Шкада, сяброў у мяне там пакуль што няма... Смешна і недарэчна патрабаваць ад людзей, каб яны жылі “па-твойму”. Каб чыталі гісторыю старажытнай Грэцыі і пакутавалі ад усведамлення ўласнай абмежаванасці, з-за немагчымасці асягнуць напрацаваную чалавецтвам культурна-мастацкую бясконцасць... Мяне ж неадступна як нейкі чарвяк точыць - мне страшна, што збягае ў нікуды надарэмна мой час, а дзяўчаты пасміхаюцца над тым, што я, такая звычайная, пасрэдная, імкнуся ў “высокія матэрыі”. Сама вінаватая! Трэба агарадзіць сваю душу і не даймаць іх недарэчнымі шчырасцямі. Так, люблю людзей і хачу, каб любілі і мяне, таму так балюча быць чужой. Ды яны прызнаюць за мной рацыю тады, калі зразумеюць, што чалавек на тое і чалавек, каб пакутаваць, караскацца ўгору, зрывацца, падаць і зноў уздымацца. Мне трэба паслядоўна працягваць ствараць сябе. I як бы ні было цяжка, не крывіць душою. Сумленнасць, чысціня. Я не ведаю яшчэ, кім усё ж такі буду - настаўніцай ці журналісткай, а можа і тым і другім. Недзе ў глыбіні душы варушыцца думка аб пісьменніцтве, хоць я і перад самой сабой не хачу прызнаваць яе, бо, апрача памкнення пісаць і працавітасці, пісьменнік мусіць найперш мець талент... Аднак гэтая думка-жарт (?!) міжволі апраўдвае маю прагу ведаў, зацікаўленасць людзьмі. Што ж, відаць, вызначана мне знутры суцэльнае добраахвотнае насілле над сабой жа, праца і праца.
5 верасня
Трэці дзень наша чацвёртая група на бульбе ў Раванічах Чэрвеньскага раёна. Сяджу над місай са слівамі, перамешваю, пышную пенку здымаю, як дома пры маме сочыва вару. Бабка задаволеная, што вызваліла яе час на гаспадарчыя клопаты. Дзяўчаты пайшлі ў лес адзначаць дзень нараджэння Людмілы. Мне і не хочацца нікуды рушыцца, а ўсё адно нібы і крыўдна. Быццам адну маленькую пакінулі. I як жа кепска, калі адзін чалавек засланяе сабой усіх і ўсё... Тужліва. С. далёка. Быць нам некалі побач?..
Толькі два дні працы на полі, у людзях, а страшэнная стомленасць, нібы цэлую вечнасць гнешся над баразной...
9 верасня
Чытаю Дастаеўскага. Захапляе, змушае да нават пакутлівых разваг. Нядобрая думка, ад якой душу халодзіць: інтэлектуальнае жыццё можа апанаваць сабой мяне ўсю, цалкам. І як выратаванне наплывае прыліў пяшчоты да яго, далёкага... Сапраўды, я падобная на “ідыёта”... Вучыцца! Не прабачаць сабе нічога!
Часовае знаходжанне ў нейкім новым месцы відавочна абуджае назіральнасць.
Бабка моцна пасварылася з дзедам. Абодва да нецэнзурных слоў скаціліся. Урэшце як апамяталіся, і яна, выжаліўшыся нам, пачала прапаноўваць малачко, сушкі, сліўкі... Выснова: так пакрыўджаны чалавек стараецца знайсці суцяшэнне ў тым, каб зрабіць штосьці добрае іншым.
Весела выбраліся ў сталовую, а ў хаце амаль насупраць хтосьці галосіць. Наталля насмешліва сказала: “Па парасяці бабуся”. Праз дзень даведаліся, што ў бабусі год таму з невялікім памёр сын, а пасля неўзабаве і дачка ўслед за братам адышла. Маладая, незамужняя. Вось і засталася старая адна ў пустой хаце. Плача і плача, галосіць, твар ужо бурачковага колеру.
Бабка сабрала сабе адзенне на смерць. Паказвае вузел у шафе: “Каб дзеці не грызліся...”
Шасцігадовы Юрык: “А ў нас хутка не будзе маленькага ў садзіку. Я ў школу пайду”.
10 верасня
Адчуванне, што дзесьці глыбока ўва мне расце новая свядомасць, новы чалавек. І ён усё настойлівей звяртаецца да мяне цяперашняй. Спеліцца штосьці як без майго ўдзелу. Спакайней знешне і бязладней знутры, дакладней жа - трывожней.
“Пчолка ў твой вулей уляціць, а мой пусты вулей. Хоць бы адным вокам на ўнукаў глянуць”.
Як навучыцца спалучаць у сабе непазбежны ўдзел у найчасцей грубай рэчаіснасці з вершамі Ахматавай, песняй Сольвейг, ідэямі Дастаеўскага? Не адрывацца ад простых хат і сцежак ды жыць высокім?..
13 верасня
Сёння страшэнна холадна. Ногі ў гуме касцянеюць, вецер працінае наскрозь. Мы ж павінны выбіраць бульбу. Трэба, а хочацца кінуць усё і схавацца ў цяпло. Крыўда на тых, хто нас сюды паслаў. І вось грыміць думка: ”Кожны адзінаццаты на нашай планеце галадае. Мне кепска цяпер, а ён, можа быць, памірае ад таго, што не атрымаў у час кавалачка хлеба. А вядро бульбы выратавала б яго. Няўжо маё кепскае зараз не акупляецца, не суцешваецца выратаваным жыццём?! ”
Быць вышэй штодзёншчыны. Старацца вычуваць найперш не сябе, а - людзей у сабе. Як часта разумееш, што побач дзеецца непатрэбнае, а мірышся з крывадушшам, подласцю ці элементарнай абыякавасцю. Значыць, падтрымліваеш іх. Разумею, што па нядбайнасці прападае не адно вядро бульбы, не адзін пуд зерня. І тваё “я” часта толькі чыстай кропелькай сярод бруду, але ж ратуюць адно надзея, вера ў тое, што дабрыня пераможа, трэба толькі да яе імкнуцца, рабіць усё магчымае дзеля ўсталявання справядлівасці...