А пакуль што чую: на сваіх падворках, пад павецямі, дзядзькі кляпаюць косы. Кляпанне звонкае, бо — жалезам па жалезе, і яго, напэўна, чуе ўсё мястэчка. А яшчэ ўдарылі ў свае званы царква і касцёл — на гары ў цэнтры мястэчка, між старых высокіх клёнаў і ліп. Але зазванілі яны не разам: спачатку — касцёл, потым — царква. I як толькі ўдарыў царкоўны звон, дзядзька Сцяпан перастаў кляпаць пад сваёй павеццю. I я ведаю, што ён перахрысціўся. А малаток дзядзькі Восіпа не пераставаў стукаць па касе ні пад касцельны, ні пад царкоўны звон. Толькі крышку быў аціхнуў стук жалеза пад Восіпавай павеццю на пачатку касцельнага звону — ну, крышку, на якія паўхвіліны, можа. На покуце ў хаце дзядзькі Сцяпана стаяла ікона, яна была ахінутая белым ручніком, і ля яе, на дошчачцы, у шклянцы стаяла свечка з жоўтага воску. У царкоўныя святы, вечарам, дзядзька Сцяпан запальваў свечку. Ён стаяў перад іконай, шаптаў нешта і намаляванаму Богу, а ў цёплай хаце пахла воскам. У хаце ж дзядзькі Восіпа ніякай іконы не было і воскам не пахла. Аднойчы, калі я прыехаў на зімовыя канікулы да дзядзькоў, на каляды, дзядзька Сцяпан лёгка паклаў на галаву мне сваю шурпатую, але цёплую далонь, сказаў: «Васілёк, хлопчык мой, ведай: ты хрышчоны. Гэта я цябе, малога, узяў ды і завёў да бацюшкі. Маці і бацька твае не ведалі пра тое. А яны ж былі хрышчоныя. Толькі бацьку твайго, а гэта ж мой брат, хрысцілі ў царкве, а маці, Восіпаву сястру, — у касцёле. Так што ты, Васіль, праваслаўны хрысціянін. Памагай табе Божа». 3 усяго сказанага тады дзядзькам Сцяпанам мне найбольш спадабалася, што я — ужо Васіль. Тады ж мне здалося, што я ажно падрос пад шурпатай дзядзькавай далонню. I тады ж, перад тым як сказаць, што я праваслаўны хрысціянін, дзядзька Сцяпан яшчэ сказаў, што хаця мае бацька і маці былі хрышчоныя, яны ж былі калісьці яшчэ і піянерамі, і камсамольцамі. «А потым сталі...» Дзядзька не скончыў казаць, кім яны потым сталі. Але я і так ужо ведаю... I таму цяпер во думаю сабе: а я мог бы быць і добрым піянерам, і добрым камсамольцам. Але цяпер так нікога не называюць ні ў мястэчку, ні ў горадзе, ні ў школе-інтэрнаце. Адно чуў, што такія некалі былі. Неяк дзядзька Сцяпан доўга капаўся ў сваім вялізным, размаляваным кветкамі, драўляным куфры і, нарэшце, дастаў з самага дна нейкія паперы, а паперы тыя былі загорнутыя ў пажоўклую газету, і на газеце той я ўбачыў зверху два словы: «Піянер Беларусі». Дзядзька трымаў у руках газету, маўчаў, як бы нешта ўспамінаў, потым ціха сказаў: «Во, Васіль, газета... даўно ўжо тое было, пасля вайны... маці маю, тваю бабу, падпісалі на дзяржаўную пазыку, а мяне ў школе — на гэтую газету. Грошай у хаце ніякіх не было, дык маці прадала на базары ў мястэчку парасятка, аддала тую пазыку і кінула мне ў кішэнь нейкія капейкі на газету. А на хлеб у хаце не засталося ні капейкі. Ну, дык во тая газета... Піянеры, камсамольцы... гэта таксама як веруючыя, як хрысціяне, але ўсе нейкія як скрыўленыя галавой... О-го-о, я, бывала, у піянерскім страі як грымну сваім барабанам, дык усе вароны за мястэчка ўцякаюць... Ого-о, як я барабаніў!»
Кляпаць пад павецямі скончылі. На дзядзькавых падворках сціхла. Толькі млява там квохчуць куры. Але во, рыпнулі дзверы. На тым баку нашага завулка, у маім двары, пад сцяной маёй хаты забразгатаў калодзежны ланцуг, нехта зачарпнуў вядром вады. Некалі, як я быў яшчэ зусім малы, над калодзежам стаяў «журавель». Калі хто браў ваду, я ціха падкрадваўся ззаду, з-за куста бэзу, чапляўся аберуч за драўляны хвост «жураўля», хвост падымаў мяне ўгору, але я хуценька расчапляў рукі, падаў уніз на траву і поўз за куст. Калі ваду браў дзядзька Сцяпан, тады за кустом я чуў: «Ой, і дам я табе, Васілёк, папружкай па с...цы!» Калі ж браў ваду дзядзька Восіп, то ён ішоў да мяне за куст, я ляжаў на зямлі тварам у траву, дзядзька стаяў нада мной, потым ціха, каб ніхто не бачыў, казаў мне зверху ў спіну: «Нягоднік», — і адыходзіў. Таму, калі ён кліча мяне ў сваю хату есці, рэдка іду да яго за стол, чакаю, пакуль вернецца адкуль-небудзь дзядзька Сцяпан. А хаты іхнія — па суседстве, праз плот. Мая хата, я ўжо казаў, насупраць, праз завулак. Хаты свае дзядзькі абклалі белай цэглай. Сцены ж маёй хаты — счарнелае сасновае бярвенне, і ніжні вянец падгніў; хата прасела, згорбілася, як мая суседка Матруна, адно што не абапіраецца, як баба, на кіёк. Затое проста ля майго акна стаіць бяроза, тоўстая і высокая. Яна ўжо даўно не расце, я так думаю. Няма ўжо ёй куды і як расці. Тоўстыя галіны яе — і жывыя, зялёныя, і сухія — распасціраюцца над усёй хатай і над усім падворкам. Вершаліны ў маёй бярозы няма, бо там, далёка ўгары, на яе звужаны ствол даўно, калі мяне, як казаў дзядзька Сцяпан, яшчэ і на свеце не было, гаспадар гэтай хаты Лейба і яго сын Шлёмка ўздзелі шырокае, з воза, кола, і буслы зладзілі на ім сабе гняздо. Але я ні разу не бачыў і не чуў буслоў на гэтым гняздзе. Ды і па ўсім мястэчку бусліныя гнёзды пустыя. Дзядзька Сцяпан сказаў мне: «Быў такі цар Мікіта. Тоўсты, кароткі і лысы. Дык ён узяў ды і асушыў усе балоты. I вакол мястэчка нашага — усе-ўсе. I тады прапалі жабы, а за жабамі зніклі і буслы... Ого-о, якая глыбокая была нашая рэчка да той асушкі. Добра, што хоць не спрамілі берагоў яе і не выкарчавалі алешніку і ракітніку над ёй. Во баба Матруна, хоць і глядзіць адно пад ногі сабе, але кажа, Васілёк, што калі не балоты, дык балотцы вернуцца, і жабы вернуцца і ўсякія казюркі, і птушкі наляцяць у нашыя лясы, кусты і сады, і буслы будуць, кажа, клекатаць у гнёздах над хатамі, бо, як кажа Матруна, вернецца вада». Дзядзька Сцяпан усміхнуўся мне і сабе ў рыжыя вусы, паклаў руку мне на галаву, другую руку падняў над сабой і выставіў угору вялікі палец і не ўсміхаўся ўжо, а сцішаным голасам і неяк сурова-сурова, можа і пагрозліва, сказаў: «Дасць Бог — вернецца вада! Бо ўсе мы, Васілёк, усё жывое выйшла з вады!» Калі ён гэтак казаў, мы з ім стаялі на яго падворку, ля горкі наколатых дроваў. Скончыў гаварыць, апусціў рукі долу, потым сеў на калоду і раптам зарагатаў, захлёбваўся ад рогату і казаў: «А ў таго цара Мікіты... га-га-га... ля кірпатага носа... га-га-га... такая вялізная тлустая бародаўка, рыхтык бы ў мяне, га-га-га!..» Сапраўды, у дзядзькі Сцяпана ля носа, а нос яго — бульбінай, ляпілася ладная рудая бародаўка, а з яе расла доўгая сівая валасіна.