Накацілі нібы крамольныя думкі. Зараз паўсюль і ўсё - грамадскія арганізацыі. Калі ты ў калектыве, дык, будзь ласкавы, не адрывайся ад яго. Калектыў нясе толькі станоўчае. Значыць апрыёры тое, што аказваецца па-за ім, - адмоўнае, няпоўнавартаснае. Як мала ў нас самастойнасці! Чалавеку, каб зразумець сябе і іншых, трэба ўмець выйсці з гушчы чалавечых памкненняў, застацца сам-насам у цішыні. Жыццё ў калектыве аблягчае, спрашчае адносіны і не пакідае магчымасці выбару. Усе на адной хвалі, у адным дыяпазоне.
Аўдыторыя на чацвёртым паверсе: у адчыненыя вокны разам са свежасцю заплывае пах гарэлага лісця. Восень парадкуе сябе...
13 кастрычніка
Кожную раніцу ўжо тыдзень займаюся deutsch. Адчай, разгубленасць перад неасягальнасцю мовы. Прывабліваюць нямецкія культура, філасофія. Прачытаць бы Гегеля ў арыгінале... Крайнасці? На шчасце, як нейкая ўладная рука трымае за каўнер і не дае забіцца ў кут, закрыць вочы, вушы. Магчыма, імя гэтай рукі - мэтанакіраванасць. Якая ж мэта? Штосьці незразумелае ў душы. Ва ўнісон з Русо напор пачуццяў, у якіх не магу разабрацца.
Надзя Рушава. Сустрэча з няшчасным бацькам у актавай зале галоўнага корпуса БДУ. Сказаў: “На паўгода хопіць яшчэ захаплення Надзяй...” Няпраўда! Яе непаўторным малюнкам жыць і жыць. Яму ж, асірацеламу так нечакана, страціўшаму цудоўную дачку, яшчэ падлетка, як жа невымоўна цяжка Тужлівая, чыстая сустрэча. І яшчэ раз пайшла паглядзець на творы Надзі - выстава ў Мастацкім музеі.
Ад мамы ліст. Мая мілая, светлая, спакутаваная мама...
17 кастрычніка
Запаведзь Андрэ Маруа: “Не папракай, не жалься, не тлумачся”.
Зноў абвострана адчуваю сябе дзіцёнкам. Кідаюся з крайнасці ў крайнасць. Бяздарнасць! Няўмека! Мітусілася пару дзён. І разумею, што сутнасць не ў выніку хуткім, што галоўнае не збочыць, а рухацца ў абраным накірунку, часта насуперак самой сабе. Чалавек жа. Магчыма, жыццё - апраўдальны тэрмін. Што і хто я ў параўнанні з вечнасцю. Яна выкінула мяне на паверхню сваю. Каб убачыла, ацаніла мінулае, пераварыла ў сабе пакуты і шчасце, веліч і нізасць, прыгожае і пачварнае. Сведка руху. Трэба быць у вечнай змене дзён і начэй яго актыўным удзельнікам. Піць з чашы дабра і зла, мучаць сябе, каб стаць вартаю чалавечага звання.
21 кастрычніка
Учора, каб яшчэ крыху эмацыянальнага чытання, трывогі, працы ўяўлення, уражанняў і, думаю, што сёння я вось так не сядзела б у бібліятэцы. Дастаеўскі дзейнічае, што моцны наркотык. Але ж калі хочацца яго чытаць, значыць трэба. І ў стане гэтай узбуджанасці адкрываецца новае ў жывапісу, цягне слухаць 40-ю сімфонію Моцарта, песню Сольвейг. Паўтары гады з Дастаеўскім. Навучанне і вар’яцтва. Мазгі мае, што рыба, выкінутая на бераг.
Георгій Гуліа. “Жизнь и смерть Михаила Лермонтова”: “Но наше счастье - великое человеческое счастье - заключается в том, что бессильные изменить что-либо в уже сыгранной трагедии, мы можем изменить кое-что в своей собственной душе. Изменить к лучшему. И эта возможность - большая награда для нас”.
26 кастрычніка
Не выходзіць з галавы “Подросток” Дастаеўскага. Агульнасць. Я таксама гарачуся ў размове, пачынаю шмат балбатаць, а пасля шкадую. Перажываю і зноў паўтараюся...
Аднесла боты ў майстэрню. Здавала у рамонт падбітыя-перападбітыя туфлі і чаравікі сімпатычная дзяўчына. На твары незалежнасць, а ў вачах сполахі прыніжанасці. Людзі рамантуюць абутак. Беражлівасць? Не толькі. “Хлопчыку няма ў чым хадзіць. Хутчэй, калі ласка, зрабіце”. Дзяўчыну шкада. Гэта між тым і мая заўсёдная сітуацыя. Божа, калі нарэшце кожны зможа абуць тое, што яму хочацца мець на сваіх нагах... Хоць пагоня за рэчамі вяжа чалавека, адымае час, сілы. Непераадольнай сцяной паўстае на шляху да свету гукаў, колераў, слоў.
Пасля Дастаеўскага не магу колькі дзён штосьці чытаць. Хаджу перапоўненая “Подростком”. Вядома, не з лепшых рэчаў Дастаеўскага. Найбліжэй мне хіба “Идиот”. Ды кожны яго твор змушае думаць, непрыкметна авалодвае на пэўны час душой. Узялася за Стэрна, які цяпер здаецца сумным, нецікавым.
28 кастрычніка
Дома. Абняць і цалаваць бярозу, яе яшчэ красавіцкія раны. Дачакалася ў чарговы раз мяне, родная. Помні ж пра мяне заўсёды. Шорсткае цела, гнуткія рукі-галіны. Вецер, будзь, калі ласка, асцярожней. Карані працягнуліся да старога плоту, мяккай дарогі. І ў сэрца маё таксама. Упарта імкнуць услед за мной. Баляць адным болем. Вяртаюць дахаты. Чым цяжэй, тым мацней трымаюцца за зямлю. Сасна, дубы. Мая, мае. Матуля. Рукі хачу цалаваць. Родныя. Што я без вас?! Добрая зямля мая.