Выбрать главу

Мне ня надта падабаецца карыстацца даволі-так і неакрэсьленым паняткам «народ» , ды што паробіш, калі нацыі не даюць канчаткова сфармавацца.

Дык што народ? Ён шануе сваіх творцаў? Прыслухоўваецца да іх? Намагаецца зразумець?

Іду зь Вінцэсем Мудровым па Наваполацку на пахаваньне Васі Храмцова, заходжу ў кветкавую краму. Калі ласка, дзьве белыя хрызантэмы й адну чырвоную. Старэйшая з прадавачак, жанчынка гадоў на трыццаць пяць, падае замест чырвонай сінюю. Я паўтараю, што трэба чырвоная. Яна кажа: па-беларуску не разумее. Як звычайна ў такіх выпадках, спачуваю: маўляў, ясна, вы мігрантка, нядаўна прыехалі і яшчэ не пасьпелі вывучыць мову краіны, якая дала вам прытулак. Тлумачу, што чырвоная — гэта «красная» . Прадавачку неспадзявана ўзрывае: «Никакая я не мигрантка! Я здесь родилась и выросла! А мову вашу не-на-ви-жу!»

Такі вось атрымаўся букет на магілу чалавека, якіўсё жыцьцё паклаў на тое, каб яны, такія жанчынкі,сваю ж мову хаця б разумелі.

Асалютна ўпэўнены, што да нашых велізарных стратаў 2011 году прычынілася й атмасфэра пасьля апошніх прэзыдэнцкіх «выбараў» , калі краіна пачала часам успрымацца як суцэльная турма, адно што з рознымі рэжымамі.

Калі нехта думае, што гэтыя радкі піша пэсыміст,ён памыляецца. Мы выдадзім кнігі, якіх не пасьпеліўбачыць Віктар Цемушаў і Вольга Рамановіч. Мызробім сэнсацыйныя архіўныя знаходкі, напішамновыя філязофскія трактаты і раманы, што будуцьперакладаць на розныя мовы, улучна з каталёнскай,музыка якой мне так падабаецца. Бясспрэчна, шматкаму давядзецца працаваць больш, чым ён можа, і,напэўна, ня так доўга, як хацелася б.

Але «Наша Ніва» пасьля рэфэрэндуму 1995 году абсалютна слушна напісала: «Ня зломіш!» .

А што да жанчынкі- «мігранткі» ...

Зрабіце экспэрымэнт. Зайдзіце заўтра ў кветкавую краму і папрасіце чырвоных ружаў для каханайабо для маці ці жонкі палітвязьня, або для тых, хтоўжо ў вельмі далёкай вандроўцы.

«Дарогі... Корчмы... Ліра засьпіною...»

Якія кнігі вы перачытваеце?

Ірына і Лана

Біблію ў перакладзе Васіля Сёмухі. «Невыносную лёгкасьць быцьця» Мілана Кундэры.

Трохтомнік Борхэса.

«Майстра і Маргарыту» Міхаіла Булгакава. Люблю вяртацца да «Маёй Іліяды» Ўладзімера Караткевіча. Гэты томік паэзіі лічу найлепшай кнігаю нашага клясыка.

Дарэчы, каб перачытаць яе, мне ня трэба здымаць «Іліяду» з паліцы: ад студэнцкіх гадоў амаль усе вершы ведаю на памяць. Яны і цяпер гучаць ува мне:

Дарогі... Корчмы... Ліра за сьпіною...

Пачытаю сябе дарагога

Ці трэба пісьменьніку час ад часу перачытваць самога сябе?

Аўген

Думаю, што трэба.

Напрыклад, для таго, каб аднойчы зразумець,што раней пісаў лепей і надышоў час, калі непаставіць кропку ўвогуле, дык, прынамсі, на год-два спыніцца.

На жаль, гэта ўдаецца ня ўсім.

Будзе

Маё Люхава

Чытач вашых твораў можа заўважыць, што і ў вершах, і ў прозе ў вас зноў і зноў узьнікае матыў ляснога полацкага возера. Часам гучыць і ягоны назоў — Люхава. Што вас як чалавека і пісьменьніка зьвязвае зь ім? Мо тут хаваецца нейкая таямніца?

Палачанка

Думаю, што ў кожнага з нас ёсьць на сьвецемясьціна, зь якой адчуваеш асаблівую, патаемную,нават містычную повязь. Чамусьці менавіта тудыхочацца зноў і зноў вяртацца. Чамусьці менавітатам адбываюцца нечаканыя й важныя падзеі, сустрэчы,адкрыцьці...

Для мяне такая мясьціна — возера Люхава,якое ледавік некалі пакінуў на нашай зямлі запару кілямэтраў ад апошніх дамоў сёньняшнягаНаваполацку.

За савецкім часам возера афіцыйна перайменавалі ў Маладзёжнае. Чаго толькі тады — ведама ж,заўсёды па просьбах працоўных — не пераназывалі! Хіба што на рэкі рука ў бальшавікоў не паднялася: відаць, адчувалі, што ўсё адно зьнясе плыньню.

Калі я ў 70—80-я гады мінулага стагодзьдзя працаваў у наваполацкай гарадзкой газэце «Химик» , за выкарыстаньне старога, не зацьверджанага пастановаю гарвыканкаму назову можна было зарабіць вымову на рэдакцыйнай лятучцы. Вядома, ніводны жывы чалавек Маладзёжным Люхава ніколі ня зваў, а пачуўшы такі дэбільны назоў зь нечых вуснаў, толькі спачувальна паківаў бы галавой. Ды хопіць пра сьпісаныя на звалку гісторыі савецкія пастановы.