Выбрать главу

У «зорныя гады» літаб’яднаньня амаль ніводнае паседжаньне не абыходзілася без адмысловых гасьцей. Давалі бясцэнныя парады «крынічанам» Янка Брыль і Рыгор Барадулін. (Дзядзька Рыгор, апрача ўсяго астатняга, зьдзівіў тым, што падчас неафіцыйнай часткі піў адно мінэралку, але хмялеў і весялеў разам з усімі.) Захаплялі эрудыцыяй археоляг Сяргей Тарасаў і архітэктар-рэстаўратар Валеры Сьлюнчанка, што аднаўляў Сафійскі сабор. Прыехаў і выступіў з цэлай праграмаю абароны мовы і культуры тагачасны сакратар віцебскага абкаму КПБ Ёсіф Навумчык, адзін з нашых вельмі нешматлікіх, на жаль, нацыянал-камуністаў.

Сябры «Крыніцаў» кожны тыдзень ладзілі выступы ў школах і ПТВ, прабіваліся ў музычную вучэльню і політэхнічны інстытут, на наваполацкія нафтагіганты. Мы ставілі задачу, каб кожная такая вылазка сталася падзеяй, і раз-пораз гэта сапраўды ўдавалася. А яшчэ была дапамога рэстаўратарам Сафійскага сабору, удзел у археалягічных раскопках, абарона прызначанай пад знос старадаўняй камяніцы на полацкім праспэкце Карла Маркса, якую ў гэрастратаў удалося адбіць (цяпер там мастацкая школа, а праспэкт мае імя Франціска Скарыны).

Пры канцы 1980-х «Крыніцы» , застаючыся моцным літаб’яднаньнем, разам з тым перажывалі трансфармацыю ўва ўплывовы дэмакратычны клюб. Мне здаецца, якраз тут адзін з складнікаў пазьнейшай бліскучай перамогі Лявона Баршчэўскага над першым сакратаром наваполацкага гаркаму партыі на выбарах у Вярхоўны Савет Беларусі гістарычнага 12-га скліканьня.

Натуральна, мы не маглі не прыцягнуць да сябе ўвагі «кампэтэнтных органаў» . На паседжаньні прыходзілі «літаратары» , якія сарамліва адмаўляліся чытаць свае творы і прападалі з далягляду гэтак сама нечакана, як і зьяўляліся. Цяпер ужо вядома, што былі завэрбаваныя ў інфарматары прынамсі двое ўдзельнікаў аб’яднаньня.

Часам у мой кабінэт заходзіў змрочны, як навальнічная хмара, рэдактар Сімураў і прасіў тэчку зь літаратурнымі матэрыяламі, што на тыдзень перавандроўвала кудысьці за сьцены рэдакцыі. (На такія выпадкі я трымаў у стале не адну тэчку, а дзьве ці тры.) Як потым высьветлілася, кожныя «крынічанскія» вячоркі запісвалася на магнітафон, пасьля чаго ў якой-небудзь перапалоханай юнай літаратаркі «таварыш маёр» дапытваўся, што апавядаў пра менскія падзеі Арлоў, чым абураўся Мудроў і як ацанілі эпахальную брэжнеўскую «Малую зямлю» Лапатка зь Мінкіным. Праўдзівасьць адказаў спраўджвалася ў гросбуху з магнітафоннай раздрукоўкай. Вядомасьць і аўтарытэт «Крыніцаў» знаходзілі выяўленьне і ў іншых, часам вельмі нечаканых формах.

Мне хочацца ўявіць тую палачанку, што пад выглядам паходаў на нашы частыя паседжаньні зьнікала ў адваротным кірунку. У дні літвячорак роўна аб адзінаццатай гадзіне ў рэдакцыі званіў тэлефон. Слухаўку браў старшыня аб’яднаньня, гэта значыць я. Мужчына на тым баку проваду называў сябе «мужам адной паэткі» і ветліва цікавіўся, калі мы зьбіраемся разыходзіцца. Я сумленна адказваў, што прыкладна апоўначы, і запэўніваў, што ўсіх дам правядзем дахаты. Так доўжылася, калі не памыляюся, гады два. Але аднаго разу муж папрасіў перадаць, што сёньня зойдзе па сваю таленавітую «палавінку» сам. Я мусі . удакладніць імя паэткі і пачуў абсалютна незнаёмае нікому з нас імя...

Дык у чым усё ж прычыны фэномэну «Крыніцаў» ?

Па-першае, відаць, у самой полацкай атмасфэры. Я кажу — у полацкай, бо Наваполацак заўсёды ўспрымаўся мною як працяг гораду Еўфрасіньні і Скарыны.

Па-другое, разам з геніем месца сваю ролю, бясспрэчна, адыграў і геній часу. Час быў набрынялычаканьнем пераменаў, прагаю набліжаць іх — і словам, і дзеямі.

Ну, а па-трэцяе, у тым часе шчасьліва супалінекалькі асобаў, што здолелі стварыць моцнае магнітнае поле для дзясяткаў іншых.

Лёс раскідаў «крынічанаў» па сьвеце, але, магчыма, цяпер, калі я пішу гэтыя радкі, пульс нашага былога брацтва хоць на колькі хвілінаў зноў заб’ецца ня толькі ў Полацку і Менску, але ў Беластоку і Варшаве, у Хэльсынках і Нью-Ёрку...

Здаецца, я ўжо чую яго.

Вы пісалі на туалетнайпаперы?

Вядома, што многія літаратары стваралі ня толькі за пісьмовым сталом, але і ў розных іншых месцах. Напэўна, хапае такіх і сярод беларускіх пісьменьнікаў. А, калі не сакрэт, дзе пісалі й пішаце вы? Ці ёсьць пры гэтым нейкія адмысловыя правілы (якасьць паперы, адзеньне, час сутак, асьвятленьне, пітво)?

Алесь Каралёў

Сапраўды, родны пісьмовы стол ніколі ня быў адзіным працоўным месцам літаратара. Як мы памятаем зь «Сьвята, якое заўсёды з табой» , Гэмінгўэй любіў пісаць у парыскіх кавярнях. Мэтэрлінк доўга жыў у абацтве Сэн-Вандрый, а калі ствараў «Жыцьцё пчолаў» , ставіў перад сабою сподак зь мёдам, каб прывабіць сваіх гераіняў. Жан-Жак Русо працаваў дома, затое, перапісваючы «Новую Элаізу» , выкарыстоўваў пазалочаную паперу, прысыпаючы атрамант лазуркавым і срэбным парашкамі ды сшываючы аркушы блакітнымі стужачкамі.