Выбрать главу

І як пераадолець унутраную неразбярыху, ха­ос, які правакуецца, мабыць, і тым, што дзве гадзіны ў дзень забірае дарога - Заводскі раён, які ўсё ж чамусьці так не мілы мне - урэшце і тым (ці найперш?!!), што страшэнна цягне дадому... Студзіць няўпэўненасць у свае сілы. Можа, каб чароўным чынам магла адначасова заставацца ў дараганаўскай хаце і быць у Мінску, дык паспявала б значна болей. З Надзяй аказаліся ў адной чацвёртай групе!

9 верасня

Буду на кватэры ў Шушкевічаў! Дарагія Станіслаў Пятровіч і Кацярына Аляксееўна прананавалі самі. І няёмка мне, але ж рада-рада. Цяпер я сапраўды змагу больш чытаць і грунтоўней рыхтавацца да семінарскіх. Даезд за паўгадзіны без перасадак, буду сядзець увечары, колькі трэба, не хвалюючыся за святло. І адчуваю сябе на Якуба Коласа вольна, амаль як дома, што найгалоўнае. Шчаслівыя Надзя, Ружа і ўсе дзеці, маючы такога бацьку, як Станіслаў Пятровіч. Вось і на мяне яго добразычлівасць, інтэлігентнасць распаўсюдзіліся. Як здорава, што падышла да яго тады, пасля школьнай сустрэчы з пісьменнікамі!..

12 верасня

Цяпер цяжэй сыходжуся з людзьмі. І мучаюць занядбаныя абавязкі перад сабой жа, не выконваю належнае! Па сутнасці ж гэты тыдзень амаль не займалася і дарма спяшаюся апраўдаць сябе пераездам, уладкаваннем. Абсурд: раптам даходжу да таго, што “зайздрошчу” свабодзе тых, хто не паступіў! І якая туга па дому! Першыя дні вірам укруцілі ў сябе, а сёння душа проста дрыжыць, трымціць. Крылы б мне!.. Густая чалавечая плынь, у якой губляюся, адчуваю сябе адзінокай, чужой гораду. Ужо восень - спланіраваў пад ногі ў скве­ры мой першы жоўты кляновы лісток. У гэтых веліканаў такія ж далікатныя далоні, як і ў майго клёна над дараганаўскай вуліцай.

14 верасня

Учора, вярнуўшыся з заняткаў, застала старэйшага сына Станіслава Пятровіча - Станіслава Станіслававіча, вучонага фізіка, гонар усёй сям’і. Мне ўпершыню пацалавалі руку! Здаецца, больш з усіх пяцёх дзяцей ён падобны на бацьку.

16 верасня

Заўтра нядзеля - дадому б! Але не еду ні ў Дараганава, ні ў Мікалаеўшчыну на радзіму Якуба Коласа, бо не маю права, не заслужыла свята. Мушу ўвайсці ў адпаведны вучэбны рытм, а таму пакуль укладаць час не ў тое, што хочацца, а найперш - у неабходнае. Не апраўдвацца, не выскакваць наперад. Думаць найперш! Берагчы час, напаўняючы яго ведамі.

20 верасня

Божа мой, хоць бы адна жывая душа зразумела! Зноў у панцыры. Цяпер бы Эдварда Грыга, песню Сольвейг пару гадзін, як дома, паслухаць. Адчуваю сябе знішчанай дарэшты. Здаецца, што нічога-нічагусенькі добрага не змагу зрабіць у жыцці, што закончаная дурніца. І так хочацца дадому! Але ж трэба неяк пераадольваць сябе. Толькі ці застануся я ва ўніверсітэце па першай сесіі? Адна латынь забівае. Проста жах. Як было сорамна сёння! Не хапае часу, каб вывучыць, вызубрыць. На семінары па гісторыі, праўда, “5” атрымала, але ж гэта адзнака ліпавая, хаця і адзіная ў групе. Не ведаю я па-сапраўднаму “Маніфеста”. І пара назусім усвядоміць тое, што вучыш не для адзнакі, а для сябе.

Нейкая зябрыстая паласатасць у душы. Няма жалезнай упэўненасці ў тым, што сапраўды трэба кожную раніцу ехаць на заняткі. І ўвогуле адчуванне, нібы выштурхнутая з каляіны сваёй, а цяпер як б’юся галавой у сценку, шукаючы яе, сваю адзіную сцяжыну.

Была ў Мастацкім музеі. Успомнілася, што ўпершыню гадоў сем таму, зусім дзіцём, з мамай і Васілём сюды патрапіла, калі яго, тады студэнта, пры нагодзе праведвалі. Шчаслівыя гараджане! Якія цуды чакаюць кожнага ў гэтым палацы. Пастараюся штотыдзень сюды заходзіць. Добра, што блізка ад філфака. У гулкіх залах музея прасякаешся асаблівай свежасцю і нібы душа вызваляецца ад нечага чужога... Зараз бачу, што недарэмнымі былі мае намаганні ўвайсці ў гэты асаблівы свет праз рэпрадукцыі, кнігі. А чаго варты пераход-калідор з вучэбнага ў жылы корпус у Дараганаўскай школе-інтэрнат - сапраўдная галерэя, апынуўшыся ў якой першы раз, аб усім і аб самой сабе забылася. І якой ашаломлена шчасліваю знайшлася! Пазнаю ў музеі некаторыя творы. Асабліва крануў Максімаў з яго “Усё ў мінулым” - старая пані ў фатэлі пры ганку не маладзейшага дому, на століку пры ёй - філіжанкі з розных сервізаў, а побач светлыя фіялеты бэзу, які ўжо таксама старэча і цвіце з апошніх сіл... Добра было б асвоіць усю музейную экспазіцыю.

22 верасня

Застала, вярнуўшыся з заняткаў, Сцяпана Іванавіча Ліхадзіеўскага. Ён вяртаўся з адпачынку са сваёй роднай Случчыны ў Ташкент, дзе жыве даўным-даўно. Беларускі паэт, закінуты лёсам ва Узбекістан, вучоны-філолаг. Чаму даваенны час аказаўся такім нялітасцівым да цудоўных, інтэлігентных людзей?! І трэба маўчаць аб гэтым, не распаўсюджвацца, паабяцала.