Выбрать главу

У сувязі з гэтым цяжка не пагадзіцца з Алесем, што колеравыя азначэньні ў творах пісьменьніка «зьяўляюцца неад’емнай часткай аўтарскага сьветабачаньня і сьветаўспрыманьня» .

Але ўвадначас дыплёмная праца яшчэ раз засьведчыла, што прыватнае жыцьцё і літаратурнаяпраца — рэчы (хоць, бывае, нейкімі вузельчыкамі ізьвязаныя) вельмі аўтаномныя. А таму, калі ласка,ня блытайце лірычнага героя з аўтарам, які адказвае на вашае пытаньне ў сваёй улюбёнай зялёнайкашулі.

Сэкс прыдумалі зулусы

Ці знаходзіцца ў вашым літарацкім жыцьці месца футболу?

Заўзятар

Уявіце, што некалі я фанатычна хварэў за менскае «Дынама» . Дакладней, за «Дынама» першай паловы 1980-х. За каманду «залатой пробы» . За тую, дзе гулялі Сяргей Алейнікаў, Андрэй Зыгмантовіч, Сяргей Гоцманаў, Аляксандар Пракапенка, што наводзілі жах на абаронцаў і варатароў кіеўскіх аднаклюбнікаў і маскоўскага «Спартака» . Кожная гульня тады была падзеяй. Думаю, нашы тагачасныя «дынамаўцы» маюць заслугі і перад хваляю беларускага адраджэньня, што якраз тады пачынала свой разьбег.

А памятаеце, колькі нашых сьцягоў было над стадыёнам, калі ўжо нацыянальная зборная выйграла ў галяндцаў? Такога бел-чырвона-белага «дзявятага валу» я ня бачыў ні на водным самым шматлюдным мітынгу. Гэта да праблемы «футбол і нацыянальныя пачуцьці» .

Цяпер, прызнаюся, здрадзіў «дынамаўцам» і хварэю за БАТЭ (нават часам ежджу на гульні ў Барысаў). Мяркую, што ў посьпехаў гэтае каманды ёсьць і нацыянальны складнік. Нездарма ж у свій час лідэр БАТЭ Сяргей Крывец вёў блог па-беларуску і ўтлумачваў заўзятарам расейскага «Зениту» , што нашая краіна завецца не Белоруссия , а — Беларусь .

А ўвогуле, футбол — цэлы космас, які здольны самым парадаксальным чынам уплываць на чалавечую экзыстэнцыю. Да прыкладу, падчас чэмпіянату сьвету ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы я пачаў складаць легкадумную рыфмаванку пра футбол і зулусаў. Так неспадзявана нарадзіўся верш «Сэкс прыдумалі зулусы» :

сэкс прыдумалі зулусы

у саваньне

ваньне

раньнем

з выляжанкаю на стайні

з жонкаю у роднай спальні

на ліянах і абрусах

на сваім стракатым сьцязе

на гарышчы ў Златай Празе

сэкс прыдумалі зулусы

ў кабінэце

на касэце

у Валеце

пад трыбунамі ў клязэце

на чаўнах і ў інтэрнэце

ў сельсавеце і улусе

між гібонаў на сафары

у футболцы з Чэ Геварам

сэкс прыдумалі зулусы

вечны

спрэчны

небясьпечны

як пэнальці бессардэчны

пад кустом і Шляхам Млечным

з уругвайкай ды індусам

на сьняданак і ў сіесту

перад тым як цябе зьесьці

сэкс прыдумалі зулусы

з твістам

сьвістам

і расістам

з рэфэры і футбалістам

за більярдам і за вістам

з украінкай і тунгусам

кожны вечар канібалы

набіраюць сабе балы

сэкс прыдумалі зулусы

хай сабе і беларусы

і з хэт-трыкам і квартэтам

з асырыйкаю і хеттам

але я хачу каханьня

хоць глыток на адвітаньне

з гэтым летам-прайдзісьветам

з форвардаў кардэбалетам

зь недаробленым мінэтам

на ўзьбярэжжы пад Лярэтам

дзе у каталёнскім моры

мы з табой тапілі сорам

сэкс прыдумалі зулусы

хай сабе і беларусы

з пляшкай віскі й трыялетам

у аўтобусе і ў гета

але я хачу каханьня

хоць глыток на адвітаньне

з гэтым летам-пустацьветам

з выйграным адзіным сэтам

з праязным чужым білетам

з падарожжам кругасьветным

між Кейптаўнам і Менскам

на тваім фатэлі венскім

сэкс прыдумалі зулусы

хай сабе і беларусы

зь фінкаю і пісталетам

з карсыканкай і вэндэтай

але я хачу каханьня

хоць глыток на адвітаньне

з гэтым ліпенем што ў Лету

адплывае ў сандалетах

з гэтым жніўнем і з кабетай

што даўно ня мной сагрэта

ды прысьнілася ў нядзелю

ў вувузэлы мы дудзелі!

Божа дай глыток каханьня

хоць адзін на адвітаньне

з расфутбольным скварным летам

не хачу казаць: са сьветам

бо прыкінуўся паэтам

а ты ведаеш: пры гэтым

нельга аддавацца ловам

рызыкоўных рыфмасловаў

Божа дай глыток каханьня

хоць адзін на адвітаньне

і ў сваёй нябеснай высі

не ў афсайдзе

ў райскім садзе

ты мяне каханым высьні!

У крэсьле міністра

Што б найперш вы зрабілі, стаўшы міністрам адукацыі?

Вальжына, ахвяра сучаснай сыстэмы адукацыі