У часы маіх яшчэ няўпэўненых крокаў на пакручастай літарацкай сьцежцы існавала практыка так званага грамадзкага рэдагаваньня. Да яе зьвярталіся ў выпадках, калі выхад кнігі апынаўся пад пытаньнем з ідэалягічных ці іншых падобных прычынаў. Такім рэдактарам мусіла быць асоба зь вялікай вагою ў літаратурным сьвеце. Часам ёй сапраўды ўдавалася выканаць ролю выратавальніка.
Першую кнігу Ларысы Геніюш, выдадзеную ў савецкай Беларусі, — «Невадам зь Нёману» — на грамадзкіх пачатках адрэдагаваў Караткевіч. Аўтарка падпісала мне зборнік у Зэльве незадоўга да сыходу ў нябесную Беларусь. А пасьля таго, як я выступіў на пахаваньні Ларысы Антонаўны, спынілі і без таго павольны рух маёй першай кніжкі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» . Дапамагчы ўзяўся аўтар геніяльнага «Смаленьня вепрука» Міхась Стральцоў. Сваю працу ён таксама зрабіў выдатна: я нават не заўважыў ніякіх уварваньняў у тэкст.
Потым, аднак, рукапіс трапіў да пільнай выдавецкай дамы. Пра дзейнасьць Галіны Барысаўны і,у прыватнасьці, пра тое, як, едучы з Полацку на сустрэчузь ёю, я купіў стрэльбу (праўда,падводную),я калі-небудзь напішу вясёлы і амаль дэтэктыўнытвор. А тады было нявесела.
Але рэдактарка зрабіла і адну добрую справу. Героі будучай кнігі не належалі да абстынэнтаў і раз-пораз выпівалі. Прычым разьлівалі пляшкі па келіхах і кілішках акурат у той пэрыяд, калі партыя і ўрад змагаліся з п’янствам. Галіна Барысаўна зьдзейсьніла нешта кшталту дзіва ў Кане Галілейскай наадварот. Яна бязьлітасна працьверазіла пэрсанажаў: усе моцныя трункі ператварыліся ў сухое віно, а само сухое віно — у «гарбату на зёлках» . Ды на радасьць аўтару і чытачам, хапянуўшы тых сухача ці гарбаты, героі чамусьці зазвычай браліся закусваць…
Адзін з наступных рэдактараў — ужо ў новыя, незалежніцкія і дэмакратычныя часы — вызначыўся тым, што ў вялікім рукапісе паправіў два словы: на другой і перадапошняй старонках.
Сустракаўся я і з прадстаўнікамі гэтай прафэсіі, якія тэкстаў проста не чыталі, што, шчыра кажучы, часта ішло кнізе толькі на карысьць. Хоць, трэба прызнаць, такі падыход тоіць у сабе і пэўную небясьпеку. Да прыкладу, аднаго разу ў «Мастацкай літаратуры» некалькі выдавецкіх этапаў пасьпяхова прайшоў рукапіс вершаў шаноўнага Васіля Васілевіча Зуёнка, у прозьвішчы якога заместа літары «З» упарта трымалася набраная нейкім шкоднікам і дывэрсантам літара «Х» .
Ведаю гэтую жудасную гісторыю, бо ў тыя часы сам зарабляў на хлеб і «гарбату на зёлках» рэдактарскай працаю ў «Мастацкай» . Адзін аўтар са мною два гады не вітаўся. Іван Пятровіч Шамякін доўга крывеліўся. Нехта з адрэдагаваных званіў і раіў позна не вяртацца дадому.
А вось пра кожнага з сваіх рэдактараў (пагатоў, многія зь іх і выдатныя творцы) я мог бы гаварыць гадзінамі і заўсёды з удзячнасьцю. Пра Леаніда Васілевіча Дранько-Майсюка. Пра Сяргея Іванавіча Дубаўца. Пра Алеся Пятровіча Рыбака. Пра Эрнэста Нічыпаравіча Гнеўку, якому выпала рэдагаваць сотні старонак «Таямніцаў полацкай гісторыі» , нашпігаваных імёнамі, датамі ды рознымі сумнеўнымі высновамі…
Пра Кацярыну Пятроўну Гарэлік, зь якой працаваў над «Імёнамі Свабоды» . Пра Аляўціну Сямёнаўну Вячорку і Тацяну Лявонцеўну Шумейку. Пра Іну Паланейчык, якая разам з аўтарам нейкім дзівам давяла да чытачоў «Ордэн Белай Мышы» .
А яшчэ страшэнна хочацца напісаць кнігі, якія б зноў пагадзіліся рэдагаваць Аляксандра Макавік, Валянцін Акудовіч і Зьміцер Санько. Яны — і будучыя кнігі, і рэдактары — напаўняюць мае сны неверагоднымі сюжэтамі й спадзяваньнямі. Скажыце, чаму ў нас столькі помнікаў пісьменьнікам і ніводнага — рэдактару?
Адліты з мосенжу рэдактар уяўляецца мне летуценным чалавекам зь сякераю, а застылая ў каляровым мэтале рэдактарка — мілай акулярыстай дзяўчынаю з зграбным кухонным нажом (вусьцішны варыянт — зь сярпом), якім яна пяшчотна рэзала аўтара ня толькі па тэксьце, як ёй здавалася, але і па значна больш адчувальных частках ягонага фізычнага й мэтафізычнага цела. Дарагія рэдактары, сэрца захлынаецца ад любові да вас! Вам пакуль што не ўдалося зарэзаць ніводнай кніжкі Ўладзімера Арлова.
Цэнзура адрэзала органы
Хацелася б пачуць, як складваліся вашыя стасункі з цэнзурай у мінулым, і як выглядае справа цяпер. Напэўна, даводзіцца неяк абыходзіць «падводныя камяні», ісьці на хітрыкі, etc.
Раман
Калі казаць пра падзеі прамінулага стагодзьдзя,дык я пазнаёміўся з цэнзурай гадоў у пяць.Да майго таты, полацкага пракурора, прыехаўправяральшчык з вобласьці. Падчас вечаровайпачосткі ў нас дома мяне выпусьцілі з культурнай праграмаю — пачытаць госьцю вывучаныяў дзіцячым садку вершыкі. Стаўшы пад фікусам,я прадэклямаваў: