Выбрать главу

Я не адказаў — бо разумеў: Міхайла ведае, што з жураўлём. Ён хутка пайшоў між дрэвамі да свайго матацыкла...

Усю ноч не спалася, у палатцы было душна, я выйшаў у лес, сеў на цёплы мох пад ялінай. Густа пахла смалой, дзесьці далёка над Ясельдай грукацеў гром, і скрозь голле ажно сюды бліскалі маланкі, на руку мне зверху ўпала цяжкая, налітая смалой, шышка. Я падышоў да сасны, прыхінуўся спіной да яе ствала, кара была цёплая, вакол, калі забыцца на далёкі гром, стаяла глыбокая цішыня, такая цішыня, што чутно было, як дыхае побач мурашнік, як у гушчары ўстрапянулася крылцамі нейкая птушка і ўнізе ля маіх ног, у траве, нешта прабегла — напэўна, мышка, і толькі калі пад зоркамі нада мной, над дрэвамі праляцела жоўтая знічка, а голле ўтары глуха і коратка прашумела, стала світаць...

I пачаўся дзень — горкі, пакутлівы, шчаслівы, роспачны, і зноў шчаслівы, і зноў пакутлівы...

Як крыху развіднела, я пайшоў у глыб лесу. Было свежа, нават халаднавата, раса ўжо ўзбуйнела, пасінела — на траве, на кусціках ажыны, крушыны, на хваёвым падлеску, па голлях дрэў. Усё ў расе было і пер е жураўля — ён бокам ляжаў на замшэлым, гнілым, шырокім пні, адно крыло яго было зломлена і звісала з пня, другое складзена на ім, з пня звісалі і чорная галава, і чорныя доўгія ногі, цемя і патыліца чырванелі ў расе, вочы былі заплюшчаныя. Першае, пра што я падумаў: калі ён заплюшчыў вочы? Высока ўгары, у небе, як стаў падаць уніз, ці ўжо ўнізе, сутыкнуўшыся з пнём?.. Я ведаў: яшчэ больш развіднее, высахне раса — і па жураўлю, па яго заплюшчаных вачах, па дзюбе пабягуць мурашкі, бо вялікі мурашнік пад елкаю побач. А потым і на ўсяго птаха нахлыне плойма дробных і буйных мурашак, прылятуць сюды з выгану, з-пад Янковай сядзібы вароны, прыбягуць з вёскі сабакі, калі ўсіх іх не апярэдзіць ліс... У зямлю? Схаваць жураўАя ў зямлю? Чарвякі? Чарвякі ж і ў людскіх магілах... I я знайшоў пад дрэвам сухі востры сук, зняў ім кавалак дзёрну і — то суком, то проста рукамі — выкапаў неглыбокую ямку. Злажыў жураўлю крылы, паклаў яго ў зямлю і стаў засыпаць зямлёй, паціху засыпаць —далонямі. I ўбачыў: адно жураўлінае вочка вузенька, як праз шчылінку, скразіцца... I я ўспомніў тую вуліцу, тую цяжкую нашу з хлопцамі дарогу-вуліцу, калі мы неслі на ручніках у труне Пецю, нашага аднакласніка, і калі я на нейкае імгненне азірнуўся, трымаючы ручнік, то адразу ўбачыў: адно вока ў Пеці ў труне прыжмурана-прымроена і хітравата скразіць на мяне, на нас горка і светла, і праз тую шчылінку ў вачніцы быццам кажа: а куды ж вы мяне, хлопцы? а куды? і я ўсё бачу, усё ведаю, і вам ад мяне нікуды не дзецца... Але тое было даўно, ой як даўно, калі было семнаццаць і калі мы яшчэ не ўмелі плакаць над труной...

Засыпаў птушку зямлёй, палажыў зверху дзёран, прыціснуў яго рукамі, каб от так — р-раз! — і больш нічога няма — ні жураўля, ні мяне, нічога...

...Янко стаяў пад ялінай ля палаткі. Ружжо было прыстаўленае да дрэва. Сонца скрозь голле адным рашучым промнем біла палешуку ў вочы, але ён не жмурыўся і глядзеў мне ў вочы. Я быў перад ім. Ён трымаў свае рукі на клубах. Губы яго былі крэпка сціснутыя — ажно скура ў вугалках нервова перасмыкалася. Потым Янко апусціў галаву і ўжо глядзеў на мяне спадылба, зняў рукі з клубоў і скрыжаваў іх на вузкіх, худых грудзях. «Напалеон», — падумаў я, усміхнуўся, і сказаў:

   —  Добры дзень, Янко Іванавіч!

Ён не адказаў. Раптам сеў на мох, абхапіў далонямі твар і здрыгануўся плячыма. Я зразумеў: плача. Я падышоў да яго, стаў перад ім на калені.

   —  Янко!..

Ён маўчаў, плакаў бязгучна — аднымі плячыма.

   —  Янко!..

Я ўстаў з зямлі. Ён апусціў рукі з твару ў мох і знізу глядзеў мне ў вочы, па шчоках яго каціліся слязіны, падалі ў кусцік папараці перад ім. Я зноў сказаў, ціха, але сурова: