Н.Ш. - мілая дзяўчынка. Ды бачыць толькі кепскае, жыве з надрывам. У дзевятнаццаць гадоў чалавек, аднак, не мае на гэта права. Зашмат ахвяр перад намі і дзеля нас. Праўда ў працы, паслядоўнасці.
“Калі б газету называлі ручніком, а ручнік газетай,” - шасцігадовая Тацянка.
2 красавіка
Сорамна глядзець людзям у вочы. Працякае скрозь пальцы надарэмна час. Хочацца збегчы ў музыку...
А. гаворыць: “Навошта табе забіваць галаву нямецкай, сербахарвацкай мовамі. Вось філасофія - справа сур’ёзная”. Е.Г., у сваю чаргу: “Ты засушыш сябе філасофіяй. Вучы нямецкую. Мала? Бярыся за французскую. Толькі не забівай сабе галаву Арыстоцелямі і Платонамі...”. Сыходзяцца ў адным: чытаць, чытаць.
10 красавіка
Жорж Санд. Аўрора Дзюдзеван. Запомнілася з нейкіх ранніх гадоў рамантычным раманам “Кансуэла”, а зараз - адкрыццём яе лёс праз Андрэ Маруа ў серыі “Жыццё выдатных людзей”. Кропкі судакранання: распуста і чысціня, праўдзівасць і ілжывасць, дабрыня і гнюснасць. Ці не зашмат для аднаго чалавека?!
“Вайна патрэбная, каб страсянуць чалавека. Колькі героеў адразу з’явілася...” - гавораць дзяўчаты. І далей: “А то сумна...” Жах. Ну вось, гэта вынік таго, што жывуць як набяжыць, не задумваючыся, што ад кожнага чакаецца, каб здзейсніўся найперш у сваім.
12 красавіка
Кепска. Нярвовая ўзбуджанасць знясільвае. Мне снілася Жорж Санд! Праца, праца. І немагчыма увесь час трымацца ў стане пад’ёму... Джардана Бруна. Я ўваходжу ў вялікае, а пасля адхіляюся, блукаю, каб зноў спрагнелай вярнуцца і прыпасці да крыніцы, прасякнуцца зместам яе. І чым далей, тым уладней прыцягвае мяне гэтая пакутна-цудоўная таемная крыніца...
Памёр Мікалай Ціханавіч Александроў. Алгебра, геаметрыя на беларускай мове з вуснаў афіцэра-франтавіка, не аднойчы параненага. Высокі, заўсёды падцягнуты. У дзесятым класе я хадзіла ва ўсе школьныя гурткі. У матэматычны таксама. Школа пусцее...
Што ўва мне, з кім я? Жыццё па-за Мінскам падаецца цацачным і выпадковым. Я там, дзе мае кнігі, тэатр.
Андрэ Маруа, “Жорж Санд”: “Вся жизнь направляется скрытой метафизикой. Философия Санд была простой. Мир сотворен добрым Господом Богом. Сила любви, живущая в нас, дана нам им. Единственный грех, который не может быть прощен, - это намеренное умолчание и ложь в любви, тогда как любовь должна быть полным единением душ. Я не говорю, что Санд всегда жила по этим принципам, никто из нас не живет всегда по велению своих идей, но нужно судить людей по достигнутым высотам, а не по их падениям”.
15 красавіка
Суботнік у панядзелак. Камуністычны. Сорамна. Згрэбсці лісце, абкапаць пару дрэў. Вось і ўсё.
Можа, мне сапраўды не варта займацца філасофіяй? Але ж мазгі галодныя, патрабуюць харчу. Разумовая дыета, устрыманне невыносныя. І адначасова штосьці ў тых мазгах не спрацоўвае, нейкія вінцікі варочаюцца, што грувасткія мельнічныя жарнавы. Страсць да філасофіі, думкі. Без дэмакрытаў і арыстоцелеў унутраная бура зрывае раўнавагу і як цяжка вяртаць яе...
Люблю людзей. Не задумваючыся, магу кінуць сваё сэрца на ахвярнік, калі гэта зробіць усіх шчаслівымі. І адначасова, калі ў тралейбусе прападаюць перададзеныя талоны, чырванею, нібы ўсе думаюць, што гэта я іх прысвоіла. І нейкае пустазелле ўсё глыбей пускае ўнутр карэнне. Працаваць, каб плённа напружвалася кожная жылачка. Я зашмат энергіі марную на ўціхаміранне сябе ж. Тапчуся на адным месцы пад нізкай столлю. Не хапае паветра. Трэба ж кінуцца ў бурную плынь, каб не было магчымасці аглядацца назад, каб стыхія і супраць маёй волі несла ўперад... І як Зямля, перапоўненая няздзейсненымі чалавечымі лёсамі, не сыйшла яшчэ ад горычы з арбіты...
21 красавіка
У Мастацкім музеі выстава твораў з калекцыі Лежэ. Канаючы раб Мікельанджэла, Венера Мілоская. Такая даўніна, што перахоплівае дыханне - вестуны, сведчанні жыцця, поўнага супярэчнасцей, гарэння. Пакланенне, гонар, захапленне. Дзяцінства і спеласць чалавецтва працягваюць руку ў сённяшні дзень. Хіба славалюбства рухала Праксіцелем, Фідыем? Не!!! Яны ўсведамлялі сябе людзьмі, адказнымі перад Вечнасцю за ўкладзены ў іх талент. І ты, чалавек сённяшні, прасякніся іхняй энергіяй, адчуй агульнасць памкненняў, мэтаў...
І. Бунін, аўтабіяграфічная “Жизнь Арсеньева“ - такі светлы чалавек. І трагедыя: Расія загінула. Незвычайны чалавек, але ці не залішне арыстакрат...
2 мая
Няўжо для таго, каб адчуць гонар за сваё вясковае паходжанне, трэба было пражыць амаль два гады на пятым паверсе?! Няхай вяскоўцы, здараецца, у дробязях бываюць занудлівымі, бурклівымі. Вось, выкарчоўваецца клён, каб вызваліць месца для пасеву. Прыгожы быў? Але месца займаў!.. Ды праз аддадзенасць, вернасць зямлі, выяўляецца галоўная жыццёвая надзейнасць, якой так часта бракуе гараджанам. Нездарма цёця Ніна хоча ў вёску, марыць пра свой домік з зямлёю.