Выбрать главу

249

I тады Янко зноў папоўз, і я — за ім і над ім — пайшоў далей па лесе. Янко нервова выкідваў уперад рукі, адштурхоўваўся ад зямлі, нагамі, сіняя кашуля на локцях і чорныя штаны на каленях у яго сталі зялёнымі, кроплі поту з твару яго падалі ў мох, ён цяжка дыхаў, але ўпарта поўз і поўз уперад. Мне было шкада Янка, але ў думках я казаў яму: паўзі, паўзі, чалавеча, гэты дзень табе запомніцца на ўсё тваё астатняе жыццё, і не я тут цябе сёння пакараў — гэта Бог цябе карае, я толькі выконваю Божую волю... Я жорсткі сёння з табой, Янко, жорсткі... можа, нават, сёння я твой кат, але так трэба, Янко, трэба, каб ты запомніў гэтае сваё поўзанне, запомніў на ўсё астатняе сваё жыццё... хоць я й сам шмат у чым вінаваты і шмат награшыў, і таму й мне трэба было б упасці ў гэтым лесе на зямлю і паўзці побач з табой, ці за табой, ці перад табой, але ты ведаеш, куды паўзеш — да жураўля, да той, падбітай птушкі, а я не ведаў бы, куды паўзу, я толькі ведаў бы, чаго паўзу — каб пакаяцца... ты ж таксама, Янко, паўзеш, каб пакаяцца, праўда?.. ну, то добра, паўзі і — даруй мне, даруй мне за мой здзек з цябе... Мне было шкада Янка, але я ціха сказаўяму:

   —  Янко Іванавіч, сухія галінкі трэскаюцца пад табой, паўзі цішэй, асцярожней, яшчэ метраў дваццаць...

Ён спыніўся і азірнуўся на мяне — з нейкай дзіцячай радасцю ў вачах і з адчуваннем нейкай перамогі. Перамогі нада мной? Ці скорай і канчатковай перамогі над жураўлём?.. Я не сцярпеў гэтага позірку і амаль загадаў:

   —  Паўзі!

I Янко папоўз далей — цішэй і асцярожней. Я прайшоў яшчэ колькі крокаў за ім і сказаў:

   —  Стой.

Янко спыніўся, павярнуўся на бок і, глянуўшы на мяне, прыціснуў палец да губ: маўляў ціха. Потым ён доўга ўзіраўся перад сабой — і між высокай травы, між папараці, між кусцікаў ядлоўцу і вецця падлеску нічога не бачыў ніякага таго жураўля. Я стаяў побач над ім, ля самай яго галавы. Ён нецярпліва тузануў мяне за штаны:

   —  Дзе?

Я — зычна:

   —  Тут!

Ён — ужо таксама зычна:

   —  Дзе тут?!

Я:

   —  Твае рукі на ім.

Ён адштурхнуўся рукамі ад зямлі, сеў і здзіўлена, недаўменна глядзеў на мох перад сабой, потым падняў вочы на мяне, і ў гэтых вачах стаяў жах, яны, яго вочы, быццам крычалі: што вы ўсе робіце мяне дурнем!..

Тады я нахіліўся, рашуча адкінуў яго рукі ўбок і адарваў ад зямлі дзёран — агаліўся шэры пясок, і я — ужо спакойна — сказаў:

   —  Тут.

Янко ўсё зразумеў. Ён імгненна падхапіўся на ногі, вырваў з маёй рукі ружжо, утыркнуў яго дулам у шэрую зямлю, націснуў на курок. Выстрал прагучаў глуха, як з-пад зямлі, і мы ўсе — Янко, я, трава, ядловец, падлесак, сосны і елкі побач — стаялі ў густой шэрай-шэрай хмары, у хмары з шэрага пяску і дыму. Потым гэтая хмара асела долу, і я вырваў ружжо з рук аслупянелага, і як напраўду здурнелага, Янка і з усяе сілы грохнуў ружжом аб ствол яліны. Аскялепкі разбітага прыклада нябачна — бо то было імгненне — развярнуліся па-за ствалом і, бумерангам, ударылі мне па нагах. Потым я падышоў да ялінкі. Янко стаяў на каленях перад ёй і чорнымі пальцамі рваў зямлю і кідаў яе на шэрае і чорнае пер е і на чорную дзюбу — яна тырчала з зямлі і была крышачку раззяўленая, і яшчэ на нас глядзела адно паўрасплюшчанае вочка, і тое вочка быццам прашаптала: за што ж вы мяне, людзі?.. I яшчэ з шэрага пяску тырчэла маленечкае чырвонае перыйка, і я не ведаў, чаму яно чырвонае: ці ад крыві, ці таму, што яно — з цемені. Ад прыроды ў жураўлёў перыйка на цемені — чырвонае.

Мы разам, моўчкі, засыпалі ямінку зямлёй, я палажыў дзёран зверху, прыціснуў яго рукамі. Янко намерыўся быў прытаптаць яго нагой, але перадумаў, стаяў моўчкі, потым падняў галаву ўгору і прашаптаў:

   —  Даруй мэні, господі...

Потым мы пайшлі — я паперадзе, ён за мной...

Я выйшаў да яго з палаткі — з рукзаком і плашчом у руцэ.

   —  Во табе, Янко Іванавіч, грошы на новае ружжо.

Ён не ўзяў грошы:

   —  Не!

   —  Янко Іванавіч, забярэш палатку сабе. Бывай! Будзь здаровы!

Ён маўчаў. Я павярнуўся ад яго і хутка пайшоў з лесу, міма майго пня,

на дарогу. Там, на новым і ўжо вышчарбленым асфальце, я азірнуўся на лес: ён глуха шумеў і нікога ў ім не было відно. Толькі высока плыла на яго хмара, апускалася ніжэй, а дзесьці дал'екавата, па-над Ясельдай, грымела. I я ведаў: там, у лесе, стаіць ці сядзіць на імху пад сасной Янко і — плача, абшчапіўшы твар худымі, чорнымі далонямі...