10 лістапада
У аўторак прыйшоў афіцыйны ліст з Інстытута літаратуры. Узрадавалася, хоць, здаецца, радавацца няма чаму. Залічылі ў завочную аспірантуру. Радасцю тое, што кіраўніком прызначаны Аляксандр Міхайлавіч Адамовіч! І якую раскошу я сабе сёння дазволіла за маміны грошы! Купіла “Знакови поред пута” Іва Андрыча - кніга на ўсё жыццё.
29 лістапада
Душа сумуе па прыгажосці, гармоніі. Хоць бы на сваім маленькім жыццёвым адмежку іх прапісаць... З наступнага тыдня пачынаюцца заняткі па філасофіі і deutsch. Ці здолею, аддаючы па восем гадзін карэктарскай, падрыхтавацца да кандыдацкіх экзаменаў? Падмогаю адзін на тыдзень аспіранцкі вольны дзень. Між тым паштовая скрынка пустая колькі ўжо часу! Дні страшэнна падобныя адзін на другі. У тэатры не была сто гадоў, у кіно таксама.
6 снежня
Пазаўчора - чатыры лісты: Беціна, Гоца, Наташа, Валя. Як адразу ўзбадзёрылася... І сёння нарэшце - ад Данкі. Выйшла з ліфту і, не заходзячы ў кватэру, праглынула-прачытала. Не хапае мне дзяўчат маіх! Дадзена жыць побач з увогуле добрымі людзьмі, а адчуваю няёмкасць, што не з імі пры іх, аддаленая душэўна. Адсутнасць у прысутнасці. Гэты год чарговым выпрабаваннем мне: нудная, сумная праца і надалей fremde Menschen. Кожны дзень заняткі. Застаецца трымацца надзеяй, што два здадзеныя кандыдацкія адкрыюць мне дарогу на стацыянар...
14 снежня
Ніна Мацяш. Шчасце, што чалавек гэты ёсць! Адчула сябе “жывою”. Яна, да слёз кволая фізічна, такая моцная духам! У каміннай зале Дома літаратара - вечарына-сустрэча з аўтаркай “Агню”, гэтага майго талісмана, набытага на ганарар з раёнкі ў цеснай дараганаўскай кнігарні на адным з перапынкаў між урокамі... Як даўно мне марылася з Нінай пазнаёміцца, а Ларысе, аказваецца, пашанцавала са школьных гадоў з ёй пасябраваць. Былі на вечарыне Данута Бічэль-Загнетава - вельмі абаяльная, відаць, як мужчынам падабаецца і - Алесь Адамовіч. Амаль закаханая ў яго! Паразмаўлялі. Цудоўны снежаньскі вечар. Цудоўны год, які шчодра на завяршэнне сваё падараваў мне сустрэчы з Людзьмі. Нават не хапае мяне, каб адразу спаўна прасякнуцца дабрынёю гэтага часу. Хіба пакрысе эмоцыі размяркуюцца па ўсёй душы. І яшчэ адна кранальная сустрэча - Станіслаў Пя- тровіч. Як пастарэў, на жаль, за гэтыя гады...Вельмі шкада, што неяк перапыніліся нашы сумоўі.
Учора да ночы падпісвала паштоўкі ў замежжа: Югаславія, ГДР. Кепска, што спехам. Трымаюцца адносіны з маімі турыстамі. Няўжо былі гэтыя мае выезды ў самы Чоп на мяжу, каб сустрэць групу і далей суправаджаць у Кіеў, Маскву, Ленінград. Падарожнічаць і зрасціся з некаторымі так, што і праз гады яны запрашаюць да сябе... Часопісы заказала. З deutsch да заняткаў шмат трэба перакласці.
1980
8 студзеня
Ніна ў Бараўлянах, у бальніцы. Наведалі з Ларысай яе. Адчуванне, што Ніне можна сказаць пра ўсё-ўсенькае і хочацца бясконца слухаць яе, здзіўляючыся як абнаўляецца, здавалася б, добра знаёмае ў яе вуснах. Так што я цяпер проста ўлюбёная ў дваіх - Ніну і Алеся Міхайлавіча. Забягала ў Інстытут. Не адчуваю халоднай дыстанцыі. Не хвалююся тым, што пра мяне падумаюць. Сорамна толькі аказацца зусім бяздарнай, хоць і гэта генеральна нястрашна. Варта было прайсці праз выпрабаванне ўступнымі экзаменамі, каб вось так мець права на размову з Алесем Адамовічам. Удалы дзень: яшчэ і дваццаць пяць тысяч з deutsch здала і нават аўтобусы нібы да мяне дапасоўваліся, ні разу не давялося чакаць на марозе. І яшчэ адна радасць: першая набытая кніга ў новым годзе - “Выбранае” Канстаціна Паўстоўскага, асабліва дарагое мне яго “Залатой ружай”.
24 студзеня
Зачыняйце за сабой дзверы ў мароз, каб тым, хто на першым паверсе жыве, таксама цёпла было. І як часта мы тыя дзверы наросхрыст пакідаем. І на першым паверсе і ў чалавечай душы скразнякі робім, уварваўшыся ў яе знянацку...
Была на пасяджэнні Навуковага савета Інстытута. Зацвердзілі тэму дысертацыі: “Беларуская і югаслаўская ваенная проза: маральна-этычны свет героя”. Сядзелі перада мной “зубры” інстытуцкія (Ю.С. Пшыркоў, В.В. Барысенка, П.К. Дзюбайла) і перагаворваліся, што немагчыма такую шырокую тэматыку ў кандыдацкай, калі яшчэ вопыту зусім няма, асягнуць. Маюць рацыю?! Давяраю Алесю Міхайлавічу. Цікава было паслухаць Алеся Разанава, аказваецца, аспіранта-завочніка А. М. Адамовіча чацьвёртага года ўжо. Значыць, я на ягонае, можна сказаць, амаль вакантнае ўжо месца ў аспіранткі Адамовіча залічана. І сядзелі яны побач.