Выбрать главу

25 верасня

Уразіў святочнасцю, нават велічнасцю Оперны тэатр. Купіла два білеты на “Пікавую даму” Пятра Чайкоўскага, каб смялей было, удвух з Ігарам пайшлі. Першакурснікі, студэнт-перакладчык Інстытута замежных моў і студэнтка філфака БДУ, ідучы на спектакль, разважалі, як патрапіць на свае месцы, бо што ж гэта за бенуар, як пазначана ў білетах. Ведалі, дзе партэр, бельэтаж, балкон, а вось бенуар... Доўга шукаць не прыйшлося! І аказаліся ў зусім іншай прасторы, вытанчанай, святочнай, так аддаленай ад асабіста маёй рэчаіснасці. Вельмі дарэчы было, што якраз з бенуара, адкуль увесь партэр і сцэна ахопліваюцца, і адбылася першая сустрэча з гэтым дзівосным све­там. У нішы перад сцэнай - аркестр, паслухмяны рухам дырыжора (жанчыны!), цёмна-бардовая цяжкая аксамітная заслона, за якой - таемнае таемных... Колькі ж мне расці яшчэ душою, каб хоць наблізіцца да адпаведнага ўспрыняцця оперы! Ра­да, што хочацца ў гэты Храм Мастацтва. Хай сабе Папялушкай сярод элегантнай публікі і дрымучым неафітам у оперы. Знаёмства з балетам яшчэ на­перадзе!

4 кастрычніка

Учора, дзякуючы Станіславу Пятровічу, патрапіла ў Драматычны тэатр імя Янкі Купалы на вечарыну, прысвечаную 60-годдзю з дня нараджэння Максіма Танка. Сам ён такі магутны, прыгожы. Жывы класік. Выступалі “Песняры”! Раптам як азарыла: мне кепска найперш таму, што я жыву цяпер толькі для сябе, ніякай грамадскай працы. Усё ў чалавеку павінна быць падпарадкавана галоўнай мэце, якая заключаецца ў служэнні іншым людзям дзеля агульнага шчасця, пераадолення ўласных хібаў, умацавання дабрыні.

8 кастрычніка

Як хочацца дадому!!! Па плану мелася паехаць, а сяджу ў бібліятэцы на бульвары Талбухіна. Мама расхвалявалася і бацька адразу раніцай патэлефанаваў. А ў мяне ком у горле, што і гаварыць цяжка. Так суха-суха адказвала, а на вочы слёзы навярнуліся.

А.М. Горький: Говори только о том, о чём не имеешь права молчать.

К.Д. Ушинский: Воспитание не только должно развивать разум человека, но должно зажечь в нём жажду серьёзного труда, без которого жизнь его не может быть ни достойной, ни счастливой.

A. М. Горький: Если я не за себя, то кто же за меня, но если я только для себя, так зачем я?

B. Г. Белинский: Кто не идет вперед, тот идет назад, стоячего положения нет.

А.К. Толстой: У кого большой ум, тому надо ещё больше ума, чтобы управлять этим умом.

11 кастрычніка

Мастацкі музей. Перасоўнікі-партрэцісты. Як навучыцца адрозніваць пэндзаль Крамскога і Рэпіна, Пярова?! Ледзь-ледзь мільгаціць штосьці, але пакуль што вельмі невыразна... Ад мамы ліст і тужліва-тужліва светлым сумам...

17 кастрычніка

Як сорамна! Як можна выкарыстоўваць добрыя адносіны да цябе людзей! Ганьба! Вучыць deutsch!

Зноў кепска, баліць сэрца. Жыццё здаецца недарэчным, непатрэбным і згасіць яго нібы так проста, лёгка. Бязглуздыя думкі, пэўна ж, але, што надакучлівыя мухі, лезуць у галаву. Я цяпер не чалавек, а штосьці брыдкае, ліпкае. Час коціцца надарэмна. Паўсюль фармалізм. Як жыць без веры ў сапраўды светлую будучыню?

18 кастрычніка

Восень скінула на зямлю амаль усё лісце. Ляжыць бездапаможнае, уздрыгвае, час ад часу ўзнімаецца, падлятае, адзываючыся на парывы ве­тру і, здаецца, істава просіцца-просіцца ўгору, каб надалей шапацець густой кронай. Вечная змена, да якой не прывыкнуць!

Як сіратліва, адзінока! Хочацца да моцнага, добрага чалавека, які ведае, калі не ўсё, дык хоць бы шмат пра жыццё, каб дапамог зразумець, чаго ж я ўрэшце хачу, што мне трэба?! Сяджу над цудоўным Паўстоўскім. Выкладчыца філасофіі ўзрадавалася, калі пачула пра маё захапленне ім і дала заданне напісаць рэферат пра аўтабіяграфічныя аповесці Канстанціна Георгіевіча. І як жа мала я ведаю і магу...

31 кастрычніка

І лейтматывам з дня ў дзень маё кепска, проста фізічна. Чаму? Не вучыцца, а ў чацвер залік па ўводзінах у літаратуразнаўства. Дадому б!

Такое адчуванне, нібы жыць застаецца зусім мала... Аказацца б на бязлюдным востраве, чытаць, думаць і каб не білі па душы. Днём прылегла і ў кароткім сне нечакана давялося скакаць са скалы. Хочацца чагосьці незвычайнага, а можа і звычайнага, чаго мне не хапае?! Завалю залік!

8 лістапада

Другі дзень дома. Заўтра ў Мінск. Сентыментальнай я стала, а папракаюць у “ідэйнасці”. Не пайшла на складчыну. Трэба было б насілу ўсміхацца, засланяючы сваю маркоту. Размовамі пра махеравыя шапачкі і лакавыя боцікі запаўняць пустоты часу. Няўжо і я сыйду на ўзбочыну і буду проста спаглядаць халоднымі патухлымі вачыма, як сапраўднае жыццё імчыць наперад... Стан, у якім ні холадна, ні горача - тленне, жыццё ж даецца толькі аднойчы!

12 лістапада