Выбрать главу

У нядзелю, днём, я пастукаўся — яна адчыніла дзверы і ў пакоі стаяла перада мною ў квятастай паркалёвай сукенцы, у чорных чаравічках на высокіх абцасіках, ад валасоў яе ішоў пах нейкіх кветак, напэўна, палявых ці лугавых — гэтак, напэўна, пахла мыла, з якім яна нядаўна памыла валасы, і сарамліва ўсміхалася — вядома ж, сарамліва таму, што вось неяк атрымалася: яна адна ў пакоі, і я стаю перад ёю, трымаю ўруцэ сшытак, а дзяўчаты, мусіць, пайшлі ў кіно ці ў парк — ой, ну так ужо атрымалася, прабач, што я адна... Я аддаў ёй сшытак з перапісанымі вершамі. «Дзякуй табе, Толя... А давай пап ем разам гарбаты, пачастую цябе паляндвіцай... Мама перадала...» Мы сядзелі за сталом, насупраць адно аднаго, елі паляндвіцу, якая пахла кропам, кменам, пілі гарбату, я чытаў вершы — ціха, усхвалявана, у Тоні ў вялікіх шэрых вачах трымцелі слязінкі, і шчокі свае яна трымала ў далонях. Сказала: «Дома на гарышчы, у старым куфэрку, я знайшла, калі хадзіла ўжо ў дзесяты клас, часопіс «Калосьсе», тры нумары. Гэта засталося ад бацькі майго... загінуў недзе ля Варшавы... Мама казала мне: ты камсамолка, у бацьку ўдалася — ён быў камсамольцам, усё хадзіў у Нясвіж... А я, Толя, тое «Калосьсе» ўзяла ды прынесла ў школу, паказала настаўніцы, думала, тая толькі радая будзе — яна ж была настаўніцай беларускай літаратуры. А яна паказала часопіс завучу... Я цягнула на сярэбраны медаль, і мне гэтага медаля не далі, ведаю: за «Калосьсе»...