Выбрать главу

25 лютага

Заклеіла канверт са сваім матэрыялам. Каб жа пайшоў у друк. Звычайна большае задавальненне адчуваеш, калі ў газеце з’яўляюцца заметкі, над якімі давялося добра-такі пасядзець. “Выпадковыя”, зразумела, таксама радуюць. Можа яны нават і ярчэйшымі, свяжэйшымі аказваюцца...

15 сакавіка

Кепскія людзі хіба расстаўлены па жыцці для таго, каб выразней бачыліся вартасці добрых... Люблю непагоду, спёку. Выбавіўшыся з гэтых кліматычных нязручнасцей, неяк па-новаму ўспрымаеш утульнасць цёплай хаты, смак вады са студні.

Жыцці чалавечыя - быццам рэкі, розныя па глыбіні, плыні. З якой ракою магу параўнаць сваё жыццё? Часамі яно нагадвае досыць хуткую, глыбокую плынь. Але ж колькі ў ёй крутых паваротаў, брадоў і страшэнных меляў...

27 сакавіка

Мясцінка ў канцы агарода каля зарослай хмызняком канавы сярод зялёнай лістоты, шаўкавістай травы такая прывабная, утульная ўлетку. І не было тут дрэў, адкуль узялося гэтае - ладнае, прыгожае? Але ж успомніла, што прыкмеціла яго яшчэ ўвосень, калі алешнікі скінулі сваё ўбранне. Тады я так і не распазнала незнаёмца, а сёння, дзіва ! - на галінках бачу лісточкі. І гэта тады, калі зямля ледзь-ледзь паспела вызваліцца ад пажоўклых снягоў. І не лісце гэта аказваецца, а вялікія пухнатыя камячкі. Сядзяць на галінках наноў адкрытага дрэўца - вярбы, вырасшай чамусьці не кустом. Яна стаіць шэрым воблачкам, мяккім, цёплым, а камячкі выдаюць на сапраўдных кацянятак. Вецярок лагодна гойдае іх, як імкнецца закалыхаць усю шматдзетную сямейку адразу. Ад вярбы вачэй не адвесці. Хараство побач! Кацяняткі ж, здаецца, вось-вось саскочаць долу...

6 красавіка

Толькі што бачыла буслоў. Нават адразу чатырох, першы раз у гэтым годзе. Гордыя, моцныя птахі ў літаральным сэнсе слова плавалі ў паветры пад самым папялістым блакітам. Так, сур’ёзна, сёння нябесны блакіт нейкі інакшы, чым раней, нібы стомлены, як бывае ў спякотны летні дзень. Хочацца проста выйсці ў сад і глядзець, слухаць, удыхаць у сябе вясну. Шпак у чорным фраку сцеражэ сваё жыллё ад нахабных вераб’ёў. Яны ж, непаседы, адны ўжо б’юцца за шпакоўню побач, іншыя вышукваюць утульнае месцейка над вакном хаты. Сонейка лагодзіць усё-усенькае такою доўгачаканаю цеплынёю. Зямля, дзе-нідзе вызваленая з-пад снежнага кажуха, дыхае прахалодай, якая хваля за хваляй абдымае, падбіраецца да твару, спрачаючыся з сонцам, а я мушу сядзець над урокамі! Каб жа яшчэ ішло, а то алгебра не паддаецца, хімія таксама, а што па геаметрыі задалі і не ведаю.

10 красавіка

“Мая таполя” адзначана дыпломам 2-й ступені на абласным аглядзе сачыненняў “Ёсць у рэвалюцыі пачатак - няма ў рэвалюцыі канца”. Прыемна! Так, старалася. Выказалася шчыра:

“За вакном пеняцца бела-ружовым кіпенем сады, усміхаецца ясным блакітам высокае неба. Радуецца вока аксаміту зялёнай руні на калгасных палетках, руплівай працы буслоў над старым гняздом.

За вакном - працаўніца-вясна, за вакном - неспакойныя дні.

Рада гэтаму шумнаму, бурліваму цячэнню жыцця і яна - прыгожая, стройная таполька. Нібы тая гарэза-дзяўчынка, употайкі перашэптваецца з непаседам-ветрам, падстаўляе яго пяшчотным парывам зялёнае лісце. А побач сакрэтнічаюць адна з дру­гой, схіляюць долу да пахучай зямлі танклявыя гнуткія станы, гойдаюць пад ветрам пышнымі вершалінкамі яшчэ дзевяноста дзевяць прыгажунь-таполяў.

Глядзіш на іх і здаецца, што гэтыя дрэўцы неяк іначай сагравае сонейка і вецер асабліва з імі ласкавы.

Гэтыя статныя таполі асаблівыя. Яны ленінскія таполі, дрэўцы Ленінскай алеі. Пасадзілі іх тут красавіцкім ранкам мы, піянеры, як знак вялікай, бязмежнай любові да роднага Ільіча. Гамоніць пахучымі лісточкамі сярод таполяў, пасаджаных маімі сябрамі, і маладое дрэўца, якое пасадзіла я.

Зграбныя вішанькі, беластволыя бярозкі даводзілася садзіць мне ў свае чатырнаццаць гадоў, але гэтая таполя Ленінскай алеі даражэй за ўсіх. І кожны раз ля яе перада мною ўсплывае дарагі воблік Ільіча: яго адкрыты твар, яго позірк з вясёлымі іскрынкамі, ласкавая ўсмешка...

Той сонечны дзень запомніцца мне на ўсё жыццё. У гэты дзень споўнілася мая запаветная мара - я стала камсамолкай. Тады мне, шчаслівай і радаснай, здавалася, што ўсё навокал папрыгажэла. Здавалася, што ўсе сустрэчныя ветліва і ласкава ўсміхаюцца мне і маім сяброўкам, - мабыць, так яно і было, - звяртаюць увагу на агністыя значкі на нашых грудзях...

З пурпуровай кніжачкай у руках, са ззяючым на сонцы камсамольскім значком, на якім прамяніўся золатам профіль У.І. Леніна, прыйшла я на другі дзень да таполі. Стаялі ў садах акружаныя белым воблакам духмянай квецені, нібы крыху збянтэжаныя і здзіўленыя сваёй нечаканай чаруючай прыгажосцю яблыні і грушы, палалі ў кветніках барвовай чырванню цюльпаны, насычаў паветра салодкім водарам буйна квітнеючы бэз... І сярод непаўторнага хараства родных мясцін я зразумела, што гэтая кніжачка з профілем Ільіча, пурпуровая, як паліты гарачай крывёю маіх суайчыннікаў чырвоны сцяг перамог, як алыя макі ля абеліска героя - самае значнае, чаго я дасягнула. І гэта самае значнае непарыўна звязана з Ільічом. Бясконца дарагой мне пурпуровай кніжкай, і бязвоблачным дзяцінствам сваім, светлай будучыняй я, як і ўсе мае сябры, абавязана нашаму бясконца любімаму і дарагому Леніну.