Выбрать главу

Тут я ўпершыню ў сваім жыцці гэтак блізка, проста перад сабой, убачыў зусім голую жанчыну... Ну, амаль кожны з нас, калі былі мы малымі дзецьмі, бачыў — у вясковых лазнях — сваіх голых мамаў і цётак. Намерыўся паглядзець праз шчыліну ў дзвярах, як мыецца ў хаце мая маладая цётка, але атрымаў ззаду па вушах ад дзеда... На беразе Ішыма праз пяць-шэсць дзён нашага «асваення» цаліны, зайшоў я да немцаў (у пасёлку з дзесятка домікаў толькі ў адным жыла казахская сям'я, у астатніх — механізатары — немцы, колішнія «перасяленцы» з Волгі) — выпала мая чарга ісці па бражку — рыжае, кіслае пойла. Пастукаўся ў сенцах у дзверы — маўчаць, адчыніў дзверы, пераступіў парог — на кухні нікога, пастукаўся ў другія дзверы — ціха, адчыніў і гэтыя дзверы — стаіць у пакоі перада мной маладая жанчына ў чырвоным халаце, босая, ля начовак на табурэтцы, з начовак, ад вады падымаецца пара. Немка сціскае адной рукою халат на грудзях, другою рукой — крыссе халата на каленях, і валасы ў яе распушчаныя, рыжай хваляй сцякаюць з плячэй на грудзі. Стаім — яна перада мной знямелая, і я — перад ёй знямелы, яна — з рыжымі распушчанымі валасамі і шырока адкрытымі блакітнымі вачыма, я — з алюмініевым бітончыкам у руцэ, яна — высокая і маладая, я — высокі і малады, яна — з нямецкага берага Волгі, я — з берага беларускага Дняпра, яна — немка, арыйка, дзіця даўняй Германіі, той далёкай зямлі, чые іншыя, праз два стагоддзі, дзеці прыходзілі на маё Дняпро забіваць маіх землякоў, маю маці, родных і суседзяў... I мы стаім во тут — яна і я, маладыя і высокія. I пальцы рук яе расшчапіліся на халаце — на грудзях і каленях, і халат, сам па сабе, ціха расхінуўся, і здрыгануліся высокія, поўныя, белыя грудзі з цёмнымі, тырчком, саскамі, а рукі яе аслабела віселі ўздоўж акруглых бёдраў, і калені былі цесна сціснутыя...

Калі я бразнуў на падлогу бітончык і ступіў крок да яе, яна расчапіла калені — крыху, настолькі, каб ступіць крок назад. Я ступіў яшчэ крок — яна спынілася, стаяла і шырока адкрытымі блакітнымі вачамі глядзела — не на мяне, а як скрозь мяне і быццам не бачыла мяне. Я падышоў да яе, абняў за плечы, прыціснуў да сябе, пачуў трапятанне яе грудзей і губ і ўзяў яе гарачыя губы ў свае, але яна раптам адхіснулася галавой назад, наставіла мне вострыя локці і рашуча адштурхнулася, павярнулася, захіснулася халатам і пабегла да дзвярэй у суседні пакой, грукнула дзвярыма, там, у тым пакоі стала ціха, потым я пачуў: жанчына плача... Я стаяў на месцы, глядзеў у начоўкі з вадой — пара ад яе ўжо не йшла, але вада ўсё яшчэ калыхалася, і я ведаў: калі жанчына крутанулася ад мяне, яна каленам зачапілася за край начовак, і яны ледзь не ўпалі з табурэткі на падлогу. Жанчына ў тым пакоі сціхла, потым выйшла да мяне апранутая, прычасаная, кінула на мяне імгненны, спадылба, позірк, сказала: «Когда же вы перестанете преследовать нас? За что вы нас мучаете? За что? Скажите!.. — памаўчала, потым, ужо цішэй, амаль шэптам і бліжэй да мяне, гаварыла. — Мы уже и так судьбой давно подбиты... Ах, вернуться бы на землю предков, хоть на какую, но на ту, родную... Но не каждый из нас это может сделать... потому что и в этих, приволжских и азиатских, землях тлеют наши кости... Но за что вы нас?» Я ціха, асцярожна абняў яе за плечы, і яна палажыла мне на плечы свае далоні, і так мы стаялі, але ўжо не цесна, і глядзелі адно аднаму ў вочы спакойна, нават, можа, і холадна, бо ведалі: мы хацелі былі згарэць на імгненне ў адным агні — бо мы толькі дзеці, істоты адной вялікай Зямлі, толькі пакуль што — жывыя, хоць усе мы — усе! — і падбітыя, хто дзе і хто як... Мы знялі свае рукі з плячэй, адступіліся крыху, але былі ўсё яшчэ блізкія.