Выбрать главу

1982

3 студзеня

А жыццё - цудоўны, незвычайны дар чалавеку. Дачытала ўчора “Освобождение Толстого”. Разумею, успрымаю ўсімі пачуццямі, бо, па сутнасці, рашаю ўсё сваё жыццё праблемы роднасныя. І апораю мне тое, што людзі да мяне над гэтым думалі, пакутавалі, а я звяном у ланцугу чалавечым агульным. Я - маленькая, прымітыўная, няздольная вывучыць дзве мовы. Так, і я, такая, пакутую над вырашэннем вечных пытанняў. У сілу сваіх магчымасцей, якія залежаць і не залежаць ад майго “я”. Горычна, што не дадзена мне многага зразумець, сябе выявіць. І не аднойчы яшчэ працьме гэтая немагчымасць расчараваннем і крыўдай за бездапаможнасць сваю, жабрацтва духоўнае. Хоць прага да ведаў, да “выяўлення сябе” - нават пакутлівая. І няма мяне без яе. Няма! Яна мацнейшая за мацярынства, за каханне, хоць жывіцца і адным, і другім. Страшна пражыць свой час, састарэць целам, не нарадзіўшыся душою...

Данік позна ўвечары ў сваім ложку: “"Бярозу" напісаў Сяргей Ясенін. Кнігі піша пісацель. Мой Аргус быў у Адысея. Учора быў”. Нешта застаецца ў галоўцы, нават калі нібы і не рэагуе дзіця адразу на інфармацыю...

17 ліпеня

Другі дзень на Фіяленце. Чорнае мора, смарагдавае, блакітнае, імгліста-срэбнае. Пакручасты спуск паміж гор, круцізну якіх час зрабіў плаўней, даступней для ног чалавечых. Хвалі, хвалі - бясконцы дыялог з берагам. Шчасце - мора іграе. Жывая сцяжынка ад каменя, на якім я сяджу, да краю, канца гарызонту - над ім нізка-нізка завісла агромністым чырвоным шарам сонца. Яно ўжо не грэе, не фарбуе цела, але ж высвечвае, сагравае знутры... Сцяжынка вузкім промнем дакалыхваецца да мяне, а чым бліжэй да лініі далягляду, тым яна шырэй. Бясконцая хвалістасць плыве некуды ў бясконцую даль, магутнае пругкае цела не змяшчаецца ў адведзеных яму межах. Неверагодная бесклапотнасць. Схаваліся недзе мае заўсёдныя чаканні, перасцярогі, прадчуванні і незадаволенасць сабой. Шчасце!!!

25 ліпеня

Учора з самай раніцы - горад-цуд Севастопаль, шчодра ўслаўлены і набліжаны да мяне Паўстоўскім. Міжволі чакаеш таксама, што вось-вось з’явяцца грынаўскія пунсовыя ветразі і Асоль! У парку вакол панарамы Севастопальскай вайны 1854-1855 гадоў - бастыёны, рэдуты і паўсюль усепранікальны, тонкі водар акацый... Прыгажун-капітан у святочнай белай форме. Глянула і ахнула ды засмяялася з сябе. Пэўна, ідзе на спатканне да сваёй Асоль! I, вядома, Херсанес. Антычнасць. Руіны і жывое ласкавае мора, запоўненае безліччу прыхільнікаў. Студэнты археолагі-гісторыкі на цудоўнай практыцы. V век да нашай эры - XV нашай. Мільёны сэрцаў і ног разносяць па свеце сляды мінуўшчыны. Гэта ж і зусім юная Анна Ахматава некалі тут вершы свае вымройвала...

9 верасня

Што ёсць я? Выпадковасцю ў гэтым свеце? Вынікам чаго мой кожны дзень? Відаць, абставінаў, некаторыя з якіх выразна ад некага і нечага канкрэтнага залежаць, а іншыя я сама нібыта абуджаю, наступныя ж, згодна з “класіфікацыяй” маёй, тыя, што як бы самі сабой выплываюць. I якраз яны, гэтыя апошнія, найчасцей асаблівую радасць, нават шчасце даюць адчуць. Хоць яны звычайна - вынік руху як бы таксама па зададзенай аднекуль траекторыі...

16 верасня

Bettina verstorb! 27 жніўня, не дажыўшы трох дзён да сваіх дваццаць восьмых народзін... Дыягназ: сардэчная недастатковасць, а яна ж ніколі не скардзілася на сэрца. Трохадовая Лілянка асірацела. Беціны няма! А я жыву, клапачуся аб дробязях, крыўдую, скарджуся. Атупелая ад валер’янкі. Услед за Бецінай у тую прорву скочыць хочацца. Mein liebes Schwesterchen! Гавораць на суцяшэнне, што такі Лёс яе. А мой лёс - яе аплакваць?! Канверт у траурнай чорнай рамцы. Бедная майко-мама. Напісала: “Заставайся мне дачушкай”. Застануся! Толькі б боль гэты перажыць. Разрыў па-жывому. Ужо спакойна паўз могілкі іду. Заўсёдная вусцішнасць як выпарылася.

25 верасня

Снілася пачвара, якая на вачах з маленькай чалавекападобнай жывёлінкі вырасла ў жахлівае стварэнне. Агіднае. Якое і апісаць немагчыма, бо нічога падобнага ў жыцці я не бачыла. Яна ганялася за мною. А я замахвалася, каб ударыць па вылупленых круглых вар’яцкіх вачах і шкадавала біць! Ці баялася? Прачнулася з падвойным адчуваннем: страх, агіда і шкадаванне. Ці сумясціма гэта ў жыцці? І здаецца, што калі б гэтая пачвара дакранулася да мяне сваім доўгім, як гліст, хобатам, я памерла б ад агіднасці.

Малюся аб Беціне, аб родных, аб тых, хто пакутуе. Хоць неяк мала, эпізадычна, апраўдваючыся патрэбаю душы... Напісала кароткі ліст майко-маме. Мой слабы deutsch замінае напоўніцу выказаць спачуванне і жаль. Сёння раптам адчула, што адпускае бездань. І адразу папракнула сябе: як жа хутка ты суцешылася. Апраўдвацца перад сабою? Не ведаю. Боль жывы ўва мне жывой.