Чакала на станцыі цягнік. Побач лакаматыў таксама чакаў, каб дарогу яму даў пасажырскі дызель. Нецярпліва працаваў рухавік. Сонца, снег такія, што нават вачам балюча. І раптам на дарозе ўздоўж чыгункі - павольная жалобная працэсія.
Машына з труною ў адкрытым кузаве, крыж, невялікі натоўп засмучаных людзей. У гэты цудоўны першы сакавіцкі дзень некага везлі на апошняе месца яго зямное. Смерць. I працяла холадам знутры, бо страх за блізкіх людзей не-не ды сціскае сэрца. Час мільгае і немінуча набліжае ростань з тымі, без каго свет пусты. Або я сама раней сыйду?.. Самае лёгкае не нарадзіцца, каб потым не пакутаваць. Але ж без горычы не бывае радасці.... Толькі як можна жыць, калі раптам нехта з тваіх самых-самых родных ды і проста дарагіх назаўсёды знікне з зямлі? Добра, што ёсць даўгі, абавязкі, якіх ніхто за цябе не выканае. Паспець знайсці сваё, умацавацца, пакуль пачнуцца страты, апярэдзіць непазбежнае...
Усё маё свядомае жыццё прасякнута радасцю быцця, адчуваннем прыгажосці свету. Ды такім моцным, гарачым, што балюча часам. Мінорная нота заўсёды гатовая ўзняцца, загучаць. Яна і ў прадчуванні блізкай ці далёкай ростані зямной, і ў вычуванні руху часу. Хвіліны, гадзіны - то ва ўнісон майму ўнутранаму пульсу, то возьмуць і рэзка супрацьпаставяцца. Калі я забываюся аб часе наогул, не гляджу на гадзіннік, я сумленная перад яго вялікасцю і належу Вечнасці. Выпадаюць такія імгненні. Калі ж бясконца ўглядаюся ў рух стрэлак, пакутліва тупаю ў адным месцы - грашу. Трэба імкнуцца да першага стану, што азначае перамогу духу над целам.
18 сакавіка
Якая радасць сёння - маю нарэшце “Идиота” Дастаеўскага! Проста эйфарыя ахапіла, калі пабачыла ў кіёску кнігу, пра якую здаўна марыла.
У панядзелак - секцыя крытыкі і літаратуразнаўства ў Доме літаратара. Янка Брыль, сама яго прысутнасць дух уздымае. Адчуваю сябе маленькай, дурненькай перад ім. Хоць ён ведаць не ведае пра мяне і пра тыя думкі, пачуцці, якія выклікаюць ува мне яго творы і ён як асоба. Шчаслівыя яго блізкія і якое шчасце для нас усіх, што ён ёсць!
Іван Чыгрынаў, Барыс Сачанка, Анатоль Вярцінскі, Вера Палтаран... Мне нязвыкла, няёмка. Прозвішчы, знаёмыя па кнігах. Хоць ужо і прывыкаю... Утульны Дом. Хочацца, каб было пра што гаварыць з гэтымі людзьмі тут.
Сапраўдная літаратура выклікае натхненне і прыліў свежых сіл, вясну пачуццяў. Думала толькі прагарнуць кнігу славенца Цырыла Космача і заканспектаваць уступ. Чытала ж раней з захапленнем яго “Баладу аб трубе і воблаку”, а гэтым разам не змагла адарвацца ад “Вясновага дня”. Журба, сум, жыццё і смерць, надзея, чаканне. Штосьці зрушваецца ў маіх унутраных сутарэннях. Быццам мяняюся пад уплывам вялікай літаратуры сербаў, харватаў, чарнагорцаў, славенцаў, набрыньваючы новай вобразнай інфармацыяй. Мой Андрыч, Добрыца Чосіч, Міхайла Лаліч, Бранко Чопіч, Меша Селімавіч, Міраслаў Крлежа, Антоніе Ісаковіч, Мірка Божыч...- цэлы сусвет, без якога не ўяўляю ўжо свайго жыцця.
15 красавіка
Удалося! Дзякуючы Віктару Антонавічу Каваленку аказалася на VІІІ з’ездзе пісьменнікаў Беларусі. Паабяцаў і прынёс мне білет. Правяралі ж вельмі строга: на самім уваходзе ў Палац культуры, а пасля яшчэ непасрэдна пры зале. Білет і дакумент трэба было паказаць. Чаму? Няёмка перад дзяўчатамі, бо і яны - аспіранткі Інстытута літаратуры! - хацелі патрапіць на гэта ўвогуле ж свята. Алесь Міхайлавіч адазваўся, пабачыўшы мяне: “I вы праніклі. Малайчына...” Адшукала Ніну. Побач з ёй. Выступалі Пімен Панчанка, Максім Танк, Іван Чыгрынаў, Анатоль Вярцінскі, Язэп Семяжон, Алесь Адамовіч, Аляксей Карпюк, Адам Мальдзіс, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Караткевіч і іншыя-іншыя. Вочы мае разбягаліся, а галава ішла кругам у літаральным сэнсе. Да Ніны шмат падыходзяць, каб прывітацца. А хто я пры ёй? I калі карэспандэнт Уладзімір Крук падчас перапынку прапанаваў зрабіць фотаздымак пісьменніцкай сябрыны вакол Ніны, як сышліся Ларыса Геніюш, Уладзімір Караткевіч, Данута Бічэль-Загнетава, Валянціна Коўтун, я адышла... Цікава, у Саюзе пісьменнікаў - 301 мужчына і толькі 36 жанчын. Усё ж найбольш памятныя выступленні - Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Уладзіміра Караткевіча. I Янкі Брыля! Балюча, што яму ўжо 64 гады, а і блізка няма яму падобнага сярод маладзейшых. Словы заклапочанасці, трывогі за стан нашай мовы, літаратуры, урэшце - душ чалавечых. I з Станіславам Пятровічам пагаварылі крыху. Заахвочвае пісаць... Бясконца яму ўдзячная.
23 красавіка
Азарыла: што яднае Андрыча і Брыля? Ад Брыля - да Талстога Льва Мікалаевіча. Яднае шчырасць, пранізлівая ступень шчырасці.