17 студзеня
“Выдатна” па гісторыі. Ну і панікёр я - як калацілася. Зарубежка таксама за спіной. Сесія ўдалая. У “пяцёрачніцы” выбіваюся.
Кожны чалавек - кніга... І. Бунін: “Не всё ли равно, про кого говорить? Заслуживает того каждый из живших на земле ("Сны Чанга“)”.
Н. гаворыць так гладка, без запіначкі, але словы не кранаюць, слізгаюць па душы. Чаму?
Дзяўчынка паступала ў Тэатральна-мастацкі інстытут, не хапіла паўтары бала, а праз год пайшла ў Наргас...
20 студзеня
Пакутліва, калі хочацца заснуць і не прачынацца доўга-доўга. Блукала ў глыбокім неспакоі, тузе па скаванай рацэ між сваіх вечных дубоў.
Адзінота. Адчуванне, нібы чалавечыя бядота, боль непасільнай ношай леглі на мае плечы. І сорамна, крыўдна, горычна. Слабасць, немагчымасць стаць усім, паспрабаваць усё - адчай перад Вечнасцю, Бясконцасцю. Круглы шарык - Зямля. У шэрагу падобных дзесяці вакол вялізнага пылаючага магніта-шара. Праспекты Сусвету. Што на іх?!! Вабіць прастора. Існуюць жа яшчэ недзе цывілізацыі акрамя нашай планеты. Надыдзе ж дзень, калі велічны зямны карабель вялізнаю птушкаю сядзе на залацісты россып пяску на іншай зямлі... Вось як настрой павярнуўся!
26 студзеня
Нарадзіўся новы “выдатнік”. Мілая Ларыса Лявонцьеўна. Як хочацца прыляпіцца да моцнага, добрага чалавека... Я звычайная дзяўчына. З прагай ведаў, памкненнем да гармоніі, спасціжэння сэнсу ва ўсім. Хачу пець і таньчыць, бегаць на лыжах і каньках, іграць Грыга, фатаграфаваць, маляваць, вадзіць машыну... І гэтыя жаданні сціплыя і апраўданыя. Хачу жыць. Усімі пяццю пачуццямі прасякацца радасцю. А я існую. Я толькі мару аб жыцці. Адно ў сне спяваю любімыя песні. Што ж, буду чытаць Буніна.
5 лютага
Сваю даму сэрца, юную Беатрычэ Пятрарка сустрэў упершыню на ранішняй месе ў царкве св. Клары ў Авіньёне. Было гэта 6 красавіка 1327 года.
Дома. Канікулы. Заняцца б грунтоўна гісторыяй філасофіі...
Адкрыліся далягляды, аж дух займае - уздым пасля заняпаду! Надалей бы затрымацца ў гэтым сваім стане, які, зразумела, непазбежна знясіліцца.
І чым вышэй узыходзіцца, тым ніжэй сыходзіцца.
Эфект арэляў.
12 лютага
Ужо засумавала па філфаку за два тыдні. І рада, што пачаўся новы семестр. На жаль, заняткі з дзвюх гадзін - разбіты дзень. Размова з Данутай - адзіны чалавек у групе, з кім магу быць шчырай. Спадабалася лекцыя па філасофіі. Была ў Мастацкім музеі.
23 лютага
Раптам засумавалася па бабулі Надзі з Лобчы, аж у грудзях шчыміць. Што ў яе там? Мы адказныя за тых, каго прыручаем...
На медыцыне павяла нас Валянціна Мікалаеўна ў радзільнае аддзяленне трэцяй клінікі. Божа мой, у якіх пакутах нараджаецца новае жыццё! В.М. да спакутаванай парадзіхі: “Ну, Танечка, не можам жа цябе так адпусціць. Пастарайся яшчэ крыху...” Пакуты, напружанне. Цяжкая фізічная праца. А ён, дзіцёнак, не хоча выходзіць. Нарэшце выслізгваюць галоўка, плечыка, ручка. І вось само Яно. Дакладней, ён. Галоўка выцягнутым агурочкам і ўвесь дзіцёнак фіялетавы. Нарадзіўся чалавек! Ды якім незадаволеным крыкам лялечка са зморшчаным тварыкам вітае гэты свет, нібы ведаючы, што ніколі і нідзе не будзе ўжо яму так надзейна і ўтульна, як у маме-доміку. Акушэрка робіць нейкія маніпуляцыі над немаўлём, узважвае. Нам жа за храбрую прысутнасці па цукерцы выдадзена!
Прапанавалі стаць ад філфака карэспандэнтам “Беларускага ўніверсітэта” .
5 сакавіка
Велізарны свет шорсткай шчакой трэцца аб яе сэрца. Свет, але не ён. Вечнасць абяцае ёй усё, відаць, забыўшыся, што без яго - усе падарункі стаюцца сабачанём-тугою, якая скуголіць у падваротні. Дзе ты, адзін-адзіны? Адзавіся. Ёй так цяжка ўтрымацца адной. Рукі над светам, нібы голле бярозы ў непагадзь. А на другім канцы зямлі велізарны свет трэцца шорсткай шчакой аб яго сэрца. Хутчэй - ідзіце насустрач адно другому...
11 сакавіка
На адным дыханні прачытала “Один день Ивана Денисовича” Аляксандра Салжаніцына. Вельмі цікавы, праўдзівы твор. Чаму наклалі на яго veta?!! Спыніліся на палове шляху. Недапушчальна падмалёўваць, змешваць колеры ў сферы, дзе вырашаецца чалавечы лёс. Палітыка?!! А што гэта такое? Крыўдна. І як жа балюча пісьменніку! Некаму не падабаецца, што Салжаніцын гаворыць аб пакутах адных і бесчалавечнасці другіх. Хіба ж палон падчас трагічных ваенных падзей можа разглядацца як віна? Мне сорамна. Да чаго ўсё ідзе? Камсамол. Жахліва. Папера ўсё вытрымае. Ды так не павінна быць! Ленін - ці маю права судзіць? Так, маю. Хачу, каб жыццё было справядлівым да ўсіх. І зараз буду ратавацца рамантыкам Вікторам Гюго...
26 сакавіка
З Опернага - “Севільскі цырульнік”. Цудоўна. Імгненні, калі захапленне збіраецца ў грудзях свежым азонавым паветрам, якім не можаш надыхацца.