Прыкладна ў той самы час у Наваполацку забіралі з інстытуцкіх лекцыяў і вазілі ў чорнай «Волзе» ў тамтэйшы аддзел КГБ маіх сяброў. Зробленая намі на пачатку 1990-х спроба вярнуць сканфіскаваны альманах скончылася марна. Напэўна, усе пятнаццаць «Блакітных ліхтароў» дагэтуль (бяз права перапіскі) чакаюць волі дзесьці ў спэцархіве — вязьніцы для кніг і рукапісаў. Прынамсі, хочацца верыць, што іх, калі скарыстацца тамтэйшаю лексыкай, не ліквідавалі.
Лёс аўтараў альманаху заслугоўвае асобнай гаворкі. Зазначу толькі, што зь Вінцэсем Мудровым той, хто чытае па-беларуску, мусіць быць добра знаёмы. На маю думку, ён — адзін з нашых найцікавейшых сучасных празаікаў. Вінцэсева кніга «Альбом сямейны» ўпрыгожыла «Бібліятэку Свабоды ХХІ стагодзьдзя» .
Наступніцаю «Блакітнага ліхтара» сталася «Мілавіца» , машынапісны альманах, які мы з Генадзем Кулажанкам, Ігарам Чарняўскім, Юрасём Бандаровічам, Эдвардам Зайкоўскім ды іншымі пачалі выдаваць у сябе на гістарычным факультэце БДУ. «Мілавіцы» пашанцавала болей. Я здымаю з сваёй «залатой» паліцы адзін зь яе нумароў, і ў грудзях зноў плешчацца юнацтва…
Дваццаць пяць рулёнчыкаўЛастоўскага
Мы ўжо ведаем, што дэбютавалі вы ў студэнцкіх непадцэнзурных выданьнях. А ці чыталі забароненыя творы іншых аўтараў, што хадзілі тады ў самвыдаце? І каго менавіта?
Вікторыя
Вядома, чытаў.
У «Мілавіцы» , што зрабілася працягам арыштаванага гэбістамі «Блакітнага ліхтара» , таксама, дарэчы, друкаваліся не дрындушкі. Згадваю верш Юрася Бандаровіча «Супраціўленьне матэрыялу» :
Калі лічыць чарговы стаў вар’ят
Сябе героем, ўзяўшы ўладу ў рукі,
Напомніце яму пра супрамат —
Бо ёсьць такая мудрая навука…
Не сказаў бы, што з тых часоў, калі з тэлевізаране вылазіў дарагі Леанід Ільліч, гэтыя радкібезнадзейнасастарэлі.
Падчас першага выкліку ў КГБ пад матрацам майго панцырнага ложка ў студэнцкім інтэрнаце ляжаў зачытаны ледзь не да дзірак нумар «Роман - газеты» з «Адным днём Івана Дзянісавіча» высланага з СССР Аляксандра Салжаніцына. Калі пасьля ўнівэрсытэту я працаваў спачатку ў школе, а потым у наваполацкай гарадзкой газэце, недабітая нацыянальная інтэлігенцыя актыўна чытала наватарскае для свайго часу дасьледаваньне
Міколы Ермаловіча «Па сьлядах аднаго міту» . Бандэролька зь яго перадрукам аднойчы цэлы месяц ішла мне ў Наваполацак ад сябра з Паставаў, адольваючы, як мы падлічылі, у сярэднім 5 км за дзень.
У нашы рукі траплялі «Ракавыя яйкі» і «Сабачае сэрца» Міхаіла Булгакава. Калі гляджу экранізацыю апошняй аповесьці, заўсёды згадваю цёмна-зялёны пераплёт, за якім у мяне хаваліся ў другім шэрагу кніжак прафэсар Праабражэнскі з кампаніяй. Побач, дарэчы, стаяў падараваны знаёмым вальнадумцам самвыдавецкі томік Артура Шапэнгаўэра, якога таксама не прадавалі ў кнігарнях.
Да апантаных чытачоў «нехарошых» кніг належаў і мой сябар Вінцэсь Мудроў. Прычым, ужо маючы нейкі досьвед самвыдату з уласнымі опусамі, мы не былі простымі спажыўцамі «забароненых пладоў» , а імкнуліся пашырыць чытацкую аўдыторыю «крамолы» . Пагатоў малады спэцыяліст інжынэр Мудроў меў пад рукамі дапатопны гектограф. Але такім ён бачыцца цяпер, а тады гэты вялізны апарат вагою, здавалася, пад сотню кіляграмаў выглядаў не абы-якім дасягненьнем савецкай тэхнікі. Дзеля пачатку Вінцэсь памножыў толькі нядаўна надрукаваных у часопісе «Москва» зь вялікімі купюрамі «Майстра і Маргарыту» .
Новая старонка нашых усё больш рызыкоўных заняткаў пачалася пасьля знаёмства з Ларысай Геніюш. З Зэльвы я заўсёды ехаў не паражняком (ды гаспадыня і не дазволіла б) — а зь вершамі самой паэткі, з заходнебеларускімі выданьнямі, з ковенскім часопісам «Крывіч» , што рэдагавалі ў 1920-я Вацлаў Ластоўскі ды Клаўдусь Дуж-Душэўскі…
Самым вялікім, 25-асобнікавым накладам мы перавыдалі ўкладзены Ластоўскім «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» . Цікава, колькі экзэмпляраў арыгіналу тады пылілася ў спэцсховах? Думаю, што меней.
Больш за ўсіх рызыкавала супрацоўніца архітэктурнага аддзелу гарвыканкаму Наталя, якую мы ўцягнулі ў справу, плоцячы па дзесяць рублёў за асобнік. Адважная паплечніца працавала на айчыннай капіявальнай машыне «Эра» . З свайго чэрава «Эра» выдавала ня аркушы, а папяровы рулёнчык. Слоўнік меў 834 старонкі, таму атрымлівалася нешта накшталт трубкі шпалераў. Мая матуля нажніцамі разразала яе, а хлопец з гарадзкой друкарні сшываў і браў у аправу.