6 лютага
Сёння Лілянцы Бецінінай - годзік. Са святам мацярынскім, mein liebes Schwesterchen!..
16 лютага
Прачытала аповесць Алеся Адамовіча “Карнікі”. Вусцішна. Ты, апынуўшыся ў той судны, трагічны дзень 15 чэрвеня 1942 года ў вялікай вёсцы Боркі паблізу ад Кіраўска, што недалёка ад Бабруйска і маіх Асіповіч, не можаш вырвацца з яе. Не па сабе, нават страшнавата вяртацца было ўвечары дадому з бібліятэкі, а як нагоніць які карнік і стрэліць у спіну... Сам-насам чытачу цяжка з тым жудасным светам, а як жа пісьменнік? Якое неймавернае намаганне над сабой трэба было зрабіць, каб узнавіць тую вялікую трагедыю, аддаць належнае ахвярам і выкрыць злачынцаў... Хоць гэта лагічны працяг працы над кнігай “Я з вогненнай вёскі...”. Ён жа, Алесь Адамовіч, быў ініцыятарам пакутлівых вандровак па Беларусі, каб ім утрох - яшчэ Янку Брылю і Уладзіміру Калесніку - запісаць сведчанні тых, хто гарэў, а цудам ацалеў. А гарэлі звыш дзевяці тысяч беларускіх вёсак!.. З якой бездані болю зачарпнуў Алесь Міхайлавіч!
17 лютага
Чарговы мой дзень... Душа патрабуе, моліць любімай справы, бунтуецца, адмаўляецца працаваць па прымусу. Ды мушу прымусіць, “угаварыць”, бо ад гэтага цяпер уся мая прышласць залежыць. Пісаць бы! І хочацца Брыля чытаць...
Не саромецца рабіць добрыя справы! Сёння бабулька ў аўтобусе ў дзяўчыны побач са мной блытана пыталася, ці даедзе да праспекта і хіба, не зразумеўшы, выйшла раней часу. Хацелася кінуцца за ёй, пасадзіць і растлумачыць усё, а засаромелася - шмат сведкаў. Потым так брыдка стала на душы.
21 лютага
Вучоны сакратар сказаў, што вельмі цяжка з пераводам на стацыянар, маўляў, не спадзявайцеся. Я ж звыклася з тым, што на мне цукеркі ў чарзе заканчваюцца, ці касірку да тэлефона клічуць, калі я амаль спазняюся некуды. Ужо шмат менш крыўдую. Тады і радасць, і няўдача здаравей успрымаюцца, не выкідаюць з сядла.
Лісты. Так чакаю іх, а сама недаравальна маўчу.
12 сакавіка
Учора заходзілі з “каралевай ангельскай” Тайкай да васьмідзесяціпяцігадовай Вольгі Андрэеўны. Цікава - верыць адначасова ў Бога і ў камунізм. Пра крынічную ваду і бярозавы сок гаворыць, што яны гаючыя, бо з зямлі бяруць тое, чаго мы, людзі, узяць не можам. Расклала карты, варажыла, мяне аж “прымарозіла”. Урэзаліся ў памяць таксама яе словы, што жыццё такое доўгае, а хацелася б ёй “хоць вокам адным на камунізм паглядзець...”
У абедзенны перапынак стаяла ў чарзе за маслам і мне апошні кавалак перапаў, а за мной людзі на мяне раўніва-непрыязна спаглядалі. І я ж незадоўга хвалявалася, каб мне хоць хапіла. Ды як прыкра стала сябе самой, як нізка падаю! І надакучылі дэфіцыты. Гэтым разам, праўда, у чарзе гаварылі, што беларускае масла ў Польшчу адпраўляюць. Бо там праблемы. Але ж крыўда на тых людзей, што высока сядзяць і не могуць загаспадарыць адпаведна. Гэтак і наш грамадскі лад можа рассыпацца з-за неахайнасці кіраўнікоў...
28 сакавіка
Данцы - сёння дваццаць пяць! Там, за дзвюма, хоць і брацкімі, а межамі, ты, можа, успамінаеш аб сваіх святочных днях ў роднай Гаслаўшчыне, у Мінску на Кастрычніцкай і вось зноў дома, у той далечы далёкай... Як жа мне цябе не хапае! А калі хоць аднаму чалавеку ты патрэбны - ужо гэта значным апраўданнем жыццю нашаму...
16 красавіка
Лісты ад Беціны, Данкі. І сама напісала Наташы, Наталлі Пятроўне. Музыка: Моцарт, Грыг. Дзень пачаўся з вершаў Райнера Марыя Рыльке:
O Leben Leben, wunderliche Zeit von Widerspruch zu Widerspruche reichend im Gange oft so schlecht so schwer so schleichend und dann auf einmal, mit unsaglich weit entspannten Flugeln, einem Engel gleichend:
O unerklarlichste, o Lebenszeit...
Закончыліся семінарскія заняткі па філасофіі. Па рэферату “выдатна”. Дрыжу перад экзаменам. Абарвала ўчора правады тэлефонныя: шукала Адамовіча. Іншы свет. Маю ж “Лелейскую гару” чарнагорца Міхайла Лаліча ў Алеся Міхайлавіча пазычыў пачытаць Васіль Быкаў. Бяруся за чарговы раман Лаліча. І deutsch наперадзе.
23 красавіка
Зайшла да Веры Міхайлаўны ў бібліятэку. Якою лёсаноснаю была сустрэча з ёю на другім курсе! Натрапіла ў “Дружбе” на “Ex ponto” і “Немири” - першыя кнігі Іва Андрыча.
І ўжо хранічным болем - адносіны да беларускай мовы. Люблю могучий русский язык, які абставінамі таксама як родны. Але ж я - беларуска! Не бачу розніцы паміж сваімі замежнымі сябрамі і сабою. Але ж я - беларуска! Мая бяроза, мая рака, мая лясная сцежка - у сэрцы Беларусі. Разам з адмаўленнем ад нацыянальнага мы губляем, магчыма, душу сваю. Прынамсі, яе крыўдзім, істотна абяссільваем. Асіміляцыя - цалкам стратная з’ява. Як можна дазволіць, каб народ на сваёй крэўнай зямлі асіміліраваўся, уніфікаваўся? Спрачалася ўчора амаль да слёз у карэктарскай з Зінаідамі - Міхайлаўнай і Якаўлеўнай. Як асабістая крыўда...