Выбрать главу

Станіслава Аўгуста Панятоўскага расейская імпэратрыца Кацярына не магла дажыць да вечара.

А пасьля пазбавіла і дзяржавы, і свабоды.На палічках, а таксама ў шуфлядах стала — маёйпісьменьніцкай цытадэлі — сустракаюцца і таямніцы, пра якія не скажу.

Над усім гэтым багацьцем лунае бел-чырвона-белы сьцяжок, куплены ў сувэнірным шапіку нью-ёрскага будынку ААН.

Далей — вакно. Калісьці за ім расла старая разгалістая ліпа, дзякуючы якой у пакоі нават у самы летні сквар жыў прыемны халадок. Ліпы на нашай вуліцы сьпілавалі і замест іх пасадзілі маленькія клёны. Каб убачыць «мой» клёнік, пакуль што трэба станавіцца на падвоканьне. Але я жыву зь вераю, што дачакаюся часу, калі дрэўца пасталее, дацягнецца да вакна і зробіцца маім суразмоўцам.

А цераз дарогу, на будынку Нацыянальнага гістарычнага музэю, тады будзе напісана зусім ня «вуліца К. Маркса» .

Загінуць пад слоўнікамі

Вы пісалі, што ведаеце мову лепш за пісьменьнікаў, якія нарадзіліся ў вёсцы. Верыцца зь цяжкасьцю. Мабыць, часта карыстаецеся слоўнікамі. Цікава, якімі? Можа, ёсьць нейкія недаступныя простым сьмяротным рэдкасьці? А ўвогуле, якое месца займаюць слоўнікі ў кабінэце пісьменьніка і ў ягоным жыцьці?

Ваш чытач Мікола Ш.

Ды ў вас цэлы букет пытаньняў! Давайце папарадку.

У маёй «вальеры» слоўнікі займаюць ганаровае месца і не пакрываюцца пылам, бо гэта — штодзённая чытанка. І — адна з улюбёных.

Удакладняю: слоўнікі гаспадараць на чатырохпаліцах. Калі яны абрынуцца, пад імі можна загінуць. Для пісьменьніка сьмерць ня з горшых.Вось шэсьць тамоў Тлумачальнага. Ад нараджэньнябылі цёмна-зялёныя, але так зачыталіся,што мусіў пераапрануць іх у новыя аклады. Цэлую паліцу захапіў, ашчацініўшыся — нібы дзідамі — закладкамі, Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Калі наважваесься нешта пісаць падкрылом у Кліё, безь яго не абыдзесься. Бывала, мянепапракалі ў архаізацыі лексыкі, а бывала, наадварот,— у мадэрнізацыі мовы герояў гістарычных твораў.

Калі ласка, разгарніце першы том. Прыкладыз дакумэнтаў XVII стагодзьдзя: аўтэнтык, адміністрацыя, акцыя, аўтар, афэктацыя… Эўропа!

Два зграбныя кармінавыя томікі слоўніка Вацлава Ластоўскага — памятка пра заняткі самвыдатам.

Слоўнікі сынонімаў, іншаземных словаў, фразэалягічныя, нашай безэквівалентнай лексыкі (рэкамэндую тым, хто яшчэ сумняваецца ў багацьці мовы Купалы і Быкава)…

Дзясяткі закладак вытыркаюцца і з кнігі Паўла Сьцяцка «Культура мовы» , якую цаню болей за некаторыя лексыконы і раю мець кожнаму, хто прафэсійна карыстаецца беларускім словам. Тое самае скажу пра «Расейска-беларускі слоўнік» С. Некрашэвіча і М. Байкова, што першы раз выйшаў у Менску ў 1928 годзе. Меркавалася яго перавыданьне ў 1995-м, ды адразу пасьля рэфэрэндуму тую выдавецкую пазыцыю скарацілі. Беларусафоб, які за гэтым стаяў, ведаў, што робіць.

Сёньня том Некрашэвіча й Байкова нарэшце перавыдадзены часопісам «ARCHE» . У нашых беларускіх шыротах нячаста сустракаецца таксама «Українська мова без табу» Лесі Ставіцкай. Да свайго такога слоўніка пакуль не дажылі, але — паколькі адсоткаў восемдзесят лексыкі ў нас агульныя — зазірнуць карысна і ў суседзкі.

Ёсьць і яшчэ адзін даволі рэдкі слоўнік — А. Флегон. «За пределами русских словарей. (Дополнительные слова и значения с цитатами Ленина, Хрущева, Сталина, Баркова, Пушкина, Лермонтова, Есенина, Маяковского, Солженицына, Вознесенского и др.)» , London, 1973.

Я называю гэтае выданьне шпіёнскім. Не таму, што сам — шпіён (ня быў, хоць у дзяцінстве і марыў), а з той прычыны, што трапіў слоўнік да мяне надзвычай пакручастым шляхам і ў папярэднім сваім жыцьці яўна належаў сапраўднаму шпегу.

Цяпер пра пісьменьнікаў зь вёскі. Здаецца, я ня быў дурнавата-катэгарычны і ўжыў слова «некаторыя» . Ну хто насьмеліцца сьцьвярджаць, што валодае моваю лепей за «вяскоўца» Барадуліна? Або, да прыкладу, за Барыса Пятровіча ці Андрэя Федарэнку.

Ды праблема існуе. Ведаю пару-тройку народжаных у сялянскіх хатах калегаў, якія з гэтае нагоды перакананыя, што ўсмакталі мову з матчыным малаком і могуць звысоку пазіраць на «дзяцей асфальту» . У нас у навакольлі, маўляў, казалі так — і кропка. Такі сабе комплекс паўнавартаснасьці.

Мова — гэта філязофія. Але ж філязофія народу, а ня толькі роднае вёскі. Нехта зазначыў (ці, можа, я сам прыдумаў?), што любой мовай можна авалодаць за некалькі месяцаў, адно родную трэба вучыць усё жыцьцё. А Людвіг Вітгенштайн пісаў, што «межы маёй мовы азначаюць межы майго сьвету» .

Мне хочацца параўнаць мову з музычным інструмэнтам (чамусьці найперш зь віялянчэляй), які трэба даглядаць, а таксама зноў і зноў настройваць, каб не фальшывіў. Наастачу прыгадаю словы Альбэра Камю: «Што б ні здарылася, я ведаю, што ў мяне ёсьць Айчына — француская мова» .