Што датычыць этнічна літоўскіх (у цяперашнім сэнсе) земляў, то хроніка Длугаша — галоўная крыніца для вывучэньня тых падзеяў — называе толькі ковенскую харугву. У віленскай, медніцкай і троцкай, як мяркуюць нашы гісторыкі, пераважалі славяне. Але нават калі гэта ня так, агульная карціна ўсё адно не патрабуе лішніх камэнтароў.
Хіба што некалькі словаў пра гэтак званыя «три русских смоленских полка» (азначэньне расейскай гістарыяграфіі), якія ледзьве не адны выйгралі бітву.
Гаворка ідзе пра амсьціслаўскую, аршанскую і ўласна смаленскую харугвы, выстаўленыя Смаленскай зямлёй, што на той час ужо была часткаю Вялікага Княства Літоўскага. Гэтыя харугвы, пакінутыяВітаўтам для прыкрыцьця правага флянгу палякаў,сапраўды праявілі незвычайную мужнасьць і амальцалкам палеглі.
Пытаньне этнічнага складу войска Вялікага Княства ўзьнікла і на навуковай канфэрэнцыі, прысьвечанай 600-годзьдзю Грунвальду. У адказ на агучаны сьпіс харугваў зь беларускіх земляў адзін зь літоўскіх навукоўцаў выставіў арыгінальны контраргумэнт: маўляў, у тыя часы войска не камплектавалася паводле этнічнага прынцыпу. Алехто тады жыў у Полацку, Віцебску, Менску, Воршы,Пінску, Горадні, Наваградку?..
Калі будзеце спрачацца зь літоўцамі на гэтую тэму наступны раз, папрасіце апанэнтаў назваць грунвальдзкія палкі, выстаўленыя іх этнічнымі землямі. Але зазначце, што аніякай ганьбы для літоўцаў у суадносінах славянскіх і балцкіх харугваў Княства, вядома, няма. Рэч у тым, што за часамі Вітаўта населеныя балтамі землі займалі ўсяго блізу 1/15 часткі ягонае дзяржавы.
А найлепей з суседзямі ня чубіцца, а выпіць за агульную перамогу продкаў пляшку іхняга «Сукцінісу» цінашае «Белавескай» .
«Александрыя» й «Дзікае паляваньне»
Скажыце, калі ласка, якія кнігі ў нас чыталі гадоў пяцьсот назад? Ці існавала штосьці накшталт тагачасных бэстсэлераў? І, як вы думаеце, ці будуць нашыя нашчадкі чытаць кнігі яшчэ празь пяцьсот гадоў?
Леанід Гельфанд
Калі я думаю пра чытаньне, заўсёды згадваю словы Эліяса Канэці: «Табе найбольш хацелася б неўміручасьці — якая сьціпласьць! — каб чытаць» .
Падданыя вялікіх князёў Жыгімонта Старогаальбо Жыгімонта Вазы працытаванага нобэлеўскагаляўрэата, відаць, не чыталі, але сярод іх, безумоўна, знайшліся б асобы, гатовыя падпісацца падягонымі словамі.
Напрыклад — паэт і філёзаф Саламон Рысінскі, што блізу 1600 году заняў пасаду прыдворнага вершатворцы і выхавальніка дзяцей у аднаго з князёў Радзівілаў. (Дарэчы, наш гісторык зь Беласточчыны Алег Латышонак лічыць спадара Саламона першым у гісторыі беларусам — на той падставе, што Рысінскі ў шматлікіх вандроўках па Эўропе нязьменна менаваў сябе «леўкарусус» : «леўкос» у перакладзе з грэцкай азначае «белы» .) Пасьля сябе паэт пакінуў 1000-тамовую бібліятэку, дзе Гамэр, Гэрадот і Ювэнал суседзілі з Томасам Морам, Ульрыхам фон Гутэнам, Янам Каханоўскім...
У зборы старэйшага Саламонавага сучасьніка Сімяона Полацкага, што зьдзейсьніў сапраўдную культурную рэвалюцыю ў Маскве, знаходзіліся творы Цыцэрона, Тамаша Аквінскага, Эразма Ратэрдамскага, айцоў хрысьціянскай царквы, граматыкі, слоўнікі, зельнікі. Хацеў бы я зазірнуць і ў трактат пад назовам «Книга преудивительная таинств женских, еще о силах трав, каменей, зверей, птиц и рыб…» . Дзяку-маскоўцу, што рабіў вопіс Сімяонавай спадчыны, часта не ставала адукацыі, і ён проста пазначаў: «Книга всего мира описание» або «Творение Андриана Тулия, латинское» .
Сьпісу кніг Скарынавай бібліятэкі не захавалася, аднак можна меркаваць, што яна шмат у чым нагадвала кнігазборы асьвечаных суайчыньнікаў. Але мы вядзем гаворку пра асобаў выбітных. А якім было кола чытаньня паспалітага люду? Яно было абумоўленае ўлучанасьцю Літвы-Беларусі ў агульнаэўрапейскую культурную прастору. Вялікай папулярнасьцю карысталіся беларускія пераклады «Гісторыі пра Атылу» , «Аповесьці пра Баву» і «Аповесьці пра Трышчана і Іжоту» . Згаданыя творы ўводзілі продкаў у рыцарскі сьвет Заходняй Эўропы.
Уладкаваўшыся ў доўгі зімовы вечар каля цёплай кафлянай грубкі з выявамі радавога ці гарадзкога гербу, шляхціч або заможны рамесьнік разгортваў прыгодніцкі раман «Александрыя» , якікарыстаўся ня меншай папулярнасьцю, чым празь пяцьсот гадоў «Дзікае паляваньне караля Стаха» Ўладзімера Караткевіча. Дачытаўшы апісаньне паходу Аляксандра Македонскага на загадкавы Ўсход, такі чытач меў магчымасьць узяцца за «Аповесьць пра Трою» .