29 мая
З прыгодамі ўладкавалася ў старой акадэмічнай гасцініцы “Якар” на Горкага, паблізу ад Беларускага вакзала. Падчас вайны ў эвакуацыі тут жыў з сям’ёй і тварыў Кузьма Чорны!.. Вялізная лямпа пад чырвоным шаўковым абажурам. Святло ўтрымліваюць ці, наадварот, на святло ляцяць тоўсценькія купідоны-хлапчучкі з пазалочанымі крыльцамі. Шырачэзныя падваконнікі - праз іх не звесішся, каб выглянуць на вуліцу, хіба што трэба залезці з нагамі... Званіла Г. Я. Ільіной, адзначыла камандзіроўку на Ленінградскім праспекце. Музей Л. М. Талстога на Крапоткінскай - узвышанае судакрананне з жыццём Чалавека. Словы аб сумленні Талстога выпісала. Прасядзела каля трох гадзін у Ленінцы над кнігамі, якія Галіна Якаўлеўна параіла асвоіць. Добра прыхаваны трынаццаты аддзел: чатыры паверхі і яшчэ адна лесвіца, калідорам налева і зноў налева. Старая і новая Масква за вакном. Залатыя купалы з крыжамі і чорныя трубы за імі. Хочацца пісаць аб жаночай долі, характары, дзецях. Як? Адкуль узялася гэтая туга па аркушу паперы? Вось жа вымучвае мяне ўжо колькі гадоў запар, не адпускае. Мяняюцца тэмы, сплываюць няздзейсненымі задумы, каб ніколі ўжо не вярнуцца, а гэтая пакута не мінае. Мабыць, падтрымлівае яе надзея, абяцаючы, што вось-вось наступіць прасвятленне і нарэшце выкажацца, напішацца тое, што просіцца ў свет. Трэба толькі пераадолець яшчэ адну перашкоду. Так, пакута з тых, якія жыццю хоць бачнасць сэнсу надаюць і калі боль у сабе адчуваю - значыць жывая. Пакута, якую гоніш і галубіш адначасова...
4 чэрвеня
Ідэальны стан духу (для мяне). Унутраная раўнавага, лёгкая журба, адкрытасць хараству, прыгажосці, імкненне дапамагчы, паклапаціцца. Моцнай сябе адчуваю. Загорск - прычынай? Калакольны перазвон над зіхатлівымі купаламі пад мяккім блакітам з белымі аблокамі. Была ў падмаскоўным Абрамцава - Аксакаў, Паленаў, Рэпін, Васнецоў. Першага чэрвеня ў тэатры Маякоўскага “Чайка” А. П. Чэхава - з Таццянай Даронінай, Яўгеніяй Сямёнавай. Балкон, другі ярус, але цудоўна было ўсё і відно, і чутно. Жыццё на сцэне. Учора добра чыталася, а выйшаўшы з бібліятэкі, пакіравала на Арбат. Прыемна было паволі ісці і спакойна ўглядацца ў твары сустрэчных, разглядаць дамы, заходзіць у невялікія крамы, а тым часам аднекуль думка наплыла, што недзе тут жа на Арбаце тэатр Вахтангава, што добра было б у яго патрапіць. Недзе перад сёмай падышла да будынку тэатра ў рыштаваннях - рамантуюць фасад. І нейкая дзяўчына нечакана прапанавала білет! Спектакль “Двери хлопают”. У Мінску глядзела, але, зразумела ж, пайшла. “Купалаўцы” не горш ставяць. Ну, вядома, рэч вадэвільная, вясёлая. Адкрыцця для душы і не належыла чакаць, але ж для агульнага развіцця штосьці засталося...
8 ліпеня
Польная Гаслаўшчына. Прасторная хата Данкіных бацькоў. Маленькі Эдвард заснуў, слаўнае, мілае дзіця. Так і хочацца ціскаць яго, мілаваць. Пухленькія шчочкі, выразныя блакітныя вочы. Так натуральна, што гэта Данкін сын!
Учора насычаны дзень. Адзначылася Данка ў міліцыі, запісалася ў акадэмічную бібліятэку. І найгалоўнае - яе сустрэча, знаёмства з Алесем Міхайлавічам. Маё пасрэдніцтва. Цікава было паназіраць за Алесем Міхайлавічам, як трымаўся з Данкай - стрыманасць, а ўсё адно эмацыянальнасць адамовічаўская. “Не ўбій” - новы яго ідэал. І ад бездані чалавечай подласці - да проста касмічнага гуманізму... Данка збіраецца пісаць дысертацыю па творчасці А. Адамовіча ў Дрэздэнскім педагагічным інстытуце ў семінары па ваеннай прозе. Мне ж да 25-га, хоць памры, трэба падрыхтаваць артыкул!
15 ліпеня
На добры лад, дык сядзі і пішы сабе - спакойна, упэўнена, бо матэрыял ёсць, думкі таксама. А я дрыжу над чыстым аркушам. I пачынала ж адразу “ідэалагічна” і пакацілася гладка, хоць і нецікава, па сцежках, пратаптаных іншымі. “Навукова”, суха, як ці не ўсе ў акадэмічныя “Весці” пішуць, але ж сорамна пісаць “навуковаабразна”! Толькі ці змагу я справіцца з матэрыялам, падпарадкаваць яго сабе?! Трэці дзень спрабую ўлагодзіць у сабе плынь, якою вызначаецца маё самавыяўленне. Перачытала раман, паспала і без справы ляжала, гультайнічала. Вядома, сумненні. Гэтыя старыя, як свет, здраднікі. Адчуваю, што калі здолею зараз пераадолець сваю інерцыю, выпрастацца, раскрыцца насустрач “свайму”, дык і далей усё складзецца належным чынам. Такое важнае гэтае паўгоддзе! Кандыдацкія экзамены: па югаслаўскай літаратуры - у кастрычніку, беларускай - у снежні. Вытрымаць гэты рытм у імя жыцця майго, якое ніхто за мяне не пражыве... Можа стацца, што не напішу артыкул, што Алесь Міхайлавіч забракуе. Але ж не надарэмна гэтыя пакуты! Вунь як доўга круцяць ключом, каб завесці застаялую машыну. I спыняцца потым нельга, але мо я такая старызна ўжо, што і не завесціся “матору”?!!