Зараз патэлефанавала Яўгенія Рыгораўна. І як жа захацелася пісаць. Проста рукі чэшуцца, а трэба вучыць стараславянскую мову.
26 красавіка
Гаварыла з С. Люблю гэты голас... Гара з плячэй. Кахаю. Родны, мой чалавек. Трэцяга мая яму ў армію. Мотастралковае аддзяленне, пяхота. Папытаўся, ці буду чакаць...
Была ў “Літаратуры і мастацтве”. Прадыктавала з такой цяжкасцю напісаны свой матэрыял “У краіне майго маленства”, хоць першы абзац мяне самую задавальняе, няхай сабе гэта і досыць банальнае прызнанне ў любові малой Радзіме: “Зялёнай птушкай разгарнула крылы карта. А на скрыжаванні лініі чыгункі і шнурочка ракі - вясёлая чародка літар. Чытаеш: “Дараганава”. І ён знайшоў тут сабе месца, твой маленькі пасёлак. Лялечнаму дзяцінству не абысці яго і за дзень. Асабліва, калі вітацца з кожнай знаёмай бярозай. А летуценнае юнацтва тапаліныя прысады, празрыстыя крыніцы і сонечныя пяскі ўмясціла ў адно чалавечае сэрца. Каб несці гэты бясцэнны скарб праз усё жыццё”.
28 красавіка
А гэтыя дні мы маглі б быць разам - да трэцяга мая звар’яцець можна. У Беларусь ён, зразумела, не патрапіць - толькі б у СССР пакінулі, толькі б у еўрапейскай частцы. Ці змагу я два гады чакаць? Мабыць, змагу. Толькі як трэба ўбачыцца! Відаць, гэтыя два гады будуць найдаўжэйшымі ў маім жыцці. Узмоцнена займацца, чытаць. Замест сустрэч - лісты і сны. Калі так саграе голас, дык як жа цёпла павінна быць побач...
“Рамэо і Джульета” - цудоўны Шэкспір. Здаецца, што ўсе людзі, якіх сустракаеш, добрыя, ласкавыя. І ўсім хочацца ўсміхацца. Можа таму апускаеш вочы... Колькі разоў апякалася, але даверлівасць ува мне, як вішняк дараганаўскі, колькі яго ні выкарчоўвай, усё імкне ўгору.
Думаецца пра С. Я люблю выбудоўваць планы. Вось адслужыць ён армію. Паступіць у Літаратурны інстытут. А дзе буду я? Не бачу жыцця побач з ім і без яго таксама. Хіба я і шчасце могуць сумясціцца?!!
7 мая
Хлопцы ідуць у армію. Жоўтаротыя птушаняты з мяккім пушком над губамі, з бліскучымі вачыма, п’яныя і цвярозыя, ацішэлыя і буйныя - такія розныя ў агульны для ўсіх іх момант, але і падобныя. Быццам асабовасць упала на падлогу разам з шорсткімі і мяккімі, прамымі і курчавымі валасамі. Саромеюцца сваіх дагала абстрыжаных галоў, прыкрываюць іх шапкамі. Нейкі спалох у вачах. Толькі пара вясёлых, бесшабашных твараў выгадна выдзяляецца на агульным, увогуле нярадасным і нярвовым фоне. Рушыла валюхастая калона. Быць ім два гады адной сям’ёй. Павінны. Сцяна дысцыпліны адгародзіць ад вольных сонца і неба. Эх, хлопцы, гэта ж і шчасце - няхай гавораць, што высокія матэрыі - Радзіму абараняць, як маці, каханую.
І С. ужо недзе ў такой калоне прайшоў, таму так уважліва і ўглядаюся ў твары стрыжаных хлопцаў. Раптам хтосьці з іх будзе разам з ім дзень за днём!
9 мая
Сёння вялікі дзень. Пунсовыя цюльпаны ля Вечнага Агню. Дваццаць восем гадоў Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне. Душа хвалюецца. Плошча Перамогі ў гаманлівай чалавечай плыні.
Чаму так дзеецца? Я люблю Іру. Яна блізкі мне чалавек, але я люблю і Таню, і Галю, і Мілу... Яны мне ўсе патрэбныя. Ды прыходзіць момант, калі асабліва хочацца бачыць менавіта некага з іх. А ўвогуле - адзінота. Вось мой найвялікшы сябар і вораг. “Одиночество любят от боли, но от радости никогда” - мае рацыю Яўгеній Еўтушэнка. Цалкам, здаецца, шчырая ў размове, а глыбей у душы паралельна ідзе ацэнка. Бывае, што заўважаю ўсе дробязі, а здараецца, што не бачу нічога. Я - вясёлая, гарэзлівая, капрызная, наіўная, разважлівая, ветраная, труслівая, смелая, злая, добрая... Не ведаю сябе! Што ж мне ўласціва найперш? Хочацца рабіць добрае, хай сабе нават коштам жыцця. Застацца невядомай, але памерці са свядомасцю, што жыццё пражыта не надарэмна, што хоць некаму памагла. Часам жа цягне на агідныя ўчынкі і як горычна ад ліпкіх думак, і ненавідзіш сябе.
Зноў камянею. Ну і добра, прынамсі, буду зубрыць. Злосная і нешчаслівая, ратуючыся, я з найбольшым азартам накідаюся на кнігі...
10 мая
Здаецца, мы ніколі не сустрэнемся. Жыццё кіруе намі, а не мы ім. Мы слабыя. І я, і С. Няўжо я ніколі ўжо не вазьму ў рукі канверт з дарагімі каракулямі, не заб’ецца трывожна і радасна сэрца... Пачуццё няўпэўненасці, агіда да сябе. Паддаюся часовай слабасці - нельга! Ёсць Грыг, Цютчаў, Блок.
12 мая
Зноў хаджу абыякавай да знешняга выгляду. Перыядычны працэс накаплення ўнутранага. Эвалюцыянірую? Не стараюся зараз разабрацца ў сабе. Трэба, каб усё само сабой уклалася, знайшло сваё месца ў душы. Няма ліста ад С. Можа, тая ж Ірынка або іншае захапленне. Ён яшчэ хлапчук. Яму зараз кепска. Дысцыпліна не для яго і колькі ж яшчэ ён мяне будзе мучыць...