб маім лесе, аб маім полі і маёй дарозе, аб маім небе.
Хачу, каб кожны адчуў пяшчоту да дарагіх мне кляновых лісточкаў. Чалавек, які любіць прыроду, любіць і людзей. Іншая справа, што мы часта аказваемся грубымі ў параўнанні з карункамі бярозы. Так, як шмат сярод нас пошленькіх, заплеснявелых, жорсткіх. Але ж я хачу - не магу інакш! - змагацца за душы чалавечыя. Я не талент, каб падобна Талстому, Чэхаву асвятляць людзям шлях. Пасля Паўстоўскага цяжка сказаць індывідуальна-вартасна аб тым, што навокал цябе. Але я буду працаваць, каб стаць хоць радавой лучынкай. Маёй душы цесна без мары. І не хачу астужаць свае парыванні, бо без іх і мяне ж няма...
Чытаю Расула Гамзатава. Як вочы адкрыліся: пэўна ж, я павінна пісаць толькі па-беларуску. На мове маіх продкаў. Магчыма, нічога талковага з мяне і не выйдзе, але чалавек мусіць цягнуцца да зорак. Тады выпростваюцца плечы, страйнее пастава. Знаць дасканала рускую мову неабходна. Беларускую ўдасканальваць да прафесійнага ўзроўню ў стане сама. Пакуль не атрымліваецца выказаць свае пачуцці, але сёння пераломны дзень. Зямля не гайдаецца ўжо пад нагамі.
20 жніўня
Жнівень на зыходзе. Жоўтыя сцірты, нібы рыцарскія шлемы, пакінутыя на полі пасля бітвы. Жыта абмалочана. Склалі галовы буйны моладцы. Колас без зерня - не колас. Шлем без рыцара - сірата. Месяцамі, вечнасць сваю, сцябло люляла, хлеб. І вось аддало людям сваё дзіцятка, свой лёс, а само засталося, быццам шлем без рыцара. Праз год, магчыма, нясмела выгляне з-пад зямлі плоць і кроў той сцябліны, зернейка з коласа. Прашумяць дажджы. Зноў будзе жнівень. Асірацее поле.
Устануць шлемы без рыцараў. І так год за годам. Тужліва. Ды каб з года ў год цягнуліся каласы ў сінь, не абысціся без шлемаў...
Увогуле настрой з-за няпэўнасці кепскі. І бедная мая мама хвалюецца, пакутуе нават больш за мяне. Сілы, так патрэбныя, глынае чаканне. Ужо б сказалі адразу, што я за бортам...
21 жніўня
Вечара, такога, як учарашні, не будзе ў маім жыцці ніколі. Так, буду сядаць за школьную парту як госць, але гэта будзе ўжо новы чалавек. Учора ж сядзела дзяўчынка-дзяўчына. Нібы дзяцінства маё і юнацтва працягнулі рукі адно другому. Абняліся. Радасць і туга зліліся ў адно цэлае. І кроплі слёз... Аб чым?.. Аб добрым і кепскім, пяшчотным і жорсткім. Аб ляльцы, якая з дачкі ператварылася ў ляльку. Аб вечарах, калі за дзве гадзіны роздумаў на паперу клалася толькі чатыры дзіцячых радкі. Аб празе кахання, а, магчыма, проста сябра...