Выбрать главу

7 мая

Хуткая дапамога - не ля майго пад’езда. Спачуванне некаму, але ж і пачуццё палёгкі: бяда абмінула цябе, тваіх блізкіх.. У кожным жыве затоеная эгаістычная радасць? Спачуваць шчыра, да самага донца, каб боль іншага стаўся сваім болем, здольны нямногія. Ды і ўвогуле, ці магчымая такая чалавечая высакароднасць? Відаць, іначай спачуваюць тыя, хто яшчэ не меў вопыту цярпення і тыя, хто зведаў пакуту... І непазбежна пераключаюся на сваю ваенную тэму. Як, знаходзячыся далёка ад падзей, зразумець, ацаніць тое, як яны данесены, выяўлены ў мастацкім творы? Непрабачальна аказацца бездапаможнай, недастатковай у інтэрпрэтацыі твораў саміх непасрэдных удзельнікаў вайны. Зманіць, хаця б і ад чыстага сэрца. У каторы раз узнікае недавер да свайго “я”. І, відаць, шлях да ісціны адзін - самае сур’ёзнае, адказнае стаўленне да працы. І не пазбыцца віны без віны перад імі, байцамі, маладзенькімі лейтэнантамі, партызанамі, якія жыццём сваім ахвяравалі, каб нацысцкі план Барбароса не знішчыў славянства, не падпарадкаваў сабе Еўропу...

30 мая

Па філасофіі - “выдатна”! У першы момант адчуванне невыказнай лёгкасці, а потым - звыклая незадаволенасць сабой. Георгій Іванавіч, відаць, зараней, на семінарскіх ужо, “выставіў” нам адзнакі. Усё ж працавала я паўгода сумленна і насуперак стомленасці. Значыць, адзін кандыдацкі за спіной. Не расслабляцца - праз тыдзень deutsch.

Проста так - для душы, забягала ў Інстытут. І на самым уваходзе ўбачыла знаёмы твар. Прыгадалася, што мільгануўся ў сектары, як прыходзіла ўпершыню абмяркоўваць тэму да Алеся Міхайлавіча. Імгненна вырашыла, што жанчына мяне не помніць, а яна, у яркім чырвоным бярэціку, звярнулася да мяне і назвала нават па імені.

І падакарала, што лепш аказацца “перавыхаваным”, чым наадварот. Мне так сорамна зрабілася! Што дасюль ніякаватасць не сыходзіць. Вось так, вучаніца-аспірантка!

18 чэрвеня

Ну што, заяц, даскакаўся?!! Здаецца, вялікім глупствам была мая згода на завочную аспірантуру. Трэба было ў дзённую паступаць і паступаць. Здзіўляюцца, як два кандыдацкіх за паўгода змагла здаць, а абяцанае не хочуць выконваць. Са спецыяльнасцю спяшацца не буду, а іх жа да таго дзве - беларуская і югаслаўская літаратуры.

У мяне зараз ёсць час і сілы, каб адчуць як хочацца займацца і няма часу і сіл, каб гэта здзейсніць... Усё праз сябе, праз насілле над душой сваёй кволай - карэктарскай, кухняй, побытавай мітуснёй, жыццём, дробязным і бяссэнсавым.

24 жніўня

Была верасовая дарога ў Белаазёрск з Ларысай.

Усе словы аказваюцца слабымі і недастатковымі, каб выказаць мой стан, настрой пасля дзён у Белаазёрску. Ніна! Родны, блізкі чалавек. Адкуль гэта?!! Яе сіла, сіла бездапаможнай фізічна. Я, каюся, у чарговы раз пабойвалася, што не здолею, здаровая і нікчэмная, стрымаць жаласліваць. Ды, на шчасце, ёсць толькі спачуванне. І адчуванне яе вялікай, нават уладнай дабрыні, самадастатковасці. Утульная кватэра ў цэнтры Белаазёрску, а за пару кіламетраў - родная вёска Ніва, дзе жывуць такія слаўныя сардэчныя бацькі і сёстры Ганна з Марыяй. Мама Ніны такіх смачных яблык нам з Ларысай на дарогу назбірала. Стаіць у вушах Нініна “Калыханка маме”...

30 жніўня

Беціне сёння споўнілася 26 гадоў! Ні слова яшчэ ад яе з Балгарыі. Хадзіла ў грыбы. Асалода і заўсёднае, а новае здзіўленне цішынёй і лясным, непараўнальным ні з чым, водарам позняга лета. У адпачынку. Хочацца перакладаць Андрыча. Уплыў Ніны? Увогуле ж вяду расліннае жыццё. Каб была пэўнасць, што сяду за кнігі, а не за карэктуры, з радасцю аддавалася б гэтай будзённасці. І яна ж патрэбная, бо часам проста лечыць. Зараз жа, здаецца, калечыць. Бо не чытаецца, не думаецца аб патрэбным, а час ляціць. Я ж усё на адным узроўні, калі не ніжэй...

15 кастрычніка

Амаль рэзкая размова ў кабінеце І. Я. Навуменкі ў Інстытуце. Ён бачыць мяне супрацоўнікам сектара тэксталогіі. І на маё ледзь стрымліваемае, каб не расплакацца, але ж адчаянае, што дык можа аспірантуру трэба кінуць, пачула з дырэктарскага крэсла абыякавае: “Кідайце!”.

22 кастрычніка

Увесь прамінулы тыдзень у песімізме з пробліскамі надзеі. У Алеся Міхайлавіча дома. Над пісьмовым сталом у кабінеце новыя партрэты з’явіліся. Відаць, бацькоў, а паміж імі - маленькая, зараз дарослая дачушка. Удзячная яму за ўважлівасць, бо як жа баліць усёй мне гэты апошні візіт у Інстытут. Сказаў Алесь Міхайлавіч, што Навуменка ўвогуле адходлівы і можа якраз добра, што так сталася, бо ў яго пачуццё віны нейкае прабілася, якое ў размове з ім Алесь Міхайлавіч адчуў. Буду чакаць, як і вучоны сакратар раіць.

15 снежня. Нібы на чамаданах сяджу.

Галоўнае ж - мой унутраны свет, мір паміж памкненнямі і магчымасцямі. Залежная ад абставін, людзей, я не ў стане змусіць іх быць дабрэй да мяне. І здаўна трымае на паверхні перакананне, што жыццё апраўдана толькі тады, калі з дня ў дзень над сабой працуеш, імкнешся зразумець, што ж у гэтым неасягальным чалавечым свеце адпавядае менавіта табе, да тваёй душы прамаўляе і раскрывае найперш твае магчымасці. Слабачка я. Не маю сіл якраз за істотнейшае змагацца - за ўнутраную раўнавагу. Нават, на першы погляд, невырашальныя супярэчнасці прызваны не разбураць нас, а загартоўваць, умудраць. Толькі тады яны маюць сэнс. Вось, боль з душы выцясняю гэтымі цяжкавагавымі роздумамі. Разважаю добра, але адкуль узяць сілы, каб устаяць без відавочнай падтрымкі... І пайду з абедам да Ларысы. Гэта важней сёння за ўсе бібліятэкі - яе хворую падтрымаць.