Выбрать главу

30 кастрычніка

Праходзілася праз кожны дзень з цяжарам на плячах і холадам чакання экзекуцыі. Дражніла здрадніцкае жаданне проста не з’явіцца на экзамен. Як цяжка ўсё ж мне даецца гэты рух-высілак да права сваім займацца! I атрымала “выдатна”, хоць, як заўсёды хіба, сваім адказам незадаволена! Галіна Якаўлеўна падкрэсліла, што папрацавала я шмат. Напружання спружына са скрыгатам цяпер раскручваецца...

19 лістапада

Учора Я. Брыля “Птушкі і гнёзды” чытала амаль увесь дзень. Была ў Доме літаратара на вечарыне, прысвечаным 80-годдзю Міхася Зарэцкага. У прэзідыуме - старэнькая жонка, дачка і сын у гадах ужо. А пражыў муж і бацька толькі трыццаць шэсць гадоў! Забралі, абвінавацілі, забілі. Станіслаў Пятровіч - таксама ўжо неяк аслабелы і выступалася яму цяжкавата. У захапленні ад Янкі Скрыгана. I ён жа сядзеў, адбываў пакаранне за вернасць роднаму, беларускаму. Колькі задум не адбылося, колькі не рэалізавалася імі і многімі іншымі пакутнікамі! Трагедыя асабістых лёсаў і літаратуры, усяго народа беларускага - як такое магло стацца... I апошнім часам адкрываю для сябе, што гэта ж Вялікае Княства Літоўскае - беларуская гісторыя, што Вільня і наша сталіца. Пачуццё крыўды і віны адначасова. Дзеля чаго нас дэзарыентавалі, па сутнасці, абрабавалі з самага дзяцінства?!

9 снежня

Упершыню паспрачалася з Алесем Міхайлавічам - з-за розных падыходаў да напісання дысертацыі. Застаюся на сваім: метадалогія павінна быць. Літаратуразнаўства - навука, а не белетрыстычныя заметкі. У мяне ёсць думкі, ідэі, якія я хачу разгарнуць на матэрыяле дзвюх літаратур. Думкі, відаць, не вельмі арыгінальныя, агульнавядомыя, але ж я самастойна вынаходжу свой веласіпед, каб навучыцца мысліць, авалодаць пакрысе літаратуразнаўчай культурай. Няхай сабе гэта пакуль што нават трохкалёсны веласіпедзік. Нельга адразу за складанае, глабальнае брацца. Расцісне цяжар. Паступовасць. Алесь Міхайлавіч прапануе “пісьменніцкі падыход”.

Слухала Моцарта. Свет рассунуўся, падабрэў, геніяльнай музыкай прасякнуты. Затрымцела, адазвалася душа ўжо калі толькі клала на дыск пласцінку. Гэта дзякуючы таму, што амаль з дня ў дзень з класікай. Музыка стала патрэбай душы... Значыць, душа гэтая ўсё ж паддаецца выхаванню. Толькі не прабачаць сабе, не шкадаваць сябе!

27 снежня

Чытаю “Освобождение Толстого” І. А. Буніна. Апошнія, адны з апошніх слоў Льва Мікалаевіча Талстога: ”Все я... все проявления... довольно проя­влений... вот и всё... “. І далей:

“Избави Бог жить только для этого мира. Чтобы жизнь имела смысл, надо, чтобы цель её выходила за пределы постижимого умом челове­ческим.

- Дорого и радостно общение с людьми, кото­рые в этой жизни смотрят за пределы её.

- Моё Я стремится расшириться и в стрем­лении сталкивается со своими пределами в про­странстве. (...) Кроме сознания пределов в прос­транстве, есть еще сознание себя - того, что сознаёт пределы. Что есть это сознание? Если оно чувствует пределы, то это значит, что оно по существу своему беспредельно и стремится выйти из этих пределов.

- Жизнь, которую я сознаю, есть прохождение духовной и неограниченной (божественой) сущно­сти через ограниченное пределами вещество.

- Жизнь человека выражается в отношении конечного к бесконечному.

- Бесконечное, которого Человек сознаёт себя частью, и есть Бог”.

Навошта мне гэта - у Буніна аб Талстым? Евангелле, Альберт Швейцар, думкі “разумных”? Ды ў моманты судакранання з гэтым вялікім рацыо, такім далёкім, здавалася б, несувымерным з магчымасцямі маёй сціплай асобы, набываю маральныя сілы, каб ісці праз будні і любіць іх. А потым, калі перасыхае жывая крынічка ў душы, зноў пакутліва шукаю апраўданне свайму часу...

Маё, такое нібы натуральнае, памкненне быць прыемнай знешне - не хачу вылучацца, а быць пры тым апазнавальнай, мець пэўныя кнігі і пласцінкі, зручныя рэчы, якія мінімальную ўтульнасць забяспечваюць. Колькі ж у гэтых маіх жаданнях праяў духоўнага?!. I даходжу да высновы, што, відаць, калі б лёгка адразу мне ўсё па жыцці ў матэрыяльным плане давалася, была б жорсткай, не адчувала б патрэб іншых. I вакол шмат людзей, якія маюць менш за мяне. Ці спагадаю я ім? Мая пагоня за матэрыяльным - экзамены матэрыяльнае! - зблажыла маю душу, якая ва Уладзіміры - Суздалі абудзілася, акрылілася. Ёсць нейкая мера паміж рухам знешнім і ўнутраным. Нельга яе парушаць беспакарана. Экзамены здадзены. Трэба б распрыгоніцца, а я ўсё адно бы ў кут загнаная. Як балюча біцца галавою аб столь сваёй абмежаванасці. Як бы не змарнаваць свой час і галоўнага так і не зразумець...