28 снежня
Залік па анатоміі. Узіраюся ў людзей: абыякава праходзяць побач. Кожны нібы намагнічаны асаблівай энергіяй, якая ўцягвае яго толькі ў пэўныя адносіны. Сёння Н. пахваліла мяне. Натуральна, я зразумела ў чым справа, але ж словы яе пагладзілі маё самалюбства! Ворага майго. Толькі б не спатыкнуцца, бо хаджу нібы па вастрыі ляза. Не шкадаваць сябе! І як хочацца да мамы...
31 снежня
Зноў апошні дзень года, які падаецца самым кароткім - значыць, самым хуткім?! - у маім жыцці. Галоўнае? а) Шэкспір, Дастаеўскі, Ахматава, Цвятаева; б) сустрэча з С.; в) бульба. Зачытвалася Чэхавым. Жывапіс. Выставы Хамера, Надзі Рушавай. Заглыбленасць. Адначасова мала і шмат.
Я не ўмею сябраваць са святамі. Развітанне і сустрэча - глыбока ў душы.
1974
1 студзеня
Пачатак гэтага новага года пазначаны ўнутранай пэўнасцю. Прачнулася з дакладным усведамленнем таго, што трэба рабіць. Адчулася, што трывалей, надзейней зямля пад нагамі. Старацца пераадолець сваё знешняе дзівацтва. Гэтую сарамлівасць, схаваную пад знешняй бесклапотнасцю. Адразу хочацца засесці за кнігі і да знемажэння чытаць, вучыць, перакладаць. А ўвечары кінуцца на ложак - змучанай, але задаволенай днём. Мае кнігі, мая ручка - сябры мае, мучыцелі мае, натхніцелі мае. Трэба замкнуць свой слых і зрок ад розных спакус, каб пасля не было балюча за расстрачаныя надарэмна хвіліны і гадзіны, з якіх само жыццё складаецца.
2 студзеня
Сказала маме, што хачу гаварыць на чыстай беларускай мове, паўсюль і з усімі. Па-беларуску, па-роднаму шапаціць мая бярозка, гамоняць са мной дубы на беразе Пцічы, шчабеча і спявае птаства. Гэта мая аснова, той свет, які нашу ў сабе. Працярэбліваюцца знутры парасткі, цягнуцца да неба, у вышыні сусветнай гісторыі, высокамастацкай літаратуры. З роднай зямелькі імкнуся я ўгору, калоціцца сэрца - навучы мяне, зямны шарык, як правільна жыць. Дай мне крылы, каб дрыготкія рукі кранулі мяккае і цвёрдае, гарачае і студзёнае. Каб сэрца зайшлося ад шчасця і горычы, каб не прайшла абыякава побач з бусінкай-слязінкай у дзіцячых вачах, побач з нямогласцю старасці. Каб перадала прывітанне вялікаму свету пад Млечным Шляхам ад маіх бярозкі і пцічанскіх дубоў і вярнулася да іх мудрай і моцнай...
3 студзеня
Непрабачальны спакой перад цяжкім экзаменам, а плаваю ж! Хоць што значаць усе гэтыя назоўнікі і дзейнікі ў параўнанні з жыццём!.. Што значу я ў параўнанні з вечнасцю... Мае вартыя жалю памкненні адкалупнуць кавалачак бясконцасці ад вялікаснай неабсяжнасці і ўвапхнуць яго ў сваю душу, проста зняволіць...
Якая блізкая Наталля. Пятроўна! Дарагая настаўніца мая. Пашанцавала нам і асабліва мне, што размеркавалі яе пасля Інстытута ў Дараганава! Так, так: “Шчасце дастаецца таму, хто шмат працуе”. Убіраю ў сябе новыя і новыя твары, падзеі. Сэрца калоціцца. І ад мяне самой усё залежыць. Моцная ж сваёй верай у дабрыню, справядлівасць. Нясу ў сабе каштоўнае зярнятка любові да людзей і як ні патэтычна гэта гучыць - пакуту за збалелае чалавецтва. Няхай часам трушу, выходжу з сябе, патанаю ў няпэўнасці, злуюся, зайздрошчу, але ўва мне ўсё адно ёсць святло. І яно паступова перамагае слабасць. Толькі вельмі-вельмі павольна...
5 студзеня
Захацелася напісаць пра тое, якая цудоўная музыка Грыга, як я люблю Оперны тэатр і Мастацкі музей. Як яны набліжаюць да мяне маю бярозку. Як б’ецца сэрца, калі адкрываю Паўстоўскага, якія сапраўдныя мае дзяўчаткі, мае Галі, які далікатны і моцны чалавек Наталля Пятроўна. Наплываюць урыўкі тэкстаў...
7 студзеня
Пяцёрка па рускай мове. І трэба было так хвалявацца? Значыць, магу вывучыць.
Увесь час сняцца дзівосныя сны. Містыка. Загадкавасць. І вада, вада. Мора, якога я ніколі наяву не бачыла. Рака. Вясенні разліў. Гартаю альбом са сваімі газетнымі выразкамі. Радкі, поўныя шчырасці, чысціні. І хочацца плакаць. Два, тры гады таму я верыла, што перада мною ўвесь свет расчынены, а цяпер ныю і гатовая здрадзіць гэтым сваім наіўным, але прыгожым і адзіна справядлівым (!) перакананням. І тады ж было цяжка... Можа таму і пісалася?.. Каб стварыць свой свет. А цяпер, калі водбліск дзяцінства, юнацтва ляжыць у гэтым альбоме, калі сама адказваю за свае ўдачы і памылкі, сама адказная за свой настрой, раптам строю з сябе вялікамучаніцу. Несправядліва!