Выбрать главу

20 жніўня

Чакала маму. Без яе хата - чатыры цесныя куты. Няўжо калі-небудзь яе не будзе, а я буду?!!

Гэта немагчыма! Пад вечар выйшлі з Данікам на шпацыр, а атрымалася, што і ў грыбы. Сыраежак і лісічак назбіралі. Данік доўга гарэзліва гукаў: “Дзе балота? Пабеглі цягнуць бегемота!”

Халодныя росныя ранкі. Пачарнеў агурэчнік, даспяваюць памідоры. Слухаю цішыню, упэўненая, што па ўсёй зямлі чуваць, як гупаецца налітае сокам крамяное антонаўскае яблыка побач з спрад- вечнымі пчалінымі хаткамі ў нашым садзе... О, маё роднае!.. I са шкадаваннем гляджу на свет, бо ў дваццаць шэсць адчуваю, як хуценька бяжыць, прабягае маё чалавечае лета. Адчуваю, што ўспомню некалі - яно блізка гэтае “некалі”! - аб днях, калі мой хлопчык яшчэ маленькі і плача, шкадуючы кацянят з добрай казкі Маршака, калі сама збіраю сілы фізічныя і маральныя, каб годна прайсці праз аспірантуру... У кожным з нас ёсць вечнае. У кожным, такім часовым на зямлі. I ёсць тое, што належыць толькі сённяшняму дню. У адных больш першага, а ў іншых другога. А ўва мне?..

22 жніўня

Даніка востра хвалюе пытанне ўласнасці. Мне: “Ты не бабіна, ты мая!”. Бабулі Мані: “Мама не твая дачка, я твой”. Стараецца адшукаць у кожнай рэчы маму. Сярод вяргінь большую выбірае - мама. На малюнку маму для звяркоў выглядае. А яго ўласная мама ціхенька збіраецца і збягае да цягніка, каб “сягнуць” у навуку... Тужліва, хоць у пятніцу і суботу проста зорны стан быў. Блукала па лесе і шмат-шмат адзывалася ў душы. Успамі- наліся першы і другі курсы, калі летуценнай і чыстай была, сапраўды імкнулася да зор... Зараз я мацней, чым тады. На новай ступені высокі сэнс існавання адкрываецца. Няшмат грыбоў сабрала ды знайшла, здаецца, большае. І такі лад быў два дні ў душы! Спявала душа. Вось сёння ўжо як разлічваюся за тое здароўе душэўнае - мінор, неспакой, прадчуванні. Але ж дзесь ува мне схаваны той светлы стан, які зноў выявіцца можа. Трэба старацца браць з часу толькі тое, што здароўю душэўнаму садзейнічае - ад людзей, з кніг, падзей і сцежкі выбіраць, на якіх душа ў светлым умацоўваецца...

27 жніўня

Наша вуліца пераходзіць у дарогу, якая губляецца ў лесе, уліваецца пасля ў брукаваны гасцінец, а далей, далей імкнецца ў вялікі свет і я разам з ёю... І яшчэ адна мая дарога ў свет - чыгунка. Звязвае ў адзін вузельчык груклівай хуткасцю цягнікоў кіламетры і маю прагу новых месц і гарачую любоў да іх, любоў - ад якой сэрца заходзілася ў раннім юнацтве. Пцічанская плынь, аточаная дубамі - адразу за бальнічным дваром. Лес пры дарозе - амаль каля хаты, абтупаны, абгледжаны з маленства... Сную ў апошнія гады між Мінскам і Дараганавам часцей частага і ўсё мацней прырастаю да роднага, хоць, здавалася б, куды болей...

Аднак ужо ціха хочацца ў бібліятэку, хоць і з’язджаць балюча... Сяброўства. Данкі не хапае! Адагрэла яна мяне, прагнецца цяпла і далей. Наша еднасць духоўная. Маё выратаванне - у працы. У сяброўстве. Трымаць у руках пачуцці, якія бессаромна мкнуць толькі, можа быць, да шчасця, абмежаванага ўласнай столлю.

5 кастрычніка

Вялікай радасцю, падтрымкаю - прасякнуты святлом і сардэчнасцю ліст ад Ніны. Ласкавы, лагодны і журботны... На 30-га кастрычніка прызначаны экзамен па югаслаўскай літаратуры ў Інстытуце славяназнаўства і балканістыкі... Сёння прачнулася без прычыны а чацвёртай. Чытала “Залатую ружу” Паўстоўскага. Амаль кожны дзень - Моцарт, Шапэн, Грыг, Рахманінаў... I бачу перад сабой Твар, усепрабачальныя вочы з фільма аб Андрэю Рублёвым. Хочацца вось зараз, адразу ў Храм Божы, упасці на калені і маліцца, маліцца. Момант, калі аддаляюцца ўсе разумаванні, штодзённыя мітрэнгі. Аказваюся пры прасторнай дарозе, якою ручаіны, струмені святла імкнуць. Ці ў маю душу ўліваюцца?..

23 кастрычніка

Трубнікоўскі завулак. Стары будынак Інстытута славяназнаўства і балканістыкі. Пехам з “Якара” па вуліцы Горкага. Учора бледна-ліловымі хрызантэмамі з палыновым пахам Ларысу павіншавала з днём народзінаў. Адзначылі смачнымі тульскімі пернікамі з малаком яе дваццацішасцігоддзе ў гасцінічным пакоі... Унутраная работа, што адбываецца нібы амаль без майго ўдзелу. Нашу ў сабе бездань, якая то пашыраецца, пагражаючы расціснуць, то звужаецца і месца маім пачуццям аслабаняе... Масква, сустрэча з ёй - зіхатліваю мараю маленства, здзейсненай у кастрычніку семдзесят чацвёртага і вось кастрычнік восемдзесят першага... Сем гадоў - так шмат пройдзена, перажыта, а ўсё недзе на пачатку да свайго самавыяўлення...

25 кастрычніка

У Царкве на Ардынцы. Горача вачам і чамусьці ніякавата ўглыб зрабіць крок, малілася сваімі словамі. Галава ж не хацела апускацца, а якраз уздымалася. Над усім панавала Вышыня. Ураўнаважылася. Я прыйду сюды зноў, ужо не абцяжараная клопатам экзамена. Як шкада, што ў Мінску на амаль двухмільённы сталічны горад - толькі Святадухаўскі Сабор і Царква Аляксандра Неўскага на Вайсковых могілках... I мой дараганаўскі абшар увогуле пазбаўлены апекі ўзнесеных крыжоў. Якою гэта стратаю...