9 лютага
На Беларускім вакзале, у чаканні. Насуперак трывогам хутка, зусім не блукаючы, знайшла акадэмічную гасцініцу на Ленінскім праспекце і Інстытут на Ленінградскім. Была ў дырэктара! На яго метадалагічнае абнаўленне метаду сацыялістычнага рэалізму так шмат і з такой павагаю цяпер спасылаюцца, што я аж здранцвела на нейкі момант перад аўтарытэтам, зайшоўшы ў кабінет. Вельмі прыемны пажылы чалавек, хударлявы, каравокі. Два разы руку мне паціснуў. Перадала кнігу. Пра Адамовіча, Інстытут распытваў. Як мне ад гэтага майго дрымучага правінцыялізму выбавіцца! У тры гадзіны - на кансультацыю ў Інстытут да загадчыцы сектара сучасных сацыялістычных краін С. А. Шэрлаімавай.
10 лютага
Калі запісвалася ў Бібліятэку замежнай літаратуры, падыйшла Г. Я. Ільіна, якую якраз упаўнаважылі кансультаваць мяне ўчора ў Інстытуце. Адразу ўзнік давер да яе, такой лагоднай, інтэлігентнай. Можна сказаць, чарговы раз проста ўлюбёная ў чалавека! І сабой незадаволеная, бо зашмат гавару, як спяшаюся сябе раскрыць, але ж няма ў тым патрэбы!
Доўга, да знямогі працавала ў каталогах. Здаецца, што момантамі апынаюся на самым краі сваім, за якім - бездань. У карэктарскай думалася, што варта мне толькі пазбыцца той манатоніі, як узнімуся, ураўнаважуся. І вось гарую цяпер па днях, прасякнутых унутранай радасцю і ўсепрабачальнасцю, якія падхапілі мяне пасля Уладзіміра - Суздалі. Нібы паказана было, да якога стану душы трэба імкнуцца...
13 лютага
У Інстытуце ў Трубнікоўскім завулку - добрая размова з Галінай Якаўлеўнай. На руках мінімальная праграма па югаслаўскай літаратуры. Спраўлюся? Сёння можна было б і з’язджаць. Стаміла шматлюдная, велізарная Масква. Запісалася ў Ленінскую бібліятэку. Спачатку ў каталогах разглядалася, а пасля знайшла месца ў чытальнай зале, агромная, а ўся запоўнена. Пасядзела з гадзіну і пакіравала ў кінатэатр “Кастрычнік”, каб паглядзець фільм “26 дней из жизни Достоевского”. Iграюць артысты кепскавата, але вялікі дух перамагае, выйшла ўсхваляванай - Дастаеўскі! З якога часу ён прысутны ў маім жыцці? Здаецца, што заўсёды быў. Хочацца патрапіць неяк у наша беларускае Дастоева...
15 лютага
Загорск. Троіца-Сергіева лаўра. Святло, вышыня. Гарачыя слёзы просяцца з вачэй. Мноства людзей. Манахі ва ўсім чорным - упершыню бачу! У трапезнай ішла служба. Паўзмрок і людзі, людзі, нават дыхаць цяжка. Хацелася ўпасці на калені і горача-горача маліцца... А маліцца якраз не ўмею, не ведаю малітваў і паўтарала перакручана, прыблізна “Отча наш”. Так хочацца, хочацца маліцца! Сілы дае малітва і штосьці сутнаснае ў чалавечай прыродзе закранае. Адчуваю ў сабе жывую крынічку, якая ні ад здольнасцей, ні ад сардэчных повязей, якая сама па сабе, а я жывая, пакуль яна струменіць знутры. Па-рознаму, то слабей, то мацней. I мае дні ў прамой залежнасці ад сілы яе. Што ў нас чалавечае?!. Дзе яно, гэтае чалавечае, пачынаецца і канчаецца?!. Чым рознімся ад іншых жывых клетак...
16 лютага
Заўтра мне - дваццаць шэсць... У Ленінцы, чытаю, вяртаецца форма студэнцкая, калі так плённа сядзелася ў бібліятэцы, здаралася, ад раніцы да вечара. Год таму чытала ў Акадэмцы “Карнікаў” Адамовіча - год як дзень... Нарэшце маю магчымасць займацца сваім і ісці да выразнай мэты, хоць халадок нерашучасці ўсё яшчэ адчувальны. Але ж, каб мець вынікі, трэба запаўняць кожны свой дзень адпаведным зместам, сумленна працаваць. Дваццаць шэсць - некаторыя паспявалі за гэты час нарадзіцца, вырасці, выказацца дзеяй, мастацкім шэдэўрам і памерці... Разумею, што найперш трэба быць чалавекам. І любіць людзей не за тое, што любяць цябе, а за чалавечае ў іх. Пакуль што так складана разабрацца, што да чаго ў гэтым свеце. Не хапае пачуцця веры, вышыні, якія не заслугамі і поспехамі знешнімі вызначаюцца і найчасцей скрыўджанымі штодзённай мітуснёй аказваюцца. Толькі шчырасць гарантуе адказнасць за кожнае злое пачуццё, што абражае, хай сабе тайна ад іншых, але ж успыхвае злосным пякучым агеньчыкам і чорныя выгарыны па сябе пакідае.
Спадзяюся, што дні, дзень за днём, прывядуць мяне да аркуша паперы, які мною выкажацца і будзе гэта маё зразумелым і патрэбным людзям...
2 сакавіка
Учора мамін дзень нараджэння і асляпляльны першы дзень вясны... Ночы стаяць яшчэ марозныя, зорныя, раніцы пачынаюцца ціхай усмешкай сонца свету, якая хутка ўбіраецца ў сілу і абяцае вялікія перамены ў прыродзе. У настроі чалавечым!