Так-так, той самы Мураўёў-Вешальнік, што тапіў у крыві паўстаньне Кастуся Каліноўскага. У падручніку ён, натуральна, ніякі ня вешальнік, а «энэргічны дзяржаўны дзеяч, які зь веданьнем справы рабіў тое, да чаго быў закліканы» .
Як вядома, мураўёўская энэргія выявілася ў 128 павешаных і расстраляных, 853 прысуджаных да катаргі, 12 тысячах адпраўленых у высылку і арыштанцкія роты.
Не выключаю, што сярод іх былі і продкі самога прафэсара Новіка ды ягоных суаўтараў.
Жыве, жыве справа яго сіяцельства, які загадваў заліваць магілы нашых паўстанцаў экскрэмэнтамі і казаў, што ў Беларусі рускі чалавек павінен пачувацца лепей, чым дома, у Расеі. Зазірнуўшы ў разьдзелы пра падзеі 20—30-х гадоў мінулага стагодзьдзя, дапытлівы вучань крыху супакоіцца.
З уласьцівым ім лёгкім, амаль грацыёзным стылем Новік і кампанія пішуць, што, аказваецца, «фантастычных памераў лічбы ахвяр палітычных рэпрэсій, якія ўтрымліваюцца ў публікацыях апошніх дзесяцігодзьдзяў, — ня што іншае, як міт, запушчаны ў грамадзкую сьвядомасьць для дыскрэдытацыі сацыялістычнай сыстэмы» .
Шляху Беларусі да незалежнасьці ў найноўшы пэрыяд падручнік адводзіць ажно цэлую старонку. Прафэсар Новік паклапаціўся, каб старшаклясьнікі анічога ня ведалі ні пра Курапаты і «Мартыралёг Беларусі» , ні пра БНФ, ні пра яго тагачаснага лідэра Зянона Пазьняка.
Станіславу Шушкевічу пашанцавала болей. Не на сьціплы партрэт ён, у адрозьненьне ад Аляксандра ІІ і Мікалая ІІ, безумоўна, не заслужыў. Затое цяпер, пачуўшы імя першага кіраўніка сувэрэннае Беларусі, выпускнікі школаў будуць ведаць, што гэты страшны чалавек, а таксама ягоныя хаўрусьнікі Барыс Ельцын і Леанід Краўчук «зьдзейсьнілі дзяржаўны пераварот» і «разбурылі вялікую і магутную дзяржаву» .
Калісьці Сэрвантэс сказаў, што хлусьлівых гісторыкаў трэба вешаць, як фальшываманэтчыкаў. Я не заклікаю карыстацца мэтадамі энэргічнага дзяржаўнага вешальніка, перапрашаю, «дзеяча» , мілага душы прафэсара Новіка. Але сваім сынам вывучаць родную гісторыю па такіх падручніках ніколі б не дазволіў.
Што такое тэйгелэх?
У адным з вашых адказаў згадвалася, як у свой час у пэўных колах было модна паўсюль шукаць руку жыдамасонаў. Арлова ў іхні лік, здаецца, ніхто не залічаў, але ўсё ж адкажыце, што вас зьвязвае з габрэямі? У апавяданьнях«Вова Цымэрман» альбо «Прароцтвы Розы Герцыковіч» вы адгукаецеся пра іх зь вялікай сымпатыяй і цеплынёй. А раптам і вы?..
Іосіф
За савецкім часам распавядалі показку пра чалавека, які, запаўняючы анкету, у графе пра нацыянальнасьць напісаў: «не» .
Я — таксама не.
Праўда, калісьці ў жоўтай газэтцы «Славянский набат» друкавалася сэрыя артыкулаў аднаго (бясспрэчна, цікавага для мэдыкаў вядомай спэцыяльнасьці) публіцыста пад агульным назовам «Бесы над Белой Русью» . Мая асоба была там маляўніча дэманізаваная і ўзвышаная да статусу агента «Масаду» і адначасова ЦРУ. Пераезд небясьпечнага агента з Полацку ў Менск быў абвешчаны акцыяй, сплянаванай ці то ў Тэль-Авіве, ці то на берагах Патамаку.
Я абсалютна ўпэўнены, што за падступным плянам стаяў хтосьці з былых полацкіх габрэяў, сяродякіх я рос і нават упэўнена спасьцігаў азы ідышу, наякім у нашай частцы Полацку, асабліва вечарамі налавачках, гаварыла тады бальшыня жыхароў.
У 1855 годзе ў маім родным горадзе нашчадкі біблійнага Сіма складалі 66 % насельніцтва, на пачатку ХХ стагодзьдзя — 51. Паводле перапісу 1959 году ў Беларусі жыло 150 тысяч габрэяў, і мне ўяўляецца, што палова зь іх прыпадала на Полацак. Аўтар выдадзенай у сярэдзіне пазамінулага стагодзьдзя кнігі «Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии» расейскі генэрал Міхаіл Без-Карніловіч, які паходзіў з Магілеўшчыны, пісаў пра айчынных юдэяў так: «Предприимчивы, любопытны, проницательны.
С первого взгляда, с первых слов поймут, с кем имеют дело… Для них никакой труд не тяжел, если только от него предвидят для себя пользу… В вере тверды до фанатизма, богомольны, единодушны, любят помогать своим, в особенности, когда те пострадают от пожара…»
Жывучы ў дзяцінстве паміж Шэфаў, Гофэншэфэраў (больш за сто гадоў таму прадстаўнік гэтагароду выдаў першыя полацкія паштоўкі), Ліўшыцаў,Эпштэйнаў, Сраіловічаў (іхнія продкі валодалідрукарняй), нашчадкаў Бэрмантаў і Бэрштэйнаў,якія некалі адкрылі ў горадзе першыя фотаатэлье,закаханы ў суседку Сімачку Музыкант, а затыму аднаклясьніцу Полю Кругляк з поўненькімі,як літровыя малочныя бутэлькі, ножкамі, я магуз адлегласьці гадоў засьведчыць, што ўсё напісанаецарскім генэралам — шчырая праўда. У тым ліку і наконт пажару.