Выбрать главу

Расці ж, мая таполя! Абдымі сваімі гнуткімі галінкамі ўвесь свет. Табе гэта пад сілу, таму што ты незвычайная, ты - Ленінская”.

22 красавіка

100 гадоў - У.І. Леніну! І сёння не толькі ўсеагульнае міжнароднае свята, але і ў дадатак маё асабістае. Па-першае, залічылі ў школу юных карэспандэнтаў пры “Знамя юности”. Мне так карцела быць яе слухачом, а прымалі, пачынаючы толькі з дзевятага класа. На ўсякі выпадак выканала першае заданне - добра! - і зрабілі для мяне выключэнне. Ура! Другая радасць: у “Піянеры Беларусі” надрукавалі “Маю таполю”. Вучы фізіку! Паспрабуй толькі заваліць кантрольную!

30 красавіка

Вельмі хвалююся. Сонца на вуліцы, сонца ў душы. Сакратар камітэта камсамола школы... Пасля заняткаў адбыўся справаздачна-выбарчы сход. А затым пасяджэнне новага камітэта. І тут: “Прапаную... ” Вылучалі яшчэ кандыдатуры, але спыніліся чамусьці на мне. Правяла першае пасяджэнне. Размеркавалі адказных за сектары, разгледзелі яшчэ некаторыя пытанні. І ўсё, як у добрым сне. Віншаванні, пажаданні, парады...

І толькі зараз асэнсавала, што адбылося. Я, а не хтосьці іншы, сакратар. Са 150 чалавек - дзяўчо з белымі бантамі, восьмы клас. Чым заслужыла такі давер?! Ці здолею апраўдаць надзеі? Павесці за сабой іншых? Вось яно, галоўнае пытанне! Адказнасць узведзена ў куб яшчэ таму, што год незвычайны - перадз’ездаўскі. І ўсе справы, як у юбілейным Ленінскім, павінны быць значнымі, выкананымі шчыра, сумленна. Жыццё напоўнілася новым сэнсам. Адным словам, пачаўся экзамен, які будзе працягвацца цэлы год, да наступнага справаздачна-выбарчага сходу. А экзаменатар строгі - камсамольцы і маё сумленне.

5 мая

Я імчуся, а не праходжу скрозь дні. Здаецца, крыху адступлюся і ўсё перакуліцца, змяшаецца. Вучыцца зараз значна цяжэй, а прага ведаў страшэнная. Хочацца паболей прачытаць, даведацца, зрабіць - паспець паўсюль.

Днямі выпадкова пачула: “Разумееш, я ўжо два разы галіўся. Трымаю брытву, а рука дрыжыць...” Будзь сур’ёзней, патрабавальней да сябе і мякчэй да іншых. Вучыць ўрокі!

8 мая

Сёння быў мітынг каля абяліску ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Рапарт, выступленні ветэранаў, хвіліна маўчання. І суровая, наскрозь прасякаючая болем праўда: “Кожны чацвёрты беларус не дажыў да дня перамогі... ”

16 мая

Вось і пракрочыла свята “За гонар школы”, та­кое клопатнае, сумбурнае, радаснае. Чацвёрты май запоўнены ім. Падрыхтоўка да Свята пачынаецца звычайна з самага пачатку навучальнага года. Але ў чацвёртай чвэрці паскораны пульс школьнага жыцця выклікае яно, Свята.

Здавала рапарт камсамольскай арганізацыі. Ды ў справах, адлюстраваных у ім, мала майго. Я ўся, з галавы да пятак, яшчэ ў піянерскай дружыне... Цяпер апошнія кантрольныя, экзамены. Лета по­бач. Хутчэй бы канікулы: вельмі мала часу для чытання. Купрын зрабіў вялікае ўражанне. А наогул, трэба чытаць мэтанакіравана, што сапраўднай самаадукацыяй. Шкада, у трох даступных бібліятэках не заўсёды ёсць патрэбнае. А сёння, як заўсёды на Свята, прывозілі з Асіповічаў марожанае!..

19 мая

Мая дружына заняла першае месца ў Ленінскім маршы сярод сярэдніх школ раёна. Здорава! Хоць зараз яна ўжо і не мая... Быццам згубіла разам са “старшынствам” штосьці роднае, блізкае. У спра­вах дружыны, як у фокусе, адлюстраваны ўсе мае хляванні, няўдачы, поспехі. Зборы, дыспуты, пасяджэнні, рэйды, пераклічкі, дні атрадаў, рэкордных 1.500 кілаграмаў макулатуры, перапіска, “Ліхтарык” - ва ўсё гэта столькі ўкладзена! Гальштук мой старэнькі вісіць у шафе. Другі старшыня савета дружыны, Анечка Алібовіч, бегае па класах, хвалюецца за спазненне з газетай, атрымлівае “ўказанні” ў важатай Валянціны Іванаўны. Шкада ўсё ж...

26 мая

Сёння роўна год, як я стала камсамолкай. Што паспела зрабіць? Вельмі мала. Справы піянерскія - добра, вучоба - задавальняюча, “творчасць” - цярпіма, характар - пасрэдна. Чаму трымаешся нена­туральна? Перарабляй сябе. Цяжка? Але ж ты ча­лавек, камсамолка, сакратар! Умацоўваюся ў намеры абавязкова стаць журналісткай, хай сабе шлях да мары будзе цярністым, але ж мушу вытрымаць яго.