Адчуванне, што паездка ва Уладзімір - Суздаль спрычынілася да адкрыцця глыбокіх крыніц у маёй душы... I нібы пачынаю бачыць знутры. Нарэшце вяртаецца мне тое, што мне і належыла, а было страчана ці не запатрабавана, тое, па чым хіба тужылася здаўна...
27 лістапада
Апошнія дні гармонія ў душы, нягледзячы на невыразнасць сітуацыі са стацыянарам, тую ж манатонію карэктарскай, якая раптам перастала раздражняць. Не трэба рабіць намагання, каб не пакрыўдзіцца і, зразумела, іншага не пакрыўдзіць. І няма боязі, што праміне гэты стан. Самадастатковасць? Магчыма, нічога вартаснага не напішу, не скажу - адкуль ведаць. Але адчуваю сябе шчаслівай. Шчасцем, якое, здаецца, ні каханнем, ні мацярынствам, ні натхненнем, ні поспехам не даецца. Шчасцем, якое вынік усяго разам узятага. Ад знешняй актыўнасці, дзеяння - да духоўнай засяроджанасці. Так, гэты мой стан цяперашні, разумею, часовы. Але ж дзёрзкае памкненне свет спасцігнуць, у сябе ўвабраць як мага болей з вопыту чалавецтва - дзесьці на перыферыі душы зараз, аб чым, як ні дзі ўна, і не шкадую.
2 снежня
Сапраўдная зіма з марозам, снегам, сонцам. Над Евангеллем ад Луки: “Наконец будьте все единомысленны, сострадательны, братолюбивы, милосердны, дружелюбны, смиренномудры; не воздавайте злом на зло или ругательством за ругательство; напротив, благославляйте, зная, что вы к тому призваны, чтобы наследовать благословение. Ибо, кто любит жизнь и хочет видеть добрые дни, тот удерживай язык свой от зла и уста свои от лукавых речей; уклоняйся от зла и делай добро; ищи мира и стремись к нему, потому что очи Господа обращены к праведникам и уши Его к моливе их, но лице Господне против делающих зло (чтобы истребить их с земли)”.
Са шкадаваннем дачытала дылогію Алеся Адамовіча “Сыновья уходят в бой”. Хочацца далей пабыць у створаным пісьменнікам свеце, паназіраць за Толем, бо твор аўтабіяграфічны, і Алесь Міхайлавіч так шмат свайму герою, відаць, ад самога сябе перадаў...
7 снежня
Учора пазваніла вучонаму сакратару, а ён раптам: “Збірайце манаткі ў выдавецтве!”. Напісала заяву на імя дырэктара Ф. I. Савіцкага аб звальненні па ўласным жаданні ад 15 снежня. Такая была ўзбуджаная, што галава разбалелася. Не верыцца. Ужо цяпер, калі мары рэчаіснасцю стаюцца, зноў да мяне трывога заўсёдная падбіраецца, якая ўвогуле, відаць, комплексам непаўнацэннасці завецца, а, маўляў, ці справішся... I адзіным выратаваннем зараз у гэтай непагодзе душэўнай - Евангелле. Чытаю і далей канспектую. Пяццю хлябамі і дзвюма рыбамі Хрыстос дзесяткі тысяч людзей накарміў!..
Дні стаяць чыстыя, ясныя. Дакраніся - зазвініць блакітна-белы абшар. Бяроза - само далікатнае хараство, асабліва ў такую снежнасць і сонечнасць. Вярталася з Дараганава электрычкай. Дзень няўхільна гаснуў і трымцела затрымаць надыход сутоння, каб насыціцца дзённым хараством свету, такім кароткім у снежні! Зусім рана, амаль ужо апоўдні, краі блакітнага купала пачынаюць паціху імгліцца...
10 снежня
Пасля Уладзіміра - Суздалі не пазнаю сваю душу - святло, ціхамірнасць і нешта такое, што даступнымі, вядомымі мне словамі не вызначаецца
12 снежня
Апошняя гадзіна ў карэктарскай?!! Працоўную кніжку забрала, апошнюю дзённую норму зрабіла. Кнігі, кубак, чаравікі спакавала. Стол вычышчаны для пераемніцы. Лаўлю розныя позіркі: ласкавыя, зайздросныя, запытальныя... Не верыцца, што з панядзелка не трэба ўжо будзе з дня ў дзень раніцай ляцець сюды. П'янею ад прадчування волі...
1981
13 студзеня
Позні навагодні вечар па старым стылі. Святочнасць часу, таемнасць пераходных імгненняў... Лічыцца, што ўсё задуманае ў гэтую ноч спаўняецца. Быў бы ты, 81-шы, - яшчэ раз прашу - шчодрым на рупную працу і добрыя вынікі яе, на дарогі і сустрэчы. I каб выказалася, напісалася, каб далей тварыўся цуд у душы... Cognosce te ipsum!
27 студзеня
Запоўніла разам з Алесем Міхайлавічам індывідуальны план, напісала заяву на камандзіроўку ў Інстытут славяназнаўства і балканістыкі. Асвойваць Маскву ў новай іпастасі?! Трэба пабегаць па кнігарнях, каб да выезду знайсці “Карнікаў” для дырэктара Інстытута славяназнаўства і балканістыкі Дз. Ф. Маркава. У самога аўтара - дэфіцыт запасных асобнікаў. Размова з Алесем Міхайлавічам. Прыемна, што параіў чытаць уважліва Бялінскага, якога я сама здаўным-даўна так сумленна чытала і канспектавала. Перакладала Андрыча. Прачытала “Імгненні” А. Ісаковіча, зрабіла выпіскі. З “Вячэрнім Мінскам” прыйшоў ліст ад Данкі. I адразу ж села пісаць адказ у Дрэздэн.