Выбрать главу

“Сёння незвычайны ўрок. Урок аб той складанай рэчы, імя якой жыццё, - сказала Міла Капітонаўна. - Канспектаваць неабавязкова”.

Як вытрымаць паперы, як раскрыць на ёй пачуцці, якімі наскрозь прасякаецца душа... Няма такіх слоў у мяне. Туга - і не туга, радасць - і не радасць. Тое, што ачышчае, уздымае, дорыць крылы. У такія хвіліны адчувальна сталееш, адкрываеш нанова жыццё. У такія хвіліны ў душы “сур’ёзная“ музыка, класіка. Нібы ўдары сэрца па клавішах чуйнага інструмента нараджаюць цудоўныя гукі, моцныя, страсныя, пяшчотныя.

26 жніўня

Вярнулася з Мінску. Сваю паразу хацела прыняць сама, каб тое, што адаб’ецца на маім твары, не бачыў ніхто з блізкіх людзей. У прыватнасці, Надзя, бо мы з ёй сустракаліся ля філфака на Чырвонаармейскай. Ішла за дакументамі і аль­бомам, але ж няпэўнасць працягваецца. Намеснік дэкана сказаў: “Я думаю, што вы паступіце...” Рэктару збіраюцца паказваць мой альбом.

Толькі ж мая зорачка хіба шчыльна зацягнулася хмарамі. Можа і на карысць нечаму ўва мне, што так расцягнуўся неспакой. Хваляванні ў маім узросце працуюць на характар, мусяць працаваць. Трымацца! А чаму гавораць суботні, нядзельны вечар, а не ўжываюцца формы панядзелкавы, аўторкавы і г.д.? Вось дык думкі.

29 жніўня

Поўня, нібы шар з юрлівай жоўтай ртуці, коўзаецца па жывым люстэрку вады. Мігцяць вільготнымі вачыма зоркі. Рака ўздымае над сваім пругкім целам беладымнае покрыва. Туман плыве то сівой грывай, то мяккім вэлюмам. Не хапае слоў, каб выказаць пачуцці. Ні ў адным мастацкім музеі свету не знойдзеш такой прыгажосці, у якую можна ўвайсці, апусціць руку ў люстэрка, за- чарпнуць зорку, а праз хвіліну зноў убачыць у ім, гэтым люстэрку, неба з тваёй зоркай. Які цуд!!! Праглядаюць гарадскія сцены, выдаюцца вострыя вежы. Застыў разведзены над гарадскім ірвом мост. Толькі б не праімчаліся па дарозе ганцы, не парушыўся б спакой гэтай начной дзяржавы. Цішыня...

Мне часам здаецца, што маё сэрца здольнае перанесці любыя гора, бяду, а можа не вытрымаць такога вось боскага хараства, пачуцця радасці, бязмежнага шчасця... Жыццё, нягледзячы на падман, частую бессаромнасць чалавечую, такое цудоўнае! Вось жа зоркі ніколі не пагаснуць. Хай робяць навуковыя разлікі, пераконваюць астраномы, але мае зоркі ніколі не знікнуць - маё сэрца самы магутны тэлескоп.

Не ўсё вылілася на паперу. Штосьці яшчэ засталося і як у бакі водзіць, але ўжо крыху лягчэй. І трэба стаяць да канца. Рэктар дык рэктар, міністр дык міністр. Хачу вучыцца, хоць у душы сумненні варушацца: “Можа, горш за іншых. Куды ж цянешся!?” Эх, каб быў дасканалы апарат для вызначэння здольнасцей...

31 жніўня

Глухая незадаволенасць сабой. Не ведаю, у што гэта выльецца. Што мне трэба? Пабыць зусім адной? Паслухаць музыку? Заснуць на суткі? Заўтра - Першае верасня. Ці не таму панурасць, змрочнасць душу апанавалі? Выкліка на заняткі няма. Зноў грызе комплекс непаўнацэннасці. Праўда, прыглушаны болем фізічным. Сэрца капрызіць усімі сваімі тканкамі. Уласнае бяссілле найстрашней за ўсё. Нікому не магу зараз дапамагчы. Мы адказныя за тых, каго прыручаем! Значыць, разлічваць сілы ў чалавечых адносінах?.. Што ж, заўтра замест студэнцкай аўдыторыі пайду ў свой лес. Адведаю зарослую ўжо маладымі сасонкамі паляну першага ў маім жыцці піянерскага кастра. Сцежкі мае баравіковыя, памажыце мне сябе сапраўдную знайсці...

1 верасня

У Мінск!!! Еду на вучобу. Вярнулася з лесу, а ў скрынцы - ліст з Універсітэта. Прынята на першы курс філалагічнага факультэта. Мама шчаслівая, з работы прыбегла раней, бо паштальёнка перадала, што канверт з Мінску прыйшоў, у якім, мабыць, выклік. Вось жа колькі іх, зацікаўленых маімі справамі. Студэнтка! Далося. Так чакала гэтага імгнення, колькі працавала на яго. Распачынаецца новы этап?! У Мінск!

З ЗАПІСАЎ СТУДЭНТКІ

5 верасня, 1972

Доўгачаканае, выпакутаванае - студэнтка! Ды ці змагу вучыцца ва ўніверсітэце, ці хопіць здольнасцей, ці здолею арганізавацца...

Падымаюся а палове сёмай. З Партызанскага праспекта ад дзядзі Андрэя - трамваем, да якога яшчэ дабегчы трэба, а пасля - тралейбусам. Філфак размешчаны ў цудоўным месцы. На Чырвонаармейскую з Ленінскага праспекта выводзіць клянова-каштанавы сквер і кожную раніцу я нібы заглядаю ў родныя прысады. Пасярод сквера - незвычайнай прыгажосці фантан: залацістыя хлопчык і лебедзь нібы вось-вось вымкнуцца ўвысь праз густыя вершаліны... Амаль насупраць філфака - Ленінская бібліятэка, самая галоўная ў Беларусі і ў якую запісваюць толькі на трэцім курсе.