Выбрать главу

23 ліпеня

Калі нарэшце я перастану пакутаваць ад немагчымасці выказацца, калі адкрыюцца шлюзы майго “красамоўства” або перасохне тое, што распірае мяне, зацінае дыханне. Мая бездапаможнасць перад словам. Праклінаю я гэтую пакуту і люблю ж яе!.. Нават у дзённіку не магу дакладна выказацца. Дыстанцыя паміж пачуццём і словам. Як яе пераадолець...

Праўда, артыкул, здаецца, закончаны. Гэта і Лада, галоўнага героя рамана Лаліча, і маё ўзыходжанне на Лялейскую гару. Тыдзень не была ў бібліятэцы і нават з лёгкім хваляваннем часопісы і кнігі брала. Алесь Міхайлавіч толькі праз пару дзён вяртаецца у Мінск.

Янка Брыль: “Маё юнацкае захапленне Талстым прывучыла мяне да пэўнай самастойнасці, да ўмення не баяцца быць "не такім як усе". Гэтая якасць сяды-тады абуджаецца ў маёй натуры і дае сілы быць самім сабой, не вельмі баяцца самоты, абыдзенасці, няласкі“.

28 ліпеня

Перад самай дзевятай не сцярпела: пазваніла кіраўніку. Ён чытаў мой артыкул, на восьмай старонцы. Пакуль падабалася. Я ж, што на важнейшым экзамене была. Сам Адамовіч маё чытае! Пераконвала сябе, што нічога не зменіцца ад яго ацэнкі, што застануся пры тым жа стале з машынкай, з тымі ж зялёнымі вачыма і русымі валасамі, у той жа мамай звязанай стракатай камізэльцы. Але ж як трымцела, каб Алесь Міхайлавіч станоўча ацаніў гэтую маю працу! Прыбавілася б мне звычайнай чалавечай годнасці, якой катастрафічна не хапае, нягледзячы на ўсе заходы мае, каб ёю разжыцца... Падабаюся ж сабе эпізадычна ў люстэрку толькі. I якая радасць - даў дабро Алесь Міхайлавіч! Напісаў рэкамендацыю ў “Весці”. Адчула сябе шчаслівай, проста да непрыстойнасці!

10 жніўня

Адкуль толькі ён бярэцца - гэты тупы боль?! Адымае радасць жыцця, пасягае нават на знешнюю прыстойнасць, гатовую стрымгалоў рынуцца ў чужую стыхію. Другі дзень я хворая душою. І пакуль па нарастаючай пакуты. А трэба ж, ёсць магчымасць, займацца і потым пашкадую, што не выкарыстала яе. Інстытут. Аддала артыкул друкаваць у машбюро. Некалькі дарэмных гадзін у бібліятэцы. Не ўспрымаецца! І нянавісць да сябе. Снежным комам дэпрэсія, хандра, сплін - дур гэты! - накручваецца і ўсё тут. Не папярэдзіць, не абысці. Толькі перачакаць, перажыць. Каб потым нечакана накацілася і ахапіла радасць. Ведаю, калі буду жывая, ахопіць. І аж заные, забаліць ужо ад перапоўненасці знутры. Вернецца ўпэўненасць у свае сілы, паверу ў магчымасць здзяйснення самых фантастычных мрой. І ныць буду, што не хапае сіл фізічных, каб успрыняць веды, перажыць, зразумець. О, гэты стан прыйдзе... Як хочацца працаваць без зрываў, спакойна, радасна! Дзень за днём. І як адкантраляваць, падпарадкаваць розуму сваю псіхіку? Вось жа знаю, што ёсць ува мне нешта мацнейшае за мацярынства і каханне. Так, пачуццямі немагчыма кіраваць: яны або ёсць, або іх няма. Але ж тое нешта неназываемае, без апазнавальных абрысаў. І калі пачуцці ў асноўным скіраваны на канкрэтных людзей, дык тое накатваецца, прасякае наскрозь і я губляюся ў сабе самой. Ці сутнасць мая з тым, праз тое таксама выяўляецца? Цьмяна адчуваю, што тое існуе ў дзвюх іпастасях: цёмнай і светлай. І звязаны з тым хвіліны ўздыму, калі ў гармоніі са светам, з Вечнасцю нават. І нянавісць мая, непрызнанне сябе ў бязмежна цудоўным свеце, сорам перад чалавекам і чалавецтвам - адтуль жа. Крыніца, якая наталяе мяне то жывой, то мёртвай вадою. Хто ж я?!! Пытанне, якім здаўна задаваліся неспакойныя, спакутаваныя людзі. I вырашалі?! Прастаты і дасканаласці прагне душа. Што суджана ёй?!

13 жніўня

Адзінока, самотна, туга. Душу выварочвае. Ліплю, ледзь трымаюся за свет. Бібліятэка. Падстрыглася - зноў хлопчык, стараваты хлопчык з лапкамі маршчынак вакол вачэй. Хутка нельга ўжо будзе так стрыгчыся... Як заведзены робат рухаюся, раблю па звычцы ўсё, што належыць, а баліць, баліць душа, недзе пад сэрцам, у горле, у галаве - касмічным болем пакуль, бо гэта не сардэчны, не галаўны боль. Пакуль не той боль, ад якога таблеткамі ратуешся. Адзінота. Каторы дзень я ўжо так пакутую? Пяты! Замнога. Міхася Стральцова зрэдку чытаю, імгненнямі захапляе, здорава піша. Хочацца сыйсці з дому, пакіраваць да людзей, а нельга, бо перацятая і самой з сабой трэба спраўляцца. I як я зайздрошчу ў такія моманты, што днямі цягнуцца! - жанчынам, якія важна на кухні стаяць, ахвотна тэлевізар глядзяць, у кінатэатр з цікавасцю ідуць... Робяць усё з адчуваннем уласнай годнасці, непарушнасці свету наўкола іх. А я, нікчэмная, нашу ў сабе боль, незадаволенасць, старэю раней часу. Што са мной дзеецца? Бываюць жа дні, калі радуюся абновам і ля люстэрка кручуся, калі падабацца хачу і з задавальненнем гатую, мыю. Бываюць! Зараз мне здаецца, што ў другога чалавека - не ў мяне, такія дні бываюць.