7 кастрычніка
Учора сорак дзён як няма Беціны. Пайшла ў Вечнасць! З новай сілай боль нахлынуў. Ліст ад майко. Родная мая. Хадзіла ў Царкву. Свечку паставіла ля іконы Мінскай Багародзіцы. Суха і няёмка было адразу. Слёзы паліліся, калі побач прайшоў з кадзілам святар. Увечары напісала ліст Дануце. Снілася нарэшце Беціна. У тых жа мінскіх сініх портках і зялёнай куртцы, вясёлая. Гаварылі так, нібы яна проста з іншага пакоя зайшла і прысела на тахту...
17 снежня
Сорамна сваіх пяцідзесяці старонак. Вось Тамара Чабан сёння абаранялася - гэта дысертацыя! І адчуванне таго, што лёс мой перад дзвюма дарогамі застыў: налева - поўны крах, направа - здзяйсненне, узлёт. Ці наадварот? Адным словам, або забярэцца ад мяне усё, або прыдасца яшчэ. “Идиота” ўчора закончыла - узрушанасць, нярвовасць. Як я яго ў дзевятнаццаць чытала?! Данік, калі стрэлы з лесу данесліся, нечакана выказаўся: “Гэта Іван-Світаннік з братамі палюе...”
1983
6 студзеня
Чаму я прыдумала, што мой жыццёвы шлях мусіць менавіта праз аспірантуру пралягаць? Шлях да разумення сябе і іншых. Дапамога людзям, дабрыня да іх у дробязях і ў вялікім - вось праўда. Ну вось, дайшла! Пасягаю ж зараз на тое, што мне стала выратаваннем ад манатоніі карэктарскай, да чаго так імкнулася...
Як ні парадаксальна, але думка аб тым, што з маім адыходам з зямлі развязаліся б вузлы, якіх я не дзеля злога, але ж як на службе ў зла, назавязвала - родная мая думка, не прыблуда. Жыве ўва мне, мірна суседнічае з прагай бясконцага быцця, любові да свету. I гэтая думка - таксама мая віна, мой грэх, бо ўсяму свой час і ўмець радавацца трэба кожнаму дню, імгненню. I шкадую ж сябе! Слёзкі коцяцца, хоць і не дужа спорныя ўжо. Мой шлях. Звілістая лінія. Калі цвяроза глянуць, дык колькі грахоў выпукліцца, колькі правінаў маіх, што хіба хопіць, каб усё жыццё маліцца аб адпушчэнні іх. Я ж грашу дзень за днём, помнячы аб Небе, аб Вышыні. I ад гэтага мае грахі яшчэ чэмерней...
27 лютага
Без веры немагчыма. Заледзянела б. Мая спрэчка на гэтых днях. Так, не ўяўляю сабе па чалавечых мерках Бога. Не магу ўявіць Яго, як бясконцасць не магу ўмясціць у сябе. Але ж адчуваю над усім лёсаносную Руку, Якая кіруе светам з часам прамінулым, цяперашнім і будучым. I чым бы я была без вызнання Бога?! Пустыняй! Жывуць у маёй душы два пачаткі - Бог і каханне. Не магу не любіць, створана так, што жывая толькі тады, калі кахаю. Але ж гэтыя пачаткі так цесна звязаны, што, магчыма, і не пара іх, а адзін толькі... Шчасце веры - ішла да яго. Пакутліва. І калі раптам адбіраецца ў мяне магчымасць звярнуцца ў малітве да Бога - нягеглай раблюся, зласлівай, зайздроснай. І з удзячнасцю, радасцю кожны дзень прымаю, калі прагаворвае ўва мне Вышыня.
7 красавіка
Паспрабавала запісаць, што Янка Брыль учора ў Доме літаратара на пасяджэнні секцыі літаратуразнаўства і крытыкі, звяртаючыся да маладых, гаварыў: “Самае галоўнае - майце сябра... У мяне два друга ёсць, якім я даю ў рукапісе чытаць: Уладзімір Калеснік і Алесь Адамовіч, вельмі розныя па характары. Каб меней было потым выграбаць... Было два выпадкі, калі мая крытыка не адбылася: у сорак пятым годзе. Калі рэдактарам “ЛіМа” быў Аркадзь Куляшоў, я напісаў артыкул і сустракае мяне на калідоры адзін таварыш ды кажа: “Ты аглобля ў чужых руках, але ж будуць біць і па аглоблі і па руках”. Артыкул я не забраў, але ж яго не пусцілі ў друк, хоць і былі ўжо ўсе адзнакі і роспіс Куляшова. Другі раз, калі выйшла мая кніга, сустрэў мяне Бэндэ ды кажа: “Вазьмуся я за цябе, браток, якой ты мовай пішаш?”, але не паспеў узяцца. Пытайцеся, пакуль мы ёсць...”. Цудоўны Янка Брыль, Іван Антонавіч, саромеюся павітацца з ім, падысці да яго. Баюся! Узровень! Ды ж надзейна быць з ім у адным часе.
5 мая
Як гэта ні парадаксальна, але ж, чым болей я думаю пра нібы агульнае - пра Неба, Вышыню, тым болей мяне зямное радуе. Мацней трымаюся за знешняе: прыгажосць дробязі, хай сабе нават кавалка мыла. Хараство вясновай пары адчуваецца абвострана і на фізічным узроўні, калі дыхаеш на поўныя грудзі і вачыма ўвесь свет абдымаеш.
Манастырская келля была б спрашчэннем лёсу. Збегчы ад праблем, схавацца. Відаць, сыход у манастыр апраўданы тады, калі прагаворвае ў чалавеку Сусвет, усё чалавецтва і ён за гэтае чалавецтва не можа не маліцца. I не ва ўзросце справа. Мабыць, ёсць людзі, якія хутка сталеюць душою і рана прыходзяць да ісціны, да разумення асноў светабудовы...