У кожным разе, гісторыкам партыі нельга забываць, што ейным правобразам быў КАП. А ў музэігісторыі роднага факультэту ўжо даўно мусяцьзьявіцца нашыя партрэты.
Zykina — no, Beatles — yes!
Даўно чуем вас на хвалях «Свабоды». А ці можаце згадаць, калі самі ўпершыню пачулі яе перадачы? І наогул, ці слухалі вы ў савецкія часы замежныя станцыі?
Сям’я Рудніцкіх
Памяць адразу выдае адзін эпізод з гадоў студэнцтва.
Тады нас штомесяц пасылалі на дзяжурства ў так званую добраахвотную народную дружыну. Трэба было з чырвонай павязкай цягацца па вуліцах і нібыта змагацца за грамадзкі парадак. Камусьці гэтая роля «дзяржыморды» нават падабалася, але мы зь сябрам Генадзем заўсёды імкнуліся застацца на вахце ў пункце правапарадку. Палілі да шэрых мятлікаў у вачах свае люлькі й чыталі зацухмолены «Журнал прыводаў» . У графе «Прычына затрыманьня» раз-пораз трапляліся запісы кшталту «В троллейбусе слушал вражеский голос» . Мы пераглядваліся і думалі, што не самотныя.
Я пачаў слухаць «варожыя галасы» дзякуючы тату. Дома стаяла вялізная радыёла «Беларусь» , і вечарамі ён круціў ручкі настройкі, напаўняючы пакой пераважна сухім трэскатам, візгатлівым завываньнем ды іншым плёнам працы савецкіх глушылак. Тата не рабіў з гэтага таямніцы. Я набліжаўся да пятнаццацігодзьдзя, і, відаць, лічылася, што ў якасьці «паўліка марозава» ня выступлю. Мама была ў апазыцыі да татавага занятку. Прыслухаўшыся да таго, што прабівалася праз этэрныя перашкоды, яна ня раз давала свой, як цяпер кажуць, камэнтар. У прыватнасьці, наконт сытуацыі ў Чэхаславакіі: маўляў, хто б мог падумаць, што браты-чэхі стануць здраднікамі.
Ішоў 1968 год — якраз таму й памятаю, колькі мне было, калі, адарваўшыся ад кніжкі Рэя Брэдбэры ці Робэрта Шэклі, і я краем вуха мог пачуць нешта з-за жалезнай заслоны. Ня згас у памяці й татаў аповед, як у жніўні, падчас расейскамоўнай перадачы з Прагі, дыктар прамовіў: «Русские ворвались в здание» , пасьля чаго запанавала ціша.
Але сказаць, што акупацыя Чэхаславакіі ўспрымаласямною як трагедыя, было б няпраўдай.Я быў юны, інфантыльны, цікавіўся не палітыкай,а фантастыкай і дзяўчаткамі…
У наступную зіму мы пераехалі ў Наваполацак, і я заканчваў дзявяты кляс ужо ў новай школе. Там вучыліся будучыя аўтары самвыдатаўскага «Блакітнага ліхтара» на чале зь Вінцэсем (яшчэ Віцем) Мудровым… Яны пайшлі ў школу на год пазьней, але ў нечым, безумоўна, апярэджвалі нас.
Гэта яны хадзілі страшэнна зарослыя, у хіповых плашчах ды капелюхах. Гэта яны на перапынках забягалі ў наш клясны кабінэт і пад спалохана-ўсьцешаны віскат дзяўчатак пісалі на дошцы: «Zykina — no , Beatles — yes !» . Гэта яны, нарываючыся на скандалы, ставілі на школьных вечарынах запісы бітлоў і ролінгаў, а накручаныя «старшымі таварышамі» актывісткі верашчалі на сходах, што такім ня месца ў камсамоле.
Не без уплыву згаданай кампаніі я прыахвоціўся слухаць музычныя праграмы па заяўках «Голасу Амэрыкі» і «Радыё Швэцыі» . Першыя вёў Біл Мэгваер, другія — Тамара Юхансан. Біла бязьлітасна глушылі, а непаўторны Тамарын голас гучаў надзіва чыста й шматфарбна, робячы ягоную ўладальніцу ня толькі вядоўцай, ня толькі жанчынаю зь іншага сьвету, але і бясспрэчным сэкс-сымбалем нашых юначых крозаў і сноў.
Неверагодна хацелася, каб у адзін цудоўны дзень гэты голас прачытаў тваю ўласную заяўку. Але лісты, якія мы апускалі ў паштовыя скрынкі, нікуды далей за гарадзкі аддзел КГБ не траплялі. Цуд здарыўся толькі тады, калі Валодзя Сідараў папрасіў стрыечнага брата-марака кінуць заяўку недзе за мяжой. На ранішняй лінейцы ў панядзелак дырэктар грымеў: «Позор упал на голову нашей школы! По заявке комсомольца Сидорова вражеский голос передавал в субботу песню под идиотским названием «Капля дождя упала на твой нос» …
У сваім першым студэнцкім будатрадзе я зарабіў 760 рублёў (стыпэндыя складала суму, меншую у 25 разоў). Частка грошай была трывіяльна прагайдамачаная (маміна азначэньне) за вольны ад заняткаў верасень у першым наваполацкім бары «Пралеска» , дзе мы з понтам кідалі дзяўчыне-бармэнцы: «Як звычайна!» . Кактэйль называўся «Лунный» . Цяпер мы, відаць, ня здолелі б узяць яго ў рот, а тады кай ф лавіўся ўжо ад самога слова — «кактэйль» !
Аднак на рэшту заробку я купіў сабе прасунуты транзыстарны прыймач «Акіян» , які, дарэчы, выраблялі на Менскім радыёзаводзе, дзе некалі ўдарна працаваў Лі Гарві Освальд. Дзякуючы набытку «варожыя галасы» зрабіліся бліжэйшыя. Цяпер мяне цікавіла ня толькі музыка. Я ўжо ўсьведамляў сябе беларусам, і таму даволі хутка развучыў пазыўныя Беларускай службы «Свабоды» , зрабіўшыся слухачом Арсеня Загорнага, Вітаўта Зубкоўскага, Ларысы Верас, Язэпа Барэйкі, Васіля Крупскага…