Выбрать главу

Пасьлядоўна выкрэсьліваліся словы «беларусы» , «беларускі» , «беларуская зямля» ...

Дзякуючы паэту й журналісту Глебу Лабадзенку, што выдаў унікальную кніжку з рукапісам «Ладзьдзі» , кніжным тэкстам і праўкамі, мы атрымалі магчымасьць не адно паабурацца, але і задумацца: якім жа прынцыпам будуць кіравацца рэдактары й выдаўцы пры выпуску абвешчанага новага, 25-тамовага збору твораў Караткевіча? Што будзе прыярытэтам: аўтарскі арыгінал ці прыжыцьцёвая (вельмі часта зьнявечаная) публікацыя — як лёгка паабяцаў адзін з удзельнікаў навуковай канфэрэнцыі, прысьвечанай 80-годзьдзю пісьменьніка?

На пахаваньні Караткевіча Генадзь Бураўкін упершыню публічна назваў яго апосталам нацыі. Гэта і цяпер не ўспрымаецца як гіпэрбала. Мы працягваем атрымліваць ад нашага апостала новыя пасланьні ў выглядзе адшуканых і раней не друкаваных твораў. (Разгарніце нядаўна выдадзеную кнігу «Ўладзімер Караткевіч: вядомы і невядомы» .)

Мы ўчытваемся ў пасланьні, некалі перададзеныя ў нашыя рукі ім самім. На ўжо згаданай юбілейнай канфэрэнцыі, да прыкладу, гучалі даклады, дзе аналізаваўся ўплыў на яго творчасьць трактатаў Эразма Ратэрдамскага і нідэрляндзкай мастацкай школы. Альбо ішла размова пра караткевічаўскіх жанчын, якія зусім не супадаюць з традыцыйнымі для нашай літаратуры вобразамі прыгажуняў, працаўніц і руплівіц. Ягоныя жанчыны — надзвычай, як і ў жыцьці, розныя: харошыя і з чарвяточынкай, анёліцы і выляжанкі, «з вачыма Маці Божай на іконах і ротам сучкі прагнай» , каханыя і наймічкі, якіх «таксама добра каля печкі цалаваць, калі лёс ня шле царыцы, суджанай навек табе» ...

Кім быў бы Караткевіч для цяперашняй улады, каб дажыў, прынамсі, да сярэдзіны 1990-х? Улада любіць мёртвых геніяў. Яны не даюць інтэрвію, не падпісваюць лістоў з патрабаваньнямі вызваліць палітвязьняў, не выступаюць на мітынгах... Але выглядае, што аўтар радкоў «За што галаву ты згубіла? Якую праўду сказала?» (верш «Безгаловая Вэнэра» ) ні ў сёньняшніх ідэолягаў, ні ў іхняга гаспадара, што выхоўваўся на «вершах Быкава» , ня надта ў пашане. Дагэтуль няма помніка Караткевічу ў Менску, не мэмарыялізаваная ягона я менская кватэра ў доме № 36 па вуліцы К. Маркса.

Маглі б мець і помнікі ягоным героям — Алесю Загорскаму, Гервасію Выліваху... Пра ўвасабленьне гэтага апетага Караткевічам шляхціча на ягонай радзіме, у Рагачове, улады загаварылі былі, ды так і заціхлі. Затое Андрэя Чарняўскага, дырэктара тамтэйшага музэю, які столькі зрабіў для дасьледаваньня і ўшанаваньня памяці Караткевіча на любай сэрцу пісьменьніка Рагачоўшчыне, нядаўна змусілі пайсьці з пасады...

Ды ня хочацца пра сумнае. Лепей цытата з Караткевіча. Зьвяртаючыся да калегаў, ён любіў казаць: «Пісаць трэба так, каб вашыя кнігі ў бібліятэках кралі. Мае крадуць» . Я, грэшны, таксама скраў калісьці ў вясковай бібліятэцы двухтамовік «Каласоў» . Праўдзівей, узяў пачытаць, ведаючы, што не вярну. І быў пакараны тым, што неўзабаве тыя два тамы скралі і ў мяне.

Карацей, пісаць трэба менавіта так.

Замах на Ніла Гілевіча

Ці згодныя вы з антычным паэтам-дыдактыкам Тэрэнтыянам Маўрам, які пакінуў нам крылатыя словы «Habent sua fata libelli» —«Кнігі маюць свой лёс»?

Алеся, студэнтка Лінгвістычнага ўнівэрсытэту

Гісторыі, якія здараліся з маімі кнігамі, аднопацьвярджаюць гэтае старажытнае назіраньне. Кожнае літаратурнае дзіця ганарыцца сваёй уласнай біяграфіяй.

Распавяду, для прыкладу, што прычынілася з другой кніжкаю прозы «Дзень, калі ўпала страла» , якая выйшла ў гарачую восень 1988 году. Якраз тады, калі ўтварыліся «Мартыралёг Беларусі» і аргкамітэт БНФ, прагрымелі векапомныя Дзяды...

Гэта быў мой дэбютны зборнік гістарычнай прозы, які выйшаў — такія былі часы! — казачным для сёньняшніх дзён накладам 22 400 асобнікаў. (Цяпер малады творца бывае бязьмежна ўсьце шаны, калі з друкарні выходзіць наклад на 22 тысячы меншы.) Кніжку сьціпла, але густоўна аздобіў сьветлай памяці Пятро Драчоў, які — што было для мяне вялікім гонарам — афармляў некалькі кніг Уладзімера Караткевіча. На вугальна-чорным пераплёце мастак «адчыніў» белае вакно з назваю, якую працінала чырвоная страла.

Шчасьлівы аўтар пачаў раздаваць аўтографы, больш (як яму здавалася) падабацца жанчынам і, вядома, даў згоду на першую прэзэнтацыю кнігі ў Доме актора, дзе месьцілася славутая тады кавярня «Мутнае вока» .

І раптам непаўторныя барвы навокал сьцьмелі. Мая амаль дзіцячая радасьць разьбілася, як цацка з каляднай ялінкі. Кніжка, што прадавалася ўсяго нейкі тыдзень, зьнікла. Увечары я бачыў у цэнтральнай менскай кнігарні, паўзь якую вяртаўся з працы, цэлую паліцу чорных карэньчыкаў з сваім імем, а ўраньні яна была пустая. Тое самае паўтарылася ў кнігарні «Сьветач» на тагачасным праспэкце Машэрава. Наўрад ці за ноч кнігі маглі расьцягнуць пацукі альбо прывіды. Было відавочна, што дзейнічаюць больш рэальныя істоты.