У 20—50-я гады XX стагодзьдзя шмат якія пісьменьнікі на адной шостай частцы плянэты вельмі часта тварылі ня ў самых камфартабэльных умовах, дый паперу мелі крыху горшую, чым у Русо. У пісьменьніцкім доме творчасьці ў Піцундзе расейскі празаік Леў Разгон расказваў мне, як за часамі перабудовы сустракаўся з францускім перакладчыкам ягоных лягерных апавяданьняў.
Для прадмовы таго цікавілі дэталі: напрыклад, тое, на чым пісаў Разгон у ГУЛАГу. «Ды на чым выпадала» , — адказаў былы вязень. «Божа мой! — схапіўся за галаву француз. — Я зразумеў! Вы пісалі на туалетнай паперы!»
Наш Пятро Бітэль, перакладаючы ў няволі «Пана Тадэвуша» , таксама карыстаўся «туалетнай паперай» , у прыватнасьці, такім яе гатункам, як шматкі ад мяхоў з цэмэнтам.
Заходнебеларускія літаратары сядзелі, як вядома, у польскіх астрогах. Умовы і там былі ня райскія, але, відавочна, больш камфортныя для сустрэчы з музамі, чым у сталінскіх «пансіянатах» . Іначай Піліп Пестрак не прасіўся б пасьля вызваленьня ў 1939 годзе, каб новае савецкае начальства пускала яго працаваць — пакуль ня скончыцца пэрыяд акліматызацыі — у былую камэру.
На Ўладзімера Караткевіча ўлада касавурылася, але, дзякаваць Богу, у турмах і лягерах яго не мардавалі. «Дзікае паляваньне» стваралася ў Воршы на паддашку адрынкі пры бацькоўскай хаце. «Ладзьдзя Роспачы» ды шмат што іншае — у велізарным сьветлым пакоі збудаванага дзедам Васілём дому ў Рагачове (моцная стогадовая пабудова, дзе жывуць сваякі пісьменьніка, захавалася й чакае мэмарыялізацыі).
Аўтар аповесьці «Ня плач, душа мая» , якой некалі зачытваліся «майстроўцы» , і геній выцінанкі Вячаслаў Дубінка прыходзіў на менскі паштамт і гадзінамі сядзеў за столікам з паперай і асадкай, ня раз прыцягваючы ўвагу аховы, што аднойчы прыняла яго за шпіёна.
Хтосьці, прадчуваю, непазьбежна абвінаваціць мяне ў нясьціпласьці й жаданьні прытуліцца да людзей выбітных і славутых, але пытаньне прагучала — трэба нешта сказаць і пра сябе.
Нічым асаблівым пахваліцца не магу. Пісацьздольны толькі дома, у пакоі, вакно якога выходзіцьна гармату каля Нацыянальнага гістарычнагамузэю, а яшчэ — у апошняй кватэры бацькоў у Наваполацку, дзе цяпер жыве сястра Тацяна. Лецішчана Лысай гары (як, зрэшты, і недзе яшчэ), на якойтварыла й творыць значная частка айчынных чараўнікоў слова, ніколі ня меў.
Якіх-небудзь прыбамбасаў паведаміць вамне магу. Да нядаўняга часу пісаў першы варыянт выключна ад рукі, цяпер спрабую адразу накампутары. Папера мусіць быць белая і досыцьшчыльная, каб потым не прасьвечвалі радкі наніжняй старонцы, што чамусьці ўносіць у душудысгармонію. Найлепшыя вынікі — калі пішашу першай палове дня. Самае добрае сьвятло — сонечнае. Спробы імітаваць творчы працэс уначысканчваліся глыбокім здаровым сном з уткнутыму паперу носам.
Раней некаторыя тэксты пісаў у «суаўтарстве» з чырвоным віном. Так чвэрць стагодзьдзя таму была напісаная аповесьць «Час чумы» . Тады я цэлы месяц жыў у закарпацкай вугорскай вёсцы, дзе абыходзіцца безь віна лічылася б проста мавэтонам. Я й цяпер не адмаўляюся ад чырвоненькага, але ўжо даўно прыйшоў да высновы, што за пісьмовым сталом клікаць на дапамогу алькаголь няварта й небясьпечна. Можаце мець мяне за маралізатара, але на дне келіха напраўду хаваецца творчая бездапаможнасьць і трагедыя. (Самы красамоўны й страшны прыклад зь нядаўняга мінулага ведае, відаць, кожны, хто цікавіцца нашым прыгожым пісьменствам.) Цяпер п’ю над чарнавікамі вельмі моцную кенійскую гарбату, якую прыяцель прывозіць з афрыканскай крамкі ў Лёндане. Ужываю яе абавязкова з малаком, бо іначай праз тыдзень можна нажыць язву страўніка.
Кажуць, Уладзімер Караткевіч, сядаючы за стол,адзяваўся, быццам на сьвята, а пісаў, якшкольніквыдатнік, амаль нічога не выпраўляючы й не закрэсьліваючы. У хвіліны адпачынку піў каву, якуюгатаваў паводле засакрэчанага рэцэпту, і любіўглядзець мультфільмы.
Каву я, дзікі чалавек, практычна ня п’ю, мультфільмы мне ня надта даспадобы. Бясконца крэсьлячы й выпраўляючы сябе, я нараджаў апавяданьне пра Караткевіча для дзіцячай кніжкі «Адкуль наш род» у самы летні сквар, калі за вакном было градусаў пад сорак. Згадаўшы ў тэксьце, як мэтар надзяваў перад працаю адпрасаваную белую кашулю, я падняўся з-за стала і падышоў да люстэрка.