Выбрать главу

   —  Янко!..

I тады ён сказаў — знізу мне ўгару:

   —  Анатоль Хвэдоровіч... Учора... пізно... ныччу ўжо... участковы прыйшоў до мэнэ на ферму і хотіў мэнэ ўдарыты... але ны ўдарыў... пудняў руку і ны ўдарыў... Толё! Бый мэнэ! От я пырыд тобою на зымлі — бый мэнэ! Прошу, Толё! Анатоль Хвэдоровіч, прошу...

I Янко заплюшчыў вочы — быццам чакаючы майго ўдару. Ён быў упэўнены, што я ўдару яго. Але рука мая й не думала варухнуцца, толькі быў я збянтэжаны.

   —  Янко... Янко Іванавіч...

I ён раптам крыкнуў, крыкнуў на ўвесь лес, не расплюшчваючы вачэй, знізу, ад зямлі:

   —  Я буў сэксотом!

Здаля, з глыбі лесу данеслася сюды рэхам: «отом».

   —  Янко!..

Я моцна закрыў сваёй даланёй яму рот, але ён адарваў маю руку і яшчэ крыкнуў, ужо крыху цішэй:

   —  Буў! Буў!

«Уў! Уў!» — глуха данеслася з глыбі лесу.

Янко расплюшчыў вочы, яны былі поўныя слёз, стаў ціха гаварыць мне знізу:

   —  Тому шчо мэнэ колысь тут, у Боброўні, продалы... Я буў п’яны, ішоў ныччу дохаты і крыкнуў прыпеўку... сам прыдумаў: «Полюбыла Маня Ваню, а я Лёню Брэжнёго, одорвала Маня ў Вані, а я ў Лёні грэшного...» Назаўтрі мэнэ завэзлы до города. Трое суток трымалы ў каталажцы. I якраз у гэты дні ўмэр муй батько. I охвыцэр даў мэні ногою пуд зад і шчэ раз даў і крыкнуў: «Вон... твою маць!..» Я поховаў батька. За мною зноў прыіхалы і заволоклы до Городышча ў псіхбольніцу, на цілый рык. Здурыў там от тых вколыв... Выпустылы... I тогды я — я! — стаў доносыты... Праўда, оно ў міліцыю, участковым... А гэтою ночыю наш новый участковый хотіў мэнэ ўдарыты...

Правільно хотіў... Трэ було добрэ мэнэ збыты... Толё! Бы мэнэ! Бы!..

I ён зноў там, унізе, на моху, заплюшчыў вочы, чакаў. Дарэмна чакаў.

   —  Янко, устань.

Ён цяжка ўстаў з зямлі, пахіснуўся, але паспеў працягнуць руку да яліны, ухапіўся рукой за ствол, ступіў крок да дрэва, прытуліўся шчакой да кары. Так стаяў ён пад ялінай доўга і моўчкі, потым ціха сказаў:

   —  А дэ жороў?

Я адказаў:

   —  Янко Іванавіч, ты стаміўся, ты дужа стаміўся. То ідзі ў палатцы паляжы, адпачні.

Ён зноў — ціха, але настойліва:

   —  Дэ жороў?

   —  Я паказаў рукой у лес:

   —  Там.

   —  Праўда?

   —  Так. Там.

   —  Завэды. Покажы.

Ён адштурхнуўся рукой ад дрэва, зняў з галавы картуз і чамусьці кінуў яго на зямлю, пальцамі крыху расчасаў чорныя ўскудлачаныя валасы, пайшоў у падлесак. Я паціху ступаў за ім. Але ён раптам вярнуўся назад пад яліну, узяў ружжо і павалок яго за сабой. «Хай, хай сабе валачэ», — падумаў я, ідучы паперадзе. I раптам мне схацелася быць тут, во цяпер, у гэтым лесе, што паблізу канавы, якая нядаўна была рэчкай і якая ўпадае ў не дужа далёкую адсюль скалечаную Ясельду, — мне раптам схацелася быць жорсткім, схацелася адпомсціць... Але каму і за што адпомсціць, пакуль што не казаў сабе — бо й не думаў і не верыў: каму і за што?.. Так, схацелася быць жорсткім, і я спыніўся, павярнуўся да Янка і сказаў яму:

   —  Янко Іванавіч! Жораў да мяне прывык. А ўбачыць цябе — уцячэ. Дык ты не йдзі, а ціха-ціха паўзі. Ружжо я панясу. Давай! А там — возьмеш ружжо. Ну!..

Янко нават і не раздумваў — працягнуў мне ружжо, сеў на зямлю, выпрастаўся на ёй тварам уніз і — па імху, па шыгаллі, па сухіх калючых шышках і вострай траве — папоўз уперад. Я йшоў за ім і над ім.

Было ўжо апоўдні. Сонца так нагрэла сосны і елкі, што ўвесь лес зыходзіў, патыхаў смалой, а шчокі і шыя Янка ўспацелі, але ён упарта і бяздумна, — так ужо яму наканавана лёсам, — поўз уперад. Пад ім трэскаліся сухія галінкі, і я сказаў яму:

   —  Янко Іванавіч, цішэй. Паўзі спакойна і глядзі перад сабой.

Ён, паўзучы, азірнуўся на мяне і кіўнуў галавой, маўляў, разумею. I раптам крыкнуў:

   —  Ой, Толё!..

Янко ўпёрся рукамі ў мох, адхіснуўся галавой назад — якраз перад шырокім, чорным і гнілым пнём. Я падышоў да Янкавай галавы і жахнуўся: з-пад пня, з цёмнай норкі тырчэла маленькая, нерухомая галоўка змейкі-мядзянкі і з роту яе білася-калацілася, калола паветра голка — тоненькі, ледзь бачны язычок. Змейка жоўтымі вочкамі-кропелькамі глядзела на чалавека. А чалавек знерухомеў, і вочы яго — напэўна, ад жаху-страху, здаецца, нічога не бачылі, нічога — акрамя шырокага чорнага пня. Але Янко разумеў: перад ім — мядзянка. Шыя, лоб, шчокі, нос — усё ў яго ўспацела. I Янко кінуў свой твар у мох, зарыўся ў ім ілбом, вачыма, носам, падбародкам, і, як аднекуль з глыбіняў зямлі, крыкнулася глуха і адчайна:

   —  То-олё! Ратуй!

Не думаючы, што раблю і што з гэтага выйдзе, я рынуўся на пень і з усяе сілы, з размаху ўдарыў у яго, і ён рассыпаўся, ад яго ашлюцця ўзняўся чорны пыл, зняўся і паволі апаў на мох, на папараць, на Янкову патыліцу, на мае рукі і ногі. Мядзянкі нідзе не было. I ўсё вакол, нарэшце, супакоілася: трава, мох, галава Янка ў ім, — ён паціху прыўзняў яе — голле дрэў над намі, падлесак, мурашы ў раскіданых аскялепках пня, увесь лес. Толькі сарока недзе зусім блізка стракатнула і паляцела, лапочучы крыллем, — паляцела разнесці ўсяму лесу, усяму свету: во, адзін поўз, другі йшоў, і той, каторы йшоў, біўся з пнём, а той, каторы поўз, плакаў.