Выбрать главу

Цяпер усведамляю, што вера ўва мне жыла заўсёды, доўгія гады стукалася ў замкнёныя дзверы душы, прасілася, каб прызнала яе, каб запатрабавала невымерны скарб, атрыманы разам з нараджэннем. Вяртанне да сябе?

27 мая

Царскі падарунак Алеся Сямёнавіча: “О жизни преизбыточествующей“ Н. С. Арсеннева, пераплецены томік-ксеракс брусельскага выдання 1966 года. Напружанне, праца пачуццяў на ўсіх маіх паверхах.. Не хапала мне якраз таго, што адкрываю ў гэтай кнізе. Тамленне духу, нявыказанасць - выказанасцю, адкрыццём. Разбалелася нават галава, я згубілася, я - слабая, грэшная. Сорам мне! Мае бляклыя пачуцці, невыразныя думкі. I працягваецца сонечны прамень: чарговая магчымасць стаць глыбей, паразумнець у галоўным. Гэта тое слова пра Госпада, якога я чакала, прадчувала, якое і было ўва мне! Цеснілася і вызваліцца не магло, каб мне ж адкрыцца: “Бог Сам Себя доказывает, обнаруживает, открывает душе. В этом - основа богопознания. Встреча Бога и души - вот стержень и смысл религиозного опыта. Бог может встре­чаться с нами, говорить сердцу нашему повсюду, на каждом шагу нашей жизни. "Сзади и спереди Ты объемлешь меня и полагаешь на мне руку Твою", восклицает псалмопевец. Бог может открываться сердцу и в страданиях, и в радостях, и в момент гибели, и в чудном спасении, и в красоте природы, и в голосе нашей совести, и в ближнем нашем, нуждающемся в нашем сострадании, и, наконец, в томлении, тоске нашей по Нему, неудовлетворенных никакими земными благами и удачами, тоске, которую Он Сам вложил в нас и которая является скрытым голосом Его в нас, зовущим нас к Себе“.

7 чэрвеня

Праз Арсеннева - нечаканая, а доўгачаканая сустрэча. Блез Паскаль! Трыццаць дзевяць гадоў жыцця, “моральная страстность - и строгая дисциплина и честность ума“. 23 лістапада 1654 года адбыўся канчатковы яго зварот да веры, адбылося штосьці незвычайнае, аб чым ён запісаў і ніколі не расставаўся ўжо з гэтым высокім сведчаннем, носячы яго зашытым на грудзях. “Искать со стенаниями - вот к чему мы призваны. Паскаль верит, что "пустота сердца, бесконечная бездна может быть заполнена только предметом бес­конечным и непреходящим", т. е. только Богом“. Вялікі матэматык, фізік, можна сказаць, геніяльны, што аднак не спакусіла, не асадзіла яго ў жыццёвую матэрыю, а, наадварот, вывела на шлях пошуку Прычыны Прычын...

21 чэрвеня

Пару дысертацый мушу прачытаць, перагледзець у галоўнай Ленінскай бібліятэцы. Ужо змірылася з вынікамі абмеркавання сваёй працы. Адчуванне, што Алесь Міхайлавіч чакаў ад мяне большага, чым я магу на дадзеным этапе. Рада, што параўнанне “Маста на Дрыні” Іва Андрыча і “Млечнага Шляху” Кузьмы Чорнага прызналі ўдалым. Эверэст мой. Уступ, заключэнне трэба канкрэтна дапрацаваць, каб адпавядалі ўсталяваным канонам. Ці знойдзецца мне месца ў аддзеле Ўзаемасувязей літаратур у Iнстытуце?..

Добра супала, што кніга Арсеннева патрапіла мне ў рукі перад гэтым выездам у Маскву. I вось чытаю “Мысли (о религии)” Блеза Паскаля, выдання 1899 года! З уступным нарысам Прэва-Парандоля “Паскаль, как моралистъ“, якім жа сутнасна дакладным і як менавіта для мяне напісаным! “Ему нужно хорошо обрисовать человека, чтобы доказать нам, что человек есть загадка, совершенно необъяснимая и неразрешимая ника­кой другой гипотезой, кроме истинности хрис­тианской религии. Чем более странна, значит, природа человека, чем более полна противоречий и непостижима с помошью одного разума, тем оче­виднее и выше та истина, которая одна только может объяснить ея. Чем глубже мрак, тем живее и благотворнее покажется нам сменяющий его свет”.

Чалавек, па вызначэнні Паскаля, толькі вельмі слабы па прыродзе трыснёг, які пры тым аднак мысліць. I ў гэтым яго перавага перад усім астатнім, што мацней яго і здольнае знішчыць у адно імгненне. Гэтую сваю думку Паскаль разгортвае далей і ўрэшце выказваецца нечакана і так мне па духу зразумела: “Все тела, свод небесный, звезды, земля с ея царствами не стоят слабейшего из умов, ибо последний знает все это и самого себя, а тела ничего не познают. С другой стороны, все тела в совокупности, все умы вместе и все их произведения не стоят даже малейшего проявления любви: это свойство бесконечно высшего ряда. Все тела в совокупности не могли бы произвести самой ничтожной мысли: это невозможно, это явление иного ряда. Из всех тел и умов нельзя было бы извлечь ни одного движения истинной Любви: это невозможно, это явление иного ряда, это - выше природы”. Так, Любоў з вялікай літары, якая ёсць Богам і да кожнага з нас звернута, і любоў, якая ў кожным з нас узрошчваецца, набліжае да Існага.

28 жніўня

Успенне Багародзіцы. Што са мной адбылося сёння?! Там, у сціплым Храме ва Ушы пад Маладзечнам. Слёзы, слёзы яшчэ да пачатку службы. І проста, як па інерцыі, услед за іншымі да Споведзі пайшла. З страхам, што нешта не так зраблю, нахілілася над аналоем. Нейкая хвіліна - адказала на пытанні святара і выпрамілася. Ды раптам адчула дзіўныя празрыстасць, лёгкасць па ўсім целе, нібы гатовым вось-вось узляцець. Цела не стала. Застаўся трапяткі, лёгкі, пяшчотны прамень. Што са мною?.. Бездапаможна азірнулася, бо сапраўды адбывалася неверагоднае і шчасліва доўжыліся нейкія імгненні, а я аказалася нібы ў іншым часе і была толькі сведкам рэальнай прасторы. Вагомасць пачала вяртацца паволі... Маё першае Прычасце. І зноў слёзы, лёгкасць, але ўжо іншыя, чым пасля Споведзі. Лёгкасць кроку па зямлі. Учора ў сне - вясёлка над Царквою.