8 верасня
Так, мушу вучыцца, думаць, даводзіць да ладу сістэму пачуццяў і парываў. Ад уласнай бездапаможнасці робіцца страшна. Страх жа ў сваю чаргу паралізуе магчымасці. Болей адчуваю, гавару, чым раблю.
Сніцца начамі Рыга. Дзівосныя мясціны, падараваныя мне летам. Горы Каўказа ў імглістай дымцы. Грывастае мора няўрымслівай пяшчотай лашчыць цела. З залатога сонца - абрыкосы і дух- мяныя персікі...
14 верасня
Аднесла матэрыял у “Знамя юности”. С. Ваганаву спадабаўся!
Якое цудоўнае жыццё! Вера ў самую сапраўдную прышласць. Здорава адчуваць сваю маладосць, сілу. Любіць. Задыхацца ад неабсяжнасці свету. Гарэць прагаю ведаў. Хочацца зацалаваць усю планету па імені Зямля. Вымыць яе. І рвецца з грудзей: Вітаю цябе, Сусвет! У гэты вечар незвычайнае сваяцтва з прамінулым і цяперашнім. Няма маіх болек, тугі. Ёсць глыбокая радасць. Адзінай плынню ўсе ручайкі ў душы. Шчасце? Гэта болей, чым шчасце. Гэтаму няма вызначэння.
15 верасня
У Рускім драматычным тэатры - “Двое на арэлях” Гібсана. У жыцці я перастала плакаць, затое румзаю ў кіно, тэатры...
Трэба, каб жыць азначала - рабіць дабро людзям. Толькі гэтым можа быць апраўдана радасць існавання пад сінім васільковым небам. Калі дорыш, набываеш сам непараўнальна болей, чым атрымлівае другі. Калі б кожнаму хацелася несці паўсюль радасць, якім бы шчаслівым было ўсіхняе жыццё. Людзі, дарагія, будзьце ўзаемна дабрэйшымі...
Прынеслі тэлеграму ад Наталлі Пятроўны - заўтра прыязджае. Ура!
19 верасня
Адчуваю сябе бездапаможнай дзяўчынкай. Хочацца, каб хтосьці добры і моцны ўзяў на рукі, прытуліў да грудзей і адтаяла б мая заледзянелая няўпэўненасць ў сабе, нерашучасць, сарамлівасць, ад якіх няскладнымі робяцца рухі, ненатуральнаю ўсмешка, камянее думка. Ды, на жаль, той добры і моцны збіўся са шляху. Ходзіць дзесьці па крузе і не дайсці яму да мяне, не сагрэць. Спраўляйся сама, дзяўчынка. Нясі ярмо добраахвотнай самоты. Я - чужая людзям, застаюся чужой, так прагнучы дабра ўсім. Пачуццё, быццам ведаю штосьці вельмі важнае для ўсіх і не магу выказаць словамі, наз- ваць... Працаваць. Працягваць вопыты над сабою...
З ЗАПІСАЎ АСПІРАНТКІ
1979
11 мая
Нарэшце выбралася ў Акадэмічную бібліятэку. Пасля двухгадовага перапынку разгубілася, зніякавела перад кніжнымі паліцамі ў філалагічнай зале на пятым паверсе. І дыхнула студэнствам, здалося, што вось-вось увойдзе ажыўленая, прыгожая Данка... Колькі ж мне трэба асвоіць, каб патрапіць у аспірантуру акадэмічнага Інстытута літаратуры! Рука адразу пацягнулася да “Здалёк і зблізку. Беларуская проза на літаратурнай планеце” Алеся Адамовіча. Зачыталася, у захапленні! Вось бы мне каго ў навуковыя кіраўнікі...
Імгненне - адчуваю сябе дужай, здольнай падараваць радасць усім вачам, усмешку ўсім вуснам.
І цяжка стрымацца, каб не крыкнуць штомоцы: Я люблю вас, людзі! Хочацца абняць усіх наўкола. Шчырымі пачуццямі перамагчы крыўдлівую адчужанасць, якая адбірае радасць. У кожным чалавеку прыхавана светлае, добрае, што належыць усім. Натхненне жыць!
23 мая
Ужо сярэдзіна тыдня. Губляюся ў маральных даўгах. Лісты, тэлефонныя размовы і раздражненне, што не вучуся. Забегалася. Характарыстыка з выдавецтва хіба ў парадку. Рэферат?!!
Мітусня глынае “высокія парывы”. Пісаць хочацца і мучаюся нявыказаным, а сіл і яшчэ нечага - ну прызнайся, галоўнага ж, бо здольнасцей! - не хапае. У электрычцы з Асіповіч - сімпатычная жанчына, добра за трыццатнік, з дачкой, як аказалася, васьмігадовай. Насця ўсцешана: у ліловай гронцы бэзу пяціпялёсткавае “шчасце” знайшла. І калі праглынуць яго з думкай аб нечым, дык абавязкова задуманае здзейсніцца. Пытаюся асцярожна: “А ёсць у цябе жаданне запаветнае?” Зажмурылася: “Вучыцца на "пяцёркі"", - а пасля ціха і вельмі сур’ёзна працягнула: “Каб усе родныя, што памерлі, жывымі былі...” Мама ўключылася ў размову: “Вельмі часта на могілкі ездзім...” Белы вялізны бант, касу сама не ўмее заплятаць. Мама ж дачушку выкупае, валасы распусціць, а яны хвалямі кудравымі плечы закрываюць. Ды Насця ж стрыжку хоча! Ой так, прыйдзе час, калі “Дачка сама адрэжа косы...” Мудры верш Веры Вярбы не мог не прыгадацца. Насупраць жа сядзелі ажыўленыя, шчаслівыя маладыя муж і жонка... Мама Насці тужліва-тужліва маўчала. Яе бацькі даўнавата памерлі, і, відаць, з татам дачкі не склалася...